218 дзён пратэстаў. Галоўнае

Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 218 дзён. «Белсат» сабраў галоўныя падзеі гэтага дня.

Фільм «Лукашэнка. Залатое дно» сабраў 5 мільёнаў праглядаў

Сцяпан Пуціла распавёў, што над фільмам-расследаваннем «Лукашэнка. Залатое дно», у якім апавядаецца аб карупцыі і злоўжываннях Аляксандра Лукашэнкі, працавалі пяць асобаў.

«Мы працуем сваймі сіламі. Мы не сядзім, як сцвярджае прапаганда, на нейкіх заходніх харчах. Мы маем сродкі з рэкламных прыбыткаў і данатаў – ахвяраванняў, якія дасылаюць людзі. Працуем, можна сказаць, на грамадскіх пачатках», – кажа Сцяпан Пуціла.

Cцяпан Пуціла. Фота: Белсат

Пры гэтым каманда мае намер працягнуць расследаванні, заявіў блогер. Сцяпан Пуціла таксама распавёў, што праз некалькі дзён выйдзе чарговая серыя фільму.

«Спадзяюся, што так і атрымаецца зрабіць. Пастараемся больш не знікаць. Вучымся на сваіх памылках. І ўсё арганізуем так, як трэба», – сказаў Сцяпан Пуціла.

Сцяпан Пуціла распавёў пра фільм аб Лукашэнку і аб пратэстах у Беларусі

Ціханоўская заклікала палітвязняў спыніць галадаванне

Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская звярнулася да Ігара Лосіка, Ігар Банцэра і Дзмітрыя Фурманава. Яна заклікала палітычных зняволеных, якія распачалі галадаванне, спыніць пратэст у такой форме.

«Як чалавек, маці і жонка я прашу вас спыніць галадаванне. Вы патрэбныя вашым блізкім, бацькам і дзецям. Вы патрэбныя Беларусі», – сказала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская заклікала палітвязняў спыніць галадаванне

Сустаршыні камісіі ў пытаннях правоў чалавека ў Кангрэсе ЗША Джэймз МакГовэрн і Крыстафэр Сміт апублікавалі заяву ў сувязі з пераследам блогера Ігара Лосіка.

Партрэт Ігара Лосіка. Фота: ТК / Белсат

Кангрэсмены заявілі, што «глыбока занепакоеныя» рашэннем выставіць Лосіку новае абвінавачванне пасля 9 месяцаў перабывання за кратамі.

«Журналістыка – гэта не злачынства. Мы асуджаем брутальныя напады і фальшывыя абвінавачанні, выстаўленыя прэсе ў Беларусі за асвятленне рэпрэсіўных дзеянняў ураду Аляксандра Лукашэнкі. Ігар і іншыя палітвязні мусяць быць неадкладна вызваленыя», – падкрэсліваецца ў заяве.

Кангрэсмены таксама кажуць, што яны «шакаваныя і збянтэжаныя інфармацыяй аб пагаршэнні здароўя і маральнага духу Ігара». «Мы заклікаем яго не адмаўляцца ад надзеі і сілкавацца моцай ад сваіх прыхільнікаў у Беларусі, Злучаных Штатах і ва ўсім свеце», – гаворыцца ў заяве.

Беларусы патрабуюць дазволіць акцыі 25 сакавіка

На сайце petitions.by зʼявілася петыцыя да чыноўнікаў Менгарвыканкаму з патрабаваннем задаволіць заяўку на марш і шэсце ў гонар БНР.

Сёлета беларуская грамадскасць будзе адзначаць 103-ю гадавіну ўтварэння БНР. У Менгарвыканкам арганізатары накіравалі супольную заяўку, пад якой стаяць подпісы старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, кіраўніка руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча і першага намесніка старшыні БСДП (Грамада) Аляксея Сігаева.

У сваю чаргу стваральнікі петыцыі ў сеціве патрабуюць ад чыноўнікаў прыняць станоўчае рашэнне па заяўцы на правядзенне масавых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню гэтай даты.

Дзень Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019 году. Фота: Белсат

Нядзельныя пратэсты і падсумаванне тыдня ў жывым эфіры «Белсату»

СК belsat.eu

Hавiны