Міністры абароны Украіны і Беларусі дамовіліся пра ўзаемныя візіты вайсковых аташэ на вучэнні каля межаў


Міністр абароны Украіны Аляксея Рэзнікаў паразмаўляў праз тэлефон з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным. Чыноўнікі дамовіліся пра тое, што бакі вышлюць аташэ на вайсковыя вучэнні, паведамляе Мінабароны Украіны.

Памежныя слупы на ўкраінска-беларускай мяжы. Кантрольна-прапускны пункт «Дольск», Украіна. 28 студзеня 2022 года.
Фота: АД / Белсат

Міністры абароны Беларусі і Украіны праз тэлефон абмеркавалі захады для ўмацавання даверу і празрыстасці падчас вучэнняў каля дзяржаўнай мяжы. Паведамляецца, што Аляксей Рэзнікаў і Віктар Хрэнін дамовіліся інфармаваць адзін аднаго пра надзвычайныя сітуацыі і выключыць магчымыя інцыдэнты падчас вайсковых вучэнняў.

«У мэтах умацавання ўзаемнага даверу запланаваны візіт аташэ па абароне Рэспублікі Беларусь ва Украіну на вучэнні «Мяцеліца-2022», а таксама візіт аташэ па абароне Украіны ў Рэспубліцы Беларусь на беларуска-расейскія вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022».

Міністры таксама дамовіліся працягнуць кантакты з мэтаю развіцця абаронных адносінаў у духу добрасуседства.

«Я ўдзячны свайму калегу Віктару Хрэніну за адкрытую размову. Я неаднаразова падкрэсліваў, што стасункі паміж украінскім і беларускім народамі асаблівыя. Нашы пачуцці вельмі цёплыя. Любыя пагрозы і правакацыі з боку Украіны ў дачыненні Беларусі выключаныя, гэта проста немагчыма. Віктар Генадзьевіч таксама запэўніў мяне ў адсутнасці рызыкаў і пагроз для Украіны з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мы абмеркавалі тое, што цяпер стаіць на парадку дня, і вызначылі алгарытм далейшага ўзаемадзеяння. Я ўспрымаю гэта як станоўчы сігнал і першы крок да плённай супрацы», – сказаў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

Апошнімі тыднямі Расея масава сцягвае войскі да мяжы з Украінай. Заходнія крыніцы кажуць пра магчымае ўварванне Крамля. Некаторыя медыі нават называюць дакладную дату.

Значная частка расейскіх войскаў і ўзбраення размяшчаецца на мяжы з Украінай на тэрыторыі Беларусі. Тут з 10 да 20 лютага адбываюцца пазапланавыя вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022».

ВЛ belsat.eu

Стужка навінаў