Алімпійскія байкоты ад Аўстраліі да Пекіну: гісторыі, якія ўражваюць


Кожная Алімпіяда, няважна, зімовая ці летняя, – гэта не толькі вялікае свята для заўзятараў, але і магчымасць для кожнай краіны прадэманстраваць свой сцяг, а для палітыкаў – атрымаць дадатковы палітычны капітал.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: EXPA/ Johann Groder / imago sport / Forum

Пры гэтым неаднаразова ў гісторыі сучасных Алімпійскіх гульняў тыя ці іншыя краіны адмаўляліся ад удзелу ў спаборніцтвах і заклікалі іншых рабіць тое ж самае. Гэтак, Алімпійскія гульні, якія праходзяць цяпер у Пекіне, дыпламатычна байкатуюць 12 краінаў – ад Літвы і ЗША да Індыі.

Чаму ж адбываліся алімпійскія байкоты раней і якім чынам?

Мельбурнская «салянка»

У 1956 годзе летнія Алімпійскія гульні праходзілі ў аўстралійскім Мельбурне – і адразу 8 краін байкатавалі гэтую Алімпіяду, прычым з розных прычынаў.

Гэтак, Нідэрланды, Іспанія і Швейцарыя адмовіліся ад удзелу на знак пратэсту супраць прысутнасці каманды СССР – практычна адначасова з Алімпіядай савецкія войскі вялі жорсткія баі, здушаючы Вугорскае антыкамуністычнае паўстанне 1956 года.

Вугорцы ў Будапэшце вітаюць танкавае падраздзяленне вугорскага войска, якое далучылася да паўстанцаў. Крыніца FORTEPAN / Pesti Srác2 / wikimedia.org

У тым жа 1956 годзе адбываўся Суэцкі крызіс – Ізраіль, Брытанія і Францыя ўвялі войскі ў Егіпет. Адпаведна, Егіпет, а разам з ім Ірак, Камбоджа і Ліван байкатавалі Гульні.

Камуністычны Кітай байкатаваў гульні, бо ў іх удзельнічаў Кітай некамуністычны – Тайвань. Кітайскі некамуністычны ўрад і войскі разам з вялікай колькасцю ўцекачоў прайгралі ў грамадзянскай вайне і ў 1949 адступілі на Тайвань. Толькі недзе з 1970-х ААН і большасць краін свету сталі прызнаваць камуністычны ўрад як законны ўрад Кітаю.

Байкот – на забарону, забарона – за забарону

У 1964 годзе ў Токіа байкатавалі гульні тры краіны: Паўночная Карэя, Інданезія і камуністычны Кітай. Прычына? Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў удзел у алімпіядзе спартоўцаў, якія спаборнічалі ў Гульнях новых развіваных сілаў (GANEFO).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

Прэзідэнт Інданезіі Сукарна (Sukarno), верагодна, першы, хто ўвёў панятак «кіраваная дэмакратыя».

GANEFO Інданезія праводзіла як альтэрнатыву Алімпіядзе ў Токіа. МАК перад гэтым асудзіў Інданезію за тое, што яна не пусціла ў 1963 годзе на 4-я Азіяцкія гульні каманды Ізраілю і Тайваню, і прыпыніў сяброўства Інданезіі ў міжнародным алімпійскім руху.

СССР удзельнічаў і ў тых, і ў тых гульнях, але на Алімпіяду даслаў самых лепшых, а на гульні GANEFO накіраваў тых атлетаў, якія не мелі шанцу трапіць у алімпійскую зборную.

Афрыканскі байкот

Першы сапраўды масавы байкот Гульняў адбыўся ў 1976 годзе ў канадскім Манрэалі. Да байкоту далучыліся аж 29 краінаў – пераважна афрыканскія.

Прычынай такой масавасці было тое, што новазеландская каманда па рэгбі перад гэтым гуляла ў Паўднёвай Афрыцы (ПАР), якая тады праводзіла расісцкую палітыку апартэіду. А МАК адмовіўся забараніць удзел Новай Зеландыі ў Алімпіядзе. Сама Паўднёвая Афрыка была пазбаўленая права ўдзелу ў Алімпіядах з 1964 года.

Абвестка на адным з пляжаў у Паўднёвай Афрыцы, якая пазначае падзел тэрыторыі для прадстаўнікоў розных расавых групаў. Крыніца: theheritageportal.co.za

Акрамя таго, ад удзелу ў алімпіядзе адмовіўся Тайвань (Рэспубліка Кітай), бо тагачасны ліберальны прэмʼер Канады Пʼер Трудо (Pierre Trudeau, бацька сучаснага прэмʼера Канады) забараніў тайванцам выступаць пад назвай «Кітай».

Мегабайкот!

Самы масавы байкот Алімпійскіх гульняў адбыўся ў 1980 годзе – у Маскве. Амаль палова свету на чале з ЗША адмовілася ад удзелу на знак байкоту супраць увядзення савецкіх войскаў у Афганістан.

Савецкія камандас і вайскоўцы ў 1979 годзе забілі кіраўніка Афганістану Хафізулу Аміна (Hafizullah Amin), узяўшы штурмам ягоную рэзідэнцыю. Потым у краіну ўвайшлі савецкія войскі, і пачалася крывавая вайна, якая фактычна не закончылася аж па сёння.

Савецкія жаўнеры і палонныя афганцы.
Фота: Яўген Кувакін / wikimedia.org

Агулам байкатавалі Гульні ў Маскве 66 краінаў. Акрамя ЗША, гэта былі, напрыклад, Канада, Аргентына, Кітай, Егіпет, Іран, Ізраіль, Японія, Паўднёвая Карэя, Нарвегія, Філіпіны, Саудаўская Аравія, Тайланд, Турцыя, ААЭ, Заходняя Нямеччына.

Акрамя таго 15 нацыянальных камандаў на знак пратэсту выходзілі не пад сваймі нацыянальнымі сцягамі, а пад сцягамі сваіх алімпійскіх камітэтаў. Адбываліся і асабістыя байкоты – некаторыя атлеты байкатавалі маскоўскія Гульні ад свайго імя.

Сімвал маскоўскай Алімпіяды падчас цырымоніі закрыцця гульняў.
Фота: РІА Навіны / ru.rbth.com

Згодна з савецкімі афіцыйнымі звесткамі, СССР выдаткаваў на правядзенне Гульняў $ 1,35 мільярда, а атрымаў выручку толькі ў $ 231 мільён.

Так сабе байкот

У 1984 годзе летнія Алімпійскія гульні адбываліся ўжо ў ЗША – у Лос-Анджэлесе. І тут ўжо СССР з сатэлітамі вырашыў адказаць сваім байкотам на байкот 1980 года.

Усяго байкатавалі гэтыя гульні 18 краін, з іх 15 краін – на чале з СССР. Асобную групу байкотчыкаў складалі Албанія, Іран і Лівія. Пры гэтым Іран і Албанія байкатавалі перад гэтым і гульні ў Маскве.

Прэзідэнт ЗША Роналд Рэйган разам з амерыканскай зборнай падчас Алімпійскіх гульняў 1984 года. Крыніца: White House Photographic Collection / wikimedia.org

Эканамічна гэтыя Гульні, якія праводзіліся з вялікім удзелам прыватных, а не дзяржаўных інвестараў, аказаліся вельмі паспяховымі – прыбытак склаў $ 250 мільёнаў.

Канец эпохі вялікіх байкотаў?

У 1988 годзе халодная вайна практычна закончылася, Масква прайграла эканамічную і палітычную барацьбу за першынство ў сусвеце. У краінах, якія былі падначаленыя СССР, камуністычныя рэжымы былі вельмі блізкія да краху.

У гэты год у Алімпіядзе, якая праходзіла ў паўночнакарэйскім Сеуле, адмовіліся ад удзелу толькі сем краінаў. Нікарагуа і Мадагаскар спаслаліся на фінансавыя прычыны, Эфіопія, Албанія і Сэйшэльскія астравы проста не адказалі на запрашэнне (у Эфіопіі ў той час працягвалася грамадзянская вайна).

Запальванне алімпійскага агню ў Сеуле. Фота Ken Hackman, U.S. Air Force / wikimedia.org

Камуністычная Паўночная Карэя не ўдзельнічала, бо Паўднёвая Карэя была яе ворагам. Камуністычная Куба, відаць, далучылася за кампанію.

Гэта быў апошні заўважны байкот Алімпіяды нацыянальнымі зборнымі. У Пекіне ў гэтым годзе байкатуюць алімпіяду дыпламаты, а не спартоўцы.

Аднак, калі вятры халоднай вайны задзьмуць мацней, магчыма, мы ўбачым і новыя масавыя адмаўленні ад удзелу ў алімпійскіх спаборніцтвах.

Андрэй Бабініч, belsat.eu

Стужка навінаў