У сеціве з'явілася петыцыя з патрабаваннем да ўладаў дазволіць святкаванне Дня Волі ў Менску


На сайце petitions.by зʼявілася петыцыя да чыноўнікаў Менгарвыканкаму з патрабаваннем задаволіць заяўку на марш і шэсце ў гонар БНР.

Сёлета беларуская грамадскасць будзе адзначаць 103-ю гадавіну ўтварэння БНР. У Менгарвыканкам арганізатары накіравалі супольную заяўку, пад якой стаяць подпісы старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, кіраўніка руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча і першага намесніка старшыні БСДП (Грамада) Аляксея Сігаева.

У сваю чаргу стваральнікі петыцыі ў сеціве патрабуюць ад чыноўнікаў прыняць станоўчае рашэнне па заяўцы на правядзенне масавых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню гэтай даты.

«Лічым, што забарона на правядзенне масавых мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі, ва ўмовах напружанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне можа прывесці да стыхійных мерапрыемстваў, парушэння правапарадку і стварэння нязручнасцяў жыхарам і гасцям Менску. Акрамя гэтага мяркуем, што забарона на правядзенне мерапрыемстваў прывядзе да неабходнасці ўзмацнення рэжыму аховы правапарадку ва ўсім горадзе, што пацягне за сабой значныя траты бюджэтнага фінансавання».

Стваральнікі петыцыі таксама нагадваюць, што ў нашай краіне няма забароны на масавыя акцыі праз пандэмію каронавіруса, паколькі ўлады цягам апошніх месяцаў афіцыйна зладзілі шэраг масавых акцыяў. Таму ініцыятары патрабуюць забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзянаў на правядзенне мітынгу, прысвечанага дню абвяшчэння БНР, і забяспечыць ахову правапарадку гэтага мерапрыемства.

Аб’ектыў
Адказ Церцелю: у Дня Волі адзін сцэнар – без сілавікоў
2021.03.10 22:08

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў