Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што Расея можа пачаць штурм буйных украінскіх гарадоў


Падчас прэс-канферэнцыі 14 сакавіка прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што буйныя гарады ва Украіне спачатку не планавалі штурмаваць, але цяпер не выключаюць такога варыянту, паведамляе «Интерфакс».

Дзмітрый Пяскоў.
Фота: Reuters

Паводле Пяскова, такое рашэнне было прынятае «ў сувязі з тым, што ўзброеныя нацыяналістычныя фармаванні абсталёўваюць агнявыя пункты, размяшчаюць цяжкую вайсковую тэхніку проста ў жылых кварталах».

Цяпер жа Расея «пры запэўніванні максімальнай бяспекі мірнага насельніцтва не выключае магчымасці пастаноўкі пад поўны кантроль буйных населеных пунктаў, якія сёння і так практычна знаходзяцца ў атачэнні, за выключэннем зонаў, якія выкарыстоўваюцца для гуманітарнай эвакуацыі». Таксама ён дадаў, што Расею да штурму буйных гарадоў Украіны нібыта падштурхоўваюць «найвышэйшыя службовыя асобы ЗША і ЕЗ з мэтай ускласці на Расею адказнасць за гібель мірных грамадзянаў».

«Аперацыя была спланаваная менавіта з улікам гэтай акалічнасці», – сказаў Пяскоў.

На пытанне аб тэрмінах заканчэння «спецыяльнай аперацыі» Расеі ва Украіне прэс-сакратар прэзідэнта РФ заявіў, што яны не агучваюцца. Пры гэтым ён адзначыў, што «ўсе планы расейскага кіраўніцтва будуць рэалізаваныя ў зацверджаныя раней тэрміны ў поўным аб’ёме».

Таксама Пяскоў заявіў, што Расея не прасіла вайсковай дапамогі ў КНР для працягу аперацыі ва Украіне. «Расея мае самастойны патэнцыял для працягу аперацыі», – заявіў ён.

Раней, паводле інфармацыі амерыканскіх медыяў са спасылкай на афіцыйных асоб ЗША, Расея папрасіла Кітай даць ёй ваенную тэхніку і падтрымку ў вайне з Украінай. Прадстаўнік МЗС Кітаю Чжаў Лі Цзянь назваў дэзынфармацыяй паведамленні аб такой просьбе.

Аналітыка
Вагнэраўцы і баевікі Асада. Як Расея спрабуе аднавіць людскія страты, панесеныя ва Украіне
2022.03.14 15:53

АД belsat.eu

Стужка навінаў