Генералы NАТО: Камп'ютарныя разлікі паказвалі, што Расея пераможа за 3–4 дні


Не толькі Масква, але і краіны NАТО недаацанілі прафесіяналізм і баявы дух украінскага войска і цэлай нацыі, адзначаюць найвышэйшыя прадстаўнікі генералітэту заходніх краінаў.

«Камп’ютарныя разлікі прагназавалі, што Расея пераможа за 72–96 гадзінаў», – адзначыў камандуючы Корпусам марской пяхоты ЗША генерал Дэйвід Бэргер (David H. Berger) падчас канферэнцыі, якая адбылася 11 сакавіка.

Пашкоджаная расейская вайсковая тэхніка ў Харкаве, Украіна. 5 лютага 2022 года.
Фота: Міністэрства абароны Украіны

Недаацанілі ўкраінцаў

Як мінімум з 2014 года расейская прапаганда малявала Украіну цалкам карумпаванай недадзяржавай, а яе войска – небаяздольным і з нізкім баявым духам. Усё ўкраінскае палівалі брудам.

«Расея недаацаніла сілу ўкраінскага супраціву перад пачаткам агрэсіі, што, відавочна, стала прычынай тысячных стратаў з расейскага боку», – цытуе «Associated Press» выступ афіцыйнага прадстаўніка амерыканскай выведкі ў камітэце выведкі Палаты прадстаўнікоў ЗША.

З 2014 года ўкраінскія сілавыя структуры праводзілі кардынальнае рэфармаванне, яны павялічыліся, сотні тысячаў чалавек атрымалі досвед службы і рэальны досвед вайны на Данбасе. Яны сталі вялікай матываванай сілай, якая мае апірышча ў выглядзе масавага падтрымання насельніцтва.

Данецк, Украіна. 28 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

«Ён (Пуцін) быў упэўнены, што мадэрнізаваў сваё войска, і што яно здольнае на хуткую рашучую перамогу з мінімальнымі стратамі. Ён памыліўся ў абодвух выпадках. Гэтыя разлікі за апошнія дні прадэманстравалі поўную памылковасць», – заявіў дырэктар Сі-Ай-Эй Ўільям Бэрнз (William J. Burns).

Змены, якія адбыліся за 8 гадоў пасля агрэсіі РФ супраць Украіны ў Крыме і на Данбасе, былі недаацэненыя і расейскай прапагандай, і расейскім вайскова-палітычным кіраўніцтвам. Адначасова расейцы верылі ў міф пра надзвычай высокі ўзровень арганізацыі, падрыхтоўкі і ўзбраення арміі РФ, якая нібыта лёгка зломіць супраціў Збройных сілаў Украіны.

Лагістыка – для прафесіяналаў

Расейскую бранятэхніку і аўтатранспарт знішчаюць украінскія ваяры. Але праблемы ўзнікаюць і з палівам, з харчаваннем для жаўнераў (ёсць сведчанні, што акупанты пачыналі з запасам ежы на 2–3 дні), з неадэкватным тэхнічным абслугоўваннем.

Ёсць відэа, на якіх расейскія жаўнеры рабуюць украінскія харчовыя крамы – і прычынай гэтага можа быць не толькі ўсёдазволенасць, але і голад, бо машыны тылавога забеспячэння засталіся ў шматкіламетровых заторах.

«Мы часта любім казаць, што аматары вывучаюць тактыку, а прафесіяналы – лагістыку, і мы бачым, як гэта даказваецца на нашых вачах», – сказаў начальнік Генштабу Арміі ЗША генерал Джэймз МакКонвіл (James C. McConville).

«Калі вы збіраецеся адпраўляць войска ў паход, праводзіць баявыя аперацыі, калі не працуе лагістыка, то ў вас няма паліва, запасных дэталяў, не хапае боепрыпасаў, тады гэтыя баявыя машыны нічога не каштуюць. Яны проста спыняюцца на ўзбочынах і не ваююць», – дадаў ён.

«Бездараж, няякаснае абслугоўванне апонаў, празмерная колькасць транспарту на дарогах і недахоп паліва ізалявалі вялікую частку гэтай калоны расейскага войска ад яе тылу… Улічваючы тэмпературу і выкарыстанне сродкаў сувязі, у іх і акумулятары селі», – разважае Трэнт Тэленка (Trent Telenko), экс-працаўнік Мінабароны ЗША, пра адну з калонаў арміі РФ, якая рухалася ад беларускай мяжы да Кіева.

Украінцы працягваюць лятаць і збіваць расейцаў

Праблема маскоўскага войска не ў тым, што яно тэхналагічна састарэлае – тыя ж самыя савецкія комплексы супрацьпаветранай абароны «працуюць даволі добра, калі на іх ваююць украінцы», іранічна адзначыў генерал Марк Келі (Mark D. Kelly), камандуючы Баявога авіяцыйнага камандавання ЗША.

Мітынг супраць вайны ва Украіне каля расейскай амбасады ў Варшаве, Польшча. 27 лютага 2022 года. Надпіс на малюнку – забойца.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На думку генерала Келі, войска РФ не прызвычаенае да ваеннага канфлікту на тэрыторыі, дзе існуе сістэма супрацьпаветранай абароны ды іншых сродкаў падтрымання арміі. Маскоўскае войска апынулася на варожай тэрыторыі, дзе яно не можа атрымаць поўнага кантролю ані ў паветры, ані на зямлі – і гэта для расейцаў нязвыкла і дыскамфортна.

«Што, калі вашая армія арганізаваная, натрэнаваная і экіпаваная для таго, каб ваяваць ва ўмовах панавання ў паветры, і зусім не гатовая ваяваць без гэтага?» – дадаў Келі.

Чакалася, што Масква знішчыць усю ўкраінскую авіяцыю і запануе ў паветры ў першыя ж гадзіны вайны, аднак гэтага не сталася. Украінскія самалёты, у тым ліку беспілотнікі, змагаюцца з праціўнікам дагэтуль.

«Людзям падаецца, што інтэграваная супрацьпаветраная абарона (СПА) – гэта як сцяна, праз якую немагчыма прайсці. А яе можна абысці, а можна і прайсці наскрозь. Варожую СПА можна здушыць агнём, можна іншымі спосабамі», – разважае начальнік Генштабу арміі ЗША генерал Джэймз МакКонвіл.

Нацыяналізм, баявы дух і ініцыятыва

Расея мае мільённую армію, у некалькі разоў большую, чым украінская, амаль у 10 разоў большы вайсковы бюджэт, аднак гэтую перавагу ў значнай ступені кампенсуе супраціў акупантам з боку цэлай шматмільённай украінскай нацыі.

Камп’ютарныя разлікі не паказваюць і не могуць адлюстраваць волі ўкраінцаў да абароны сваёй радзімы, кажа генерал Дэйвід Бэргер.

«Дысцыпліна, якасць кіраўніцтва, баявы дух – усяго гэтага не пакажаш праз камп’ютарныя мадэлі. Яны могуць улічваць колькасць той ці іншай зброі. Але яны не могуць растлумачыць, чаму Украіна дагэтуль трымаецца», – дадаў Бэргер.

«Мы павінны разумець, што на вайне дзейнічае чалавек. Усе на свеце тэхналогіі дазваляюць Расеі перамагчы, але яны не замяняюць чалавека», – робіць выснову камандуючы Корпусам марской пяхоты ЗША.

Hавiны
Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што Расея можа пачаць штурм буйных украінскіх гарадоў
2022.03.14 15:47

АБ belsat.eu

Стужка навінаў