Зачыстка ў гарадзенскай епархіі працягваецца: кіруючай пасады пазбавілі яшчэ аднаго святара


Іерэй Цімафей Наздрын вызвалены ад пасады пробашча парафіі храма Аўгустоўскай іконы Божай Маці ў Горадні і часова прызначаны клірыкам Пакроўскага кафедральнага сабору.

Таксама Наздрын вызвалены ад пасады кіраўніка аддзелу Гарадзенскай епархіі па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і іншымі воінскімі фармаваннямі. Аб гэтым гаворыцца ва ўказе арцыбіскупа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Антонія ад 11 лютага.

Цімафей Наздрын.
Фота: Facebook

Акрамя гэтага, адбыліся і іншыя перастаноўкі. Дыякан Дзімітрый Паўлюкевіч, вядомы як аўтар папулярнага місіянерскага блогу ў Інстаграме і ініцыятар флэш-мобу супраць фальсіфікацыяў, вызвалены ад пасады прэс-сакратара Гарадзенскай епархіі і галоўнага рэдактара газеты «Гарадзенскія епархіяльныя ведамасці».

Вядомы праваслаўны місіянер з Горадні Руслан Яроцкі, які зараз пераехаў у Літву, так пракаментаваў гэтыя кадравыя змены:

«Здаецца, ужо загаілася. Зацягнулася. Жывіце, як хочаце, рабіце, што хочаце, толькі б вас не чуць і не бачыць, ніяк з вамі не перасякацца. А потым навіна, добрага святара прыбіраюць з парафіі, другога за штат. Святар засвечаны. Такі чалавек не можа займаць кіруючую пасаду на парафіі, калі ён не лаяльны рэжыму.

Я глыбока перакананы, што пасля захопу Беларускай Праваслаўнай Царквы асноўная «місіянерская задача», якую паставілі перад Віталіем Тупекам, Дзянісам Дароніным і што з імі, гэта ператварыць праваслаўных Беларусі ў шэрую, бязмоўную масу. Расправы над святарамі праходзяць ціха. Іх адпраўляюць за штат ці ствараюць невыносныя ўмовы жыцця і побыту. Або забіраюць у іх справу ўсяго іх жыцця. Прыстойныя людзі ў гэтай сістэме жыць не могуць. Дыхаць амаль няма чым. Святары ўпотай атрымліваюць працоўныя спецыяльнасці і думаюць аб тым, як сысці з «царквы», каб выратаваць душу. Камусьці пашанцавала мець добрую дружную парафію, тады яшчэ неяк жыць можна.

Я б мог расказаць пра святароў, якія ўжо не могуць служыць. Аб тых, хто ўжо за штатам, ужо на свецкай працы. Але яны не жадаюць. Ім страшна, што гэтыя пачвары ў расах, якія пакрываюць злачынствы, разбураць тое малое, што засталося ў іх жыццях. Калісьці я пісаў, яны не папросяць аб дапамозе, іх няма каму абараніць. Яны сам-насам, супраць тых, хто можа вучыць «нагорнай пропаведзі», стоячы ў лужыне крыві.

Усім здаецца, усё заціхла. Здаецца, тысячы сядзяць, яшчэ для тысяч будуюцца турмы. Але яны церпяць. Пакутуюць ад безвыходнасці.

Афіцыйная БПЦ для тысяч людзей у Беларусі роўная зневажанню чалавечых правоў, дыктатуры. Нават у Літве нерэлігійных беларусаў, пры спробе запрасіць іх у царкву, проста перакручвае ад слова «праваслаўе». Ім вельмі складана патлумачыць, што Царква ў Літве па-за палітыкай. Яны ў гэта не вераць. Калі выбіраць між тым праваслаўем, якое яны ўбачылі дома, і атэізмам, яны без ваганняў абяруць другое. І іх можна зразумець.

Як шмат скалечаных лёсаў пакідаюць пасля сябе гэтыя людзі. Вельмі шкада, адчуванне бяссілля. Мусіць, трэба сыходзіць ва «унутраную эміграцыю», каб выжыць…

Як бы там ні было, вера ў тое, што міласэрны Бог нейкім спосабам навучыць нас любіць, дараваць, мяне не пакідае. Хрысціянства не рускае, не беларускае, не літоўскае. Гэта мы перад Богам. Хрысціянства жыве верай і Евангеллем. Тыя, хто засталіся там (у Беларусі – рэд.), падтрымлівайце святароў. Калі ў кагосьці ёсць магчымасць даваць ім працу ці падпрацоўку, рабіце гэта. Гэта справа Божая. Калі можна проста падтрымліваць адзін аднаго маральна, рабіце гэта.

Я перакананы ў тым, што ўсе святары, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі, ціску, губляюць магчымасць служыць, гэта людзі, якія церпяць за евангельскую праўду. Зручна лічыць іх «майданутымі», накшталт і рукі тады не ў крыві, накшталт і па справах. Але гэта хлусня, Хрыстос заўсёды з пакутнікамі і тымі, хто ў турмах. Трымайцеся, айцы».

Змены ў Гарадзенскай епархіі пачаліся ў чэрвені 2021 году з гучнага адхілення ад кіравання епархіяй архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, які адкрыта выказваўся супраць гвалту і беззаконня ў краіне. На яго месца паставілі епіскапа Антонія, які паслядоўна праводзіць зачыстку. Хутка пасля гэтага ад кіраўніцтва прыходамі адхілілі траіх праваслаўных святароў у Горадні, якія маюць вялікі аўтарытэт сярод праваслаўных вернікаў і вядомыя сваёй прынцыповай хрысціянскай пазіцыяй. Гэта настаяцель галоўнай праваслаўнай святыні гораду – Пакроўскага сабору – протаіерэй Георгій Рой, які шматкроць заклікаў спыніць рэпрэсіі і вулічны гвалт, Мікалай Гайдук – настаяцель Нікольскай царквы на Архірэйскім падворку, і Анатоль Ненартовіч – сакратар Гарадзенскай епархіі

Інтэрв’ю
Ксёндз Вячаслаў Барок: «Калі б Хрыстос нарадзіўся ў Беларусі – нарадзіўся б за кратамі»
2021.12.25 00:35

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў