Пошук новых рэзерваў

На трэцім тыдні вайны з Украінай перад Расеяй стала сур’ёзная праблема. Яе вайсковыя рэсурсы, якія здаваліся невычэрпнымі, пачалі скарачацца з прычыны вялікіх стратаў. Гэта датычыць і людзей, і тэхнікі. Акрамя таго, стала ясна, што 200 тысяч чалавек, засяроджаных на мяжы Украіны да пачатку вайны, – відавочна недастаткова, каб зламаць украінскі супраціў.

Папоўніць страты тэхнікі расейскаму камандаванню не проста, але ўсё ж лягчэй, чым папаўняць шэрагі вайсковай групоўкі жывой сілай. Праблемы з якасцю асабістага складу для армейскага начальства сталі відавочнымі яшчэ напярэдадні вайны. Нармальных дарослых мужчынаў-кантрактнікаў у частках не хапала, ды і ўся шматгадовая рэформа для стварэння «высокамабільнай прафесійнай арміі» аказалася фэйкам і бутафорыяй. Адсюль масавае гвалтоўнае перапісванне салдатаў тэрміновай службы на кантракт з наступнай іх адпраўкай на фронт.

Hавiны
Кадыраў пацвердзіў, што прыехаў ва Украіну. Арэстовіч паабяцаў яго знішчыць
2022.03.14 11:15

Але цяпер трэба яшчэ больш салдатаў, бо растуць страты, расцягваюцца камунікацыі, ускладняецца лагістыка. А наперадзе штурм мноства буйных украінскіх гарадоў, у тым ліку мегаполісаў-мільённікаў.

Даследнікі з «Conflict Intelligence Team» (CIT) 8 сакавіка паведамлялі, што праз тэрыторыю Беларусі ў напрамку мяжы з Украінай па чыгунцы перакідваюцца новыя вайсковыя часткі і тэхніка. Эшалоны ішлі з Пскоўскай вобласці, дзе дыслакуецца 104-й гвардзейскі дэсантна-штурмавой полк 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі.

«Раней мы ўжо назіралі перакідку падраздзяленняў гэтай дывізіі да мяжы з Украінай, аднак тады, мабыць, на базах у Пскоўскай вобласці засталіся нейкія рэзервы, якія цяпер перакідваюць на дапамогу патрапаным расейскім часткам», – паведамляе CIT.

Фіксуецца таксама перакідка ва Украіну расейскіх падраздзяленняў міратворчых сілаў з Нагорнага Карабаху. Гэтыя войскі можна назваць элітнымі на фоне агульнага нездавальняльнага стану арміі РФ. Тое, што Масква аслабляе групоўку ў палітычна важным для яе выбухованебяспечным Карабахскім рэгіёне, сведчыць аб скрайняй сур’ёзнасці цяперашніх ваенных праблемаў ва Украіне.

Вайсковыя эксперты адзначаюць, што перад вайной ля межаў з Украінай было засяроджана 120–125 батальённых тактычных групаў расейскай арміі, што складае 3/4 з наяўных 168 групаў. «Такім чынам, Расея тэарэтычна ў стане, не абвяшчаючы мабілізацыі, перакінуць ва Украіну яшчэ каля 40 падобных падраздзяленняў, хоць да баявых якасцяў гэтых рэзерваў ёсць заканамерныя пытанні», – кажуць аналітыкі CIT.

«Добраахвотнікі» ад Башара Асада

Але, мяркуючы з усяго, 40 свежых батальённых тактычных групаў будзе недастаткова для працягу наступу на асноўных кірунках. Хутчэй за ўсё, менавіта таму Уладзімір Пуцін загаварыў пра «добраахвотнікаў з Блізкага Усходу», якім неабходна «дапамагчы перабрацца ў зону баявых дзеянняў». Пры гэтым Сяргей Шайгу ў размове з Пуціным удакладняе, што гаворка ідзе пра «велізарную колькасць заявак» «з розных краін», а з Блізкага Усходу гатовыя паехаць ваяваць ва Украіну аж 16 тысяч чалавек.

Пад «добраахвотнікамі» разумеюцца вайскоўцы сірыйскіх сілавых структураў і баевікі мясцовых праўрадавых парамілітарных фармаванняў. Гэта значыць, прыхільнікі рэжыму Башара Асада, які быў выратаваны ад зрынання ў 2015 годзе дзякуючы расейскай інтэрвенцыі, і з таго часу застаецца ва ўсебаковай залежнасці ад Масквы.

Канал «Звезда», які кантралюецца Мінабароны РФ, ужо паказаў кадры з сілавікамі Асада, якія размахваюць сцягамі РФ. Яны выказваюць гатовасць ехаць ва Украіну «біцца з нацыстамі». На мундзірах у гэтых вайскоўцаў бачныя нашыўкі Сірыйскай рэспубліканскай гвардыі – элітных падраздзяленняў рэжыму Асада.

Данецк, Украіна. 22 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Зрэшты, пра ўсе сілавыя структуры сірыйскага рэжыму даўно ідзе дурная слава – не толькі з прычыны жорсткага стаўлення да свайго народу, але і з-за вельмі нізкай баяздольнасці. Асноўнай ударнай сілай у барацьбе супраць паўстанцаў і ісламістаў былі не сірыйскія вайскоўцы, а расейскія ВКС, найміты-вагнэраўцы, падраздзяленні «Хізбулы» і іранскія «проксі» з Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Вербаванне «добраахвотнікаў» для адпраўкі ва Украіну вядзецца і сярод праасадаўскага рушэння, прычым як мінімум з пачатку сакавіка. Спісы складаюцца ў гарадах Тартус, Лятакія, Дар’а, ас-Суўайда, у правінцыі Хама, у прадмесцях Дамаску. «Коммерсантъ» са спасылкай на арабскую газету «Аш-Шарк аль-Аўсат» (Asharq Al-Awsat) піша, што пахоплівай арганізацыяй «мерапрыемстваў у падтрымку Расеі» і вярбоўкай баевікоў займаюцца лідары праасадаўскага рушэння і прадстаўнікі сірыйскай хрысціянскай супольнасці, лаяльнай дамаскаму рэжыму. Палявыя камандзіры атрымліваюць за кожнага завербаванага ўзнагароджанне.

Штрафбаты ад ПВК Вагнэра

Яшчэ адно сведчанне адчайнага пошуку чалавечых рэсурсаў – новая вербавальная кампанія ў расейскім асяроддзі наёмнікаў.

Агенты розных ПВК вербавалі людзей для «місіяў на Данбасе» яшчэ ў канцы 2021 года, але многія найміты не былі задаволеныя ні фінансавым бокам пытання, ні расплывістым фармуляваннем задач. Хто прызвычаіўся да лёгкіх грошай падчас афрыканскіх місіяў, зусім не жадаў ваяваць з рэгулярнай украінскай арміяй, прадбачачы цяжар такіх баёў і маштабы стратаў.

Данецк, Украіна. 22 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Цяпер наймітаў зазываюць ва Украіну яшчэ больш актыўна. Паводле звестак «Бі-Бі-Сі», вербавальнікі знялі абмежаванні, якія існавалі ў той жа ПВК Вагнэра. Перашкодай больш не з’яўляюцца ні запазычанасці па лініі ФССП, ні адсутнасць замежнага пашпарта, ні адсутнасць даведкі аб несудзімасці. Калі ў 2021 годзе ў ПВК Вагнэра фактычна існавала забарона на працаўладкаванне для жыхароў «ДНР–ЛНР» і нават Крыму, то цяпер усе перашкоды знятыя. Вербавальнікі абяцаюць вырашыць праблемы нават былым «вагнэраўцам», звольненым раней з ПВК за якія-небудзь правіны і парушэнні. Фактычна сапраўды – «бяруць усіх».

Пры гэтым эксперты, якія вывучаюць ПВК, адзначаюць, што гаспадары «Вагнэра» на справе не вельмі хочуць дапамагаць Міністэрству абароны РФ, якое завязла ва Украіне. Цяперашняя вярбовачная кампанія – гэта толькі набор «гарматнага мяса», якое не шкада спаліць у пекле ўкраінскай вайны. А «кадравыя» падраздзяленні ПВК Вагнэра працягваюць пакуль працаваць у Афрыцы – гэта значыць там, дзе гэта прадугледжана міжнароднымі кантрактамі.

Раман Папкоў, спецыяльны карэспандэнт «Вот Так» у Кіеве/ІР