«Я зненавідзеў Лукашэнку ўсім сэрцам». Гісторыя №12 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Мікалай Еўтушэнка – вядучы спецыяліст ЗАА «Дабраном». Ён ужо пакінуў Беларусь. У Беларусі ў яго засталася сям’я, добрая праца, якой ён ганарыўся і, лічы, усё жыццё. Да гэтага лета палітыка мужчыну зусім не цікавіла. 9 жніўня ён быў упэўнены ў перамозе Ціханоўскай і пайшоў з сябрамі на Менскае мора на шашлыкі. Вяртаючыся дадому бліжэй да вечара, пабачыў тысячы людзей і быў захоплены зычлівай атмасферай. Нічога нават не нагадвала пратэсту. Раптам падʼехалі аўтазакі, адтуль выскачылі дзясяткі амапаўцаў.

Мікалай Еўтушэнка.
Фота: Белсат

Мікалай паспеў падняць рукі, але ў адказ атрымаў моцны ўдар нагой: «Я быў у тапцях, яны, мусіць, на іншую вуліцу вылецелі». Аўтазак катаўся па сталічных вуліцах ажно да 4-й раніцы. «У аўтазаку не збівалі, – згадвае Мікалай, – яны двойчы ўжывалі газ. Першы раз, калі затрымалі мужчыну, які казаў, што ў яго на вуліцы засталося пяцігадовае дзіця. А другі – калі адзін з затрыманых пачаў крычаць, бо пабачыў, як знаёмага на вуліцы бʼюць».

Аўтазак. Мікалай быў побач з месцам жорсткага збіцця Яўгена Заічкіна. Пазней амапавец, які чакаў побач са збітым хуткай дапамогі, скажа, што затрыманы быў у стане цяжкога алкагольнага і наркатычнага апʼянення. Заічкін жа патлумачыць журналістам парталу «TUT.by»: сілавікі збівалі так, што страціў прытомнасць.

«Тое, што адбывалася далей, у маёй галаве дагэтуль не ўкладваецца», – пачынае Мікалай аповед пра падзеі на Акрэсціна. Людзі мусілі выбягаць з аўтазаку праз калідор амапаўцаў, якія зацята білі кожнага дубінкамі, нагамі, а то і голымі рукамі. Прастаяўшы каля гадзіны на кукішках пад сцяной, калі людзей няспынна білі, затрыманыя нарэшце адправіліся ў камеры. «Тады я думаў, што нас заўтра-паслязаўтра ўсіх адпусцяць. Маўляў, папужалі і ўсё», – згадвае мужчына. Такія думкі былі, пакуль ён не пабачыў, што ў камеры на шэсць месцаў было трыццаць сем чалавек.

«Сцены былі настолькі вільготныя, што немагчыма было дакрануцца, – сцякала вільгаць ад поту і дыхання дзясяткаў людзей», – распавядае Мікалай. На просьбу аб дапамозе яны чулі пагрозы. Чулі, як людзей у суседняй камеры збівалі, калі тыя патрабавалі ежы і адвакатаў. Мужчыны прыціскаліся да прыадчыненага акенца і бачылі, як прывозяць усё новых і новых людзей. «Яны [сілавікі. – Заўв. belsat.eu], як мурашы, упяцёх, удзесяцярох накідваліся на людзей. Бягуць два хлопцы, падаюць, іх бʼюць нагамі ды рукамі, а яны як ляжалі, гэтак і ляжаць. Потым іх проста накрылі нейкай белай тканінай». Мікалай не ведае, што было далей, бо наглядчыкі забаранілі падыходзіць да акна.

Тут Мікалай сімвалічна намаляваў свой новы шлях, які абраў пасля вызвалення. «Калі мы выходзілі з Жодзіна, я спытаў у канваіра пра абутак, ці, прынамсі, як дадому дабрацца. А той кажа: «Табе гэта не спатрэбіцца». Мікалай тады падумаў, што за сценамі жодзінскай турмы стаіць чарговы аўтазак з чарговымі амапаўцамі, і іх чакаюць новыя здзекі ды катаванні. «Выходжу з ізалятару, раблю тры крокі, мне ўжо даюць тэлефон і кажуць: «Дыктуй нумар сваякоў». Яшчэ раблю два крокі, і мяне ўжо абуваюць, «Яндэкс-таксі» ўсіх дадому бясплатна развозіла». Мікалай кажа, што гэтая хваля салідарнасці пераканала яго: зло не зможа перамагчы.

Малюнак героя.
Фота: Белсат

Да вызвалення ніхто з трох дзясяткаў зняволеных мужчынаў не ведаў, што адбываецца ў краіне. Шмат хто думаў, што на іх забыліся, што Беларусь змірылася з чарговым тэрмінам Лукашэнкі ды жыве сваім жыццём. Толькі калі стаялі паўтары гадзіны на рабрыстай падлозе аўтазака, чакаючы пераезду ў Жодзіна, пачулі воклічы падтрымання ад людзей з-пад Акрэсціна. У адказ амапаўцы зневажалі ды збівалі зняволеных у аўтазаку.

«Ужо на волі пабачыў Лукашэнку з аўтаматам, падумаў: як можна ўзяць аўтамат супраць свайго народу? Тады ў мяне ў жыцці зʼявіўся вораг. Я зненавідзеў яго ўсім сэрцам», – распавядае Мікалай.

Мужчына даў шэраг інтэрвʼю замежным медыям. Ягонаю мэтаю было – расказаць пра катаванні на Акрэсціна як мага большай колькасці людзей. Цяпер ён жыве ў Польшчы і навучаецца ўэб-дызайну – такую магчымасць прапанавалі валанцёры «ByChange». Мікалай поўны аптымізму, распавядае пра дапамогу з боку самых розных ініцыятываў, што падтрымліваюць беларускіх уцекачоў. На пытанне пра вяртанне ў Беларусь адказаць не можа. Вернецца, толькі сам не ведае – калі.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў