У Беларусі другі медаль Алімпіяды. Ганна Гуськова – падпісантка ліста за сумленныя выбары


Ганна Гуськова другую Алімпіяду запар прыносіць Беларусі алімпійскую ўзнагароду, гэтым разам срэбра. Алімпійская чэмпіёнка 2018 года – сёлета другая ў спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы.

Беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова на Алімпійскіх гульнях у Пекіне.
Фота: noc_belarus

Прадстаўнікі гэтага віду спорту актыўна падтрымлівалі беларускі народ. Гэта каштавала Алімпіяды галоўнаму трэнеру зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалаю Казеку і чэмпіёнцы свету Аляксандры Раманоўскай. Але Ганна Гуськова ўсё ж змагла трапіць у Пекін.

Спаборніцтвы па лыжнай акрабатыцы былі запланаваныя на 13 лютага, але праз моцны вецер былі перанесеныя на 14 лютага. Беларусь рэпрэзентавалі тры спартоўкі, якіх чакаў знясільвальны адбор у барацьбе за медалі. Першай з барацьбы выпала 18-гадовая Ганна Дзяруга, якая аказалася апошняй – заняла 18-е месца. Ганна Гуськова прайшла ў фінал з 5-й пазіцыі, 17-гадовая Анастасія Адрыянава – з 12-й. На наступным этапе выбыла і Анастасія Адрыянава, якая завяршыла Алімпіяду на 12-м месцы.

Гуськова выйшла ў суперфінал з 6-га месца, яна першая пачала вырашальныя спаборніцтвы, у яе быў толькі адзін скачок – і Ганна выканала яго амаль ідэальна, ён прынёс Гуськовай срэбра. Золата ў гаспадыні Алімпіяды Сюй Мэн Таў, бронза ў амерыканкі Мэган Нік.

14 лютага ніхто з беларускіх спартоўцаў больш спаборнічаць не будзе, а 15 лютага нас чакае мужчынская лыжная эстафета.

Нагадаем, што на Алімпіядзе ў Пекіне беларусы заваявалі дзве срэбныя ўзнагароды.

Hавiны
Беларуска Ганна Гуськова заваявала срэбны медаль Алімпійскіх гульняў у лыжнай акрабатыцы
2022.02.14 15:31

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў