«Абараняючы цяпер Украіну, я абараняю і Беларусь». Чаму беларускія дактары застаюцца працаваць ва Украіне


Колькі беларускіх лекараў абараняюць Украіну, ніхто не ведае. Такой статыстыкі няма. Мы пагаварылі з Анастасіяй, якая працуе ў тэрытарыяльнай абароне, і Станіславам, які працягвае апераваць пад гукі паветранай сірэны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адэса, Украіна. 8 сакавіка 2022 года.
Фота: BULENT KILIC / AFP / East News

Анастасія, Кіеў

Анастасіі 28 гадоў, яна працуе медыкам у тэрытарыяльнай абароне Кіева. Распавядаць, дзе яна цяпер, паказваць сваё фота і называць прозвішча ёй нельга. Для размовы са мной яна некалькі дзён чакала дазволу са штабу. Размаўляем увечары, калі Наста на працы – працоўны дзень не менш за 10 гадзінаў. І ніякіх выходных.

«Гэта пякельны псіхалагічны гвалт»

«Пакуль я навучаю першай дапамозе ў баявых умовах. Калі пачнуцца баі, буду надаваць дапамогу побач з агнявым пунктам. Цяпер займаюся камплектаваннем аптэчак, чытаю шмат літаратуры па ваеннай медыцыне».

З Беларусі Анастасіі давялося зʼехаць у канцы 2021 года.

Фота прадстаўлена гераіняй

«Я была адмінам аднаго з тэлеграм-каналаў, які прызналі экстрэмісцкім. Удзельнічала ў пратэстах і розных актыўнасцях. Была адзін раз затрыманая, дапытвалі ў КДБ. Падазраю, што ў кватэру, дзе я жыла, хтосьці прыходзіў у маю адсутнасць. Да таго ж, было маральна цяжка вытрымліваць тое, што я бачыла. Вельмі ломіць галаву, калі кажуць, што нікога не білі, а ты дакладна ведаеш, што білі. Або калі ў цябе за акном выбухаюць святлошумавыя гранаты, у горадзе адбываецца нешта страшнае, а па тэлевізары табе кажуць пра «Дажынкі»… Гэта пякельны псіхалагічны гвалт».

«Ніхто не ведаў, што рабіць»

Зʼязджала дзяўчына са свежым дыпломам аб заканчэнні Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, пакінуўшы працу інтэрна ў адным са шпіталяў. За пару месяцаў у Кіеве Анастасія паспела толькі падаць дыплом аб адукацыі на прызнанне і пачаць займацца пытаннямі легалізацыі, каб мець магчымасць прайсці інтэрнатуру.

Потым пачалася вайна.

«Такога развіцця ніхто не чакаў. Напярэдадні я размаўляла з сяброўкай і сказала ёй, што Кіеў ніхто не пойдзе бамбіць, гэта занадта шалёна. А 24 лютага а 5-й раніцы мы з ёй стаялі, слухалі выбухі, і словаў не было. Ніхто не ведаў, што з гэтым рабіць і што можна сказаць».

Ужо праз некалькі гадзінаў пасля пачатку вайны Кіеў стаў у корках на выезд з гораду. Масавая эвакуацыя пачалася ў многіх украінскіх гарадах, да якіх даляцелі ракеты і кулі расейскіх акупантаў. Анастасія ж прыняла рашэнне на некалькі дзён зʼехаць у прадмесце Кіева.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мяшкі з пяском закрываюць акно ў радзільным доме, які функцыянуе на ваенным становішчы з-за расейскага ўварвання. Кіеў, Украіны. 8 сакавіка 2022 года.
Фота: Evgen Kotenko / Ukrinform / East News

«Не было ў мяне адчування, што зʼязджаць з Украіны – правільна. Многія казалі зʼязджаць, мяне гатовыя былі прыняць у Польшчы, Літве, Чэхіі. Але я не магла. Для мяне гэта не чужая вайна. Ды і ўцякаць другі раз я не хацела. Пераезд з Беларусі даўся мне вельмі цяжка, я адчувала сябе здрадніцаю. Абараняючы цяпер Украіну, я абараняю і Беларусь».

«У нас тут толькі паветраныя перастрэлкі. Умовы адносна мірныя»

1 сакавіка Наста прыехала ў ваенкамат і заявіла аб гатовасці дапамагаць.

«Мне сказалі, што патрэбен медык у тэрытарыяльнай абароне. І я пайшла. Гэта, вядома, іншая медыцына, у ВНУ вучаць цывільных медыкаў, ёсць кафедра ваенна-палявой хірургіі і тэрапіі, там даюць асновы. Але гэтага недастаткова, мне даводзіцца шмат чытаць. Але я чытаю падобную літаратуру ўжо другі год: пачала пасля падзей у Беларусі».

Самы вялікі страх – не справіцца з дапамогай на полі бою. Непасрэдна з параненымі Анастасія яшчэ не працавала, месца, дзе яна цяпер, адносна бяспечнае.

«У нас тут толькі пастаянныя паветраныя перастрэлкі, чутныя выбухі, але баёў няма. Умовы адносна мірныя».

Пра страх за жыццё гаворым сцісла. Так, ён ёсць, так, гэта нармальна. Як гэта, у 29 гадоў усведамляць, што можаш загінуць у любую хвіліну?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медпрацаўнік пасля таго, як яму не ўдалося выратаваць жыццё 18-месячнага сына Марыны Яцко. Дзіця было смяротна паранена ў выніку абстрэлу ў больніцы ў Марыупалі, Украіна. 4 сакавіка 2022 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / Associated Press / East News

«Гэта вайна, і тут гінуць людзі. Я разумею, што такое можа адбыцца і са мной. Але, шчыра кажучы, больш за ўсё мяне цяпер хвалюе, ці ляжаць жгуты ў патрэбным месцы, ці раскладзеныя сурвэткі. Калі пачнецца бой, часу не будзе, і аптэчкі павінны быць сфармаваныя. Праца займае ўвесь мой час і ўсе думкі. Вельмі складана было сядзець некалькі дзён і нічога не рабіць. Ведаць, што ідзе вайна, а ты проста сядзіш, глядзіш тэлевізар, бачыш, што паказвае расейская прапаганда. Гэта такое пачуццё бездапаможнасці. Ты проста вар’яцееш, калі нічога не робіш».

«Пасля словаў, што я беларуска, мне пачалі пляскаць»

Негатыўнага стаўлення да беларусаў дзяўчына не заўважала, успамінае толькі адзін выпадак у першыя дні вайны, калі коса паглядзелі на беларускі пашпарт на КПП.

«А калі мяне знаёмілі з калектывам – а гэта больш за 100 асобаў, – то пасля словаў, што я беларуска, мне пачалі пляскаць. І цяпер да мяне адносяцца беражліва і з павагай, падтрымліваюць як могуць. Я не адчуваю сябе вінаватай у тым, што цяпер адбываецца ва Украіне. Але адчуваю долю адказнасці. Тое, што мы не змаглі перамагчы ў 2020-м, вядома, адбілася на цяперашняй сітуацыі. Але, зноў жа, у нас не было такіх санкцыяў, я цяпер так зайздрошчу расейцам праз санкцыі. Нам бы такое ў 2020! Яны дапамаглі б, але чамусьці на той момант ніхто не хацеў так рэагаваць на беларускую сітуацыю».

Анастасія не прызнае калектыўнай віны беларусаў перад украінцамі і лічыць, што многія беларусы зрабілі ўсё, што маглі ў тых умовах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Канавалаў, фельчар хуткай дапамогі, штурхае насілкі з жанчынай, якая пацярпела ў выніку абстрэлу радзільнага дому ў жылым раёне Марыупалю, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / Associated Press / East News

«Аднак ёсць пэўныя людзі, якія рэальна вінаватыя ў тым, што адбываецца. І яны мусяць адказваць!»

Планаў зʼязджаць з Украіны няма, але і заракацца ад такіх рашэнняў не прыходзіцца. Некалькі дзён таму Анастасія падала заяву на службу ў ЗСУ і цяпер чакае адказу.

«Высокая імавернасць, што мне адмовяць, бо я замежная грамадзянка. Тады проста працягну працаваць у тэрытарыяльнай абароне. Працаваць не ў поўным сэнсе гэтага слова, бо тут мне ніхто не плаціць зарплату, я ўсё раблю добраахвотна».

Станіслаў, Адэса

У іншай частцы Украіны, за 475 кіламетраў ад Кіева, працуе яшчэ адзін беларускі доктар – Станіслаў Салавей.

«Белсат» распавядаў гісторыю Станіслава. Ён працаваў гінеколагам, адседзеў 15 содняў, быў звольнены.

Hавiны
Доктар Станіслаў Салавей, які адседзеў 15 содняў арышту за акцыю салідарнасці, страціў працу
2021.07.02 11:10

«Мяне папярэдзілі, што па мяне ідуць, і я зʼехаў у Кіеў. Гэта быў жнівень 2021 года. Тры тыдні пажыў у Кіеве, потым прапанавалі працу ў Адэсе».

«Маральна гэта пераносіцца лягчэй»

Цяпер Станіслаў працуе ў прыватнай клініцы. Адэса на фоне іншых украінскіх гарадоў застаецца адносна бяспечнай. Але ж апошнімі днямі сюды эвакуююць параненых з Мікалаева, 11 сакавіка Адэская гарадская рада апублікавала інструкцыю, як дзейнічаць у выпадку хімічнай небяспекі, а Станіслаў ужо рабіў аперацыю пад гукі паветранай трывогі.

Разам з ім аперуе пад гукі сірэны вядомы беларускі рэаніматолаг-анестэзіёлаг Максім Ачарэтні. Абодва працуюць у адной клініцы. І абодва не плануюць зʼязджаць з Украіны.

Станіслаў Салавей.
Фота: Masha Svyatogor / Facebook

«Па-першае, калі ты не пад актыўнымі бамбаваннямі, то трохі прытупляецца страх. Па-другое, апошнія пару месяцаў у Менску я прачынаўся яшчэ да будзільніка і проста чакаў, патэлефануюць у дзверы ці не патэлефануюць. І ты ведаеш, што цябе чакае, калі патэлефануюць. Цябе чакаюць катаванні і збіццё. А тут ты разумееш, што хоць і вайна, але ёсць і супраціў. І таму, хто хоча зрабіць табе зло, адказваюць. Маральна гэта пераносіцца лягчэй».

Праца медыкаў цяпер моцна змянілася, ёсць праблемы з лекамі, з магчымасцю адправіць матэрыялы на даследаванне.

«Выкручваемся як можам. Уся праца перыядычна перарываецца сігналамі трывогі, і ўсе пацыенты, нават цяжкія, кіслародазалежныя, перамяшчаюцца ў бамбасховішча. Гэта збівае рытм. Усе размовы – толькі пра вайну, у адной з працаўніц клінікі паранены муж. Вядома, спакойна працаваць і канцэнтравацца немагчыма».

«Пакуль мяне не датычыць, мяне гэта не хвалюе»

У Адэсе з 19-й вечара да 6-й раніцы ўведзеная каменданцкая гадзіна, калі ў клініку выклікаюць у гэты час, то ёсць праблемы з тым, каб дабрацца.

«Па-першае, горад зацемнены, асветлены толькі цэнтральныя вуліцы – гэта нервуе. Па-другое, нават нягледзячы на тое, што ў нас ёсць пропускі і дакумент з клінікі, пытанні можа выклікаць беларускі пашпарт».

Станіслаў ведае аб стаўленні да беларусаў, але разважае па-філасофску.

«У Адэсе – вялікая беларуская дыяспара, кожны тыдзень у цэнтры гораду збіраліся беларусы, якія раздавалі ўлёткі, спрабавалі данесці інфармацыю да мясцовых пра тое, што ў Беларусі жах і тэрор, што ў нас няма ўлады, а проста псіхапат, які прадаўся Расеі. Але пакуль мяне гэта не датычыць, мяне гэта не хвалюе! У асноўным мясцовыя рэагавалі на гэта так: «А чё, у вас же всё хорошо, у вас хорошие дороги».

Фота: Максим Очеретний / Facebook

А цяпер, калі паляцелі ракеты з нашай тэрыторыі, то беларусы сталі ворагамі, беларусы напалі. Украіна да апошняга купляла нафту, дапамагала сыходзіць ад санкцыяў. Калі Еўропа заблакавала «Беларуськалій», перавалка была праз Мікалаеў. Мы крычалі, але нас не пачулі».

«Я не ведаю, гераізм гэта ці не»

У клініцы разам са Станіславам працягваюць працаваць 10 беларускіх дактароў. «Некаторыя, вядома, зʼехалі ў першыя дні. Некаторыя засталіся, проста пакуль не ходзяць на працу».

«Чаму вы не зʼязджаеце? – задаю адное і тое ж пытанне і Анастасіі, і Станіславу. У адказ – здзіўленне. «Навошта? Я ж магу тут дапамагчы. Для мяне тое, што адбываецца, – гэта звёны аднаго ланцуга. Тое, што пачалося ў Беларусі, актыўна працягваецца ва Украіне. Тут я магу працягваць рабіць, што ўмею. Мяне задавальняе, што клініка дапамагае параненым бясплатна. Да нас ужо паступалі параненыя, але пакуль хапае лекараў, якія могуць лепш апераваць, чым я. Я хоць і аперую, але ўсё ж я гінеколаг».

У Адэсе зрабілі ваенны шпіталь, таму на клініку, дзе працуе Станіслаў, нагрузка не такая велізарная, як магла б быць. Але ў выпадку моцнага бамбавання ён гатовы працягваць працаваць.

«Вы мне патэлефанавалі, а я сядзеў пераглядаў лекцыі па ваенна-палявой хірургіі, аб мінна-выбуховых ранах, ранах з зямлёй, аскепкамі».

«Вы лічыце, што заставацца працаваць у час вайны, – гэта гераізм? Бо ніхто не ведае, перахопіць СПА ракеты або не, вы пастаянна рызыкуеце жыццём».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Доктар Аляксандр Дзікала стаіць у падвале бальніцы ў Харкаве, Украіна. 28 студзеня 2022 года.
Фота: Mstyslav Chernov / Associated Press / East News

«Але ж дакладна ніхто не ведае, мо прыйдзе да цябе дадому зранку ГУБАЗ, будзе збіваць цябе або тваю сямʼю, мо закінуць цябе гадоў на 5 за краты, будуць катаваць, як Латыпава або Дзядка. А ці гераізм – пайсці працаваць у ковіднае аддзяленне, калі ў цябе няма сродкаў абароны і разумення, што гэта за хвароба? Я не ведаю, гераізм гэта ўсё ці не. Для мяне галоўнае тое, што гэта не подласць».

Уначы на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне панятку «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны.

Алёна Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў