Марціновіча і Скурко з «Нашай Нівы» хочуць пасадзіць на 2,5 года


Пракурор патрабуе два з паловай гады калоніі кіраўнікам «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко. Пра гэта паведамляе выданне.

Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч.
Фота: Наша Ніва / Telegram

Справу разглядаюць у судзе Заводскага раёну Менску.

Рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той жа дзень затрымалі Андрэя Дынько, галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя», звязанага з «Нашай нівай», але яго вызвалілі 21 ліпеня пад падпіску аб яўцы. Спачатку ішлося аб справе паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Але, як абвясцілі на судзе, Скурко «паводле папярэдняй змовы» з Марціновічам і Дынько «з карыслівых памкненняў, меўшы задуму на нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу» з траўня 2017 года да чэрвеня 2021 года плаціў за камунальныя паслугі як за кватэру, паводле субсідаваных тарыфаў, а не як за офіснае памяшканне рэдакцыі, з «поўнай кампенсацыяй выдаткаў».

Шкоду налічылі «Менскэнерга» на 9866 руб. 20 кап., «Менскводаканалу» – на 250 руб. 70 кап. Гэта перавысіла 348 базавых велічыняў – таму «злачынства» кваліфікуюць як здзейсненае «ў буйным памеры».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў