«Яна там робіць торт»: бацька Ксеніі Луцкінай распавёў, як ягоная дачка адзначыць дзень нараджэння ў СІЗА


Ксенія Луцкіна была затрыманая 22 снежня разам з іншымі журналістамі ў крымінальнай справе «Прэс-клубу». Сёння, 14 лютага, яна адзначае свой дзень нараджэння ў СІЗА.

Да жніўня 2020 года Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а потым пакінула пазіцыю карэспандэнта тэлеканалу «Беларусь 2» і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады.

Ксенія Луцкіна.
Фота: Facebook Ксения Луцкина

Ксенін бацька распавёў старонцы КР, як яна плануе адзначаць свой дзень народзінаў, як сябе адчувае і чым займаецца ў следчым ізалятары.

«Учора я ўжо адвёз Ксюшы падарунак. Яна прасіла гародніну і садавіну. Перадаў ёй 11 кілаграмаў, – распавядае бацька Ксеніі. – Ведаем, што яна плануе там рабіць торт. Мы і сябры пераводзілі ёй грошы, і яна ў мясцовай краме купіла каржы і згушчонку. Так што будзе з чым адзначыць».

Звычайна Ксенія святкуе свой дзень нараджэння з сям’ёй, і кожны год яны разам успамінаюць дзень, калі яна зʼявілася на свет. Ксенія нарадзілася ў Пермі, а яе бацька ў той час вучыўся на пятым курсе вайсковай вучэльні і быў на практыцы ў Новасібірску.

Мне прынеслі тэлеграму, адкуль я даведаўся, што нарадзілася дачка. Прыйшлі сябры-калегі, прынеслі шапку з грашыма, і сказалі: прастаўляйся, як хочаш, – успамінае бацька Ксеніі. – Мы на лыжах разам з аднакурснікам паехалі ў самаволку ў краму. 10 кіламетраў па марозе 35 градусаў. Усё купілі, а калі вярталіся назад, сустрэлі верталёт, які ляцеў. Паспелі дабегчы ў частку да пабудовы. На пабудове камандзір дывізіі распавядаў, што пакуль ляцеў, бачыў двух дзівакоў, што бягуць па лесе. Але, нас, вядома, ніхто не здаў.

Сям’я піша Ксеніі кожны тыдзень. Ксюша шмат адказвае і просіць пісаць ёй часцей – падтрыманне там вельмі важнае. Паводле бацькі, Ксенія стала пачувацца лепш, чытае Познера з мясцовай бібліятэкі і шмат малюе.

Лісты ад Ксеніі заўсёды прыходзяць на трох асобных аркушах: бацьку, брату і сыну Мацвею.

Ксенія Луцкіна разам з сынам Мацвеем.
Фота: Facebook Ксения Луцкина

Пішу, што ў мяне ўсё добра. Распавядаю пра вучобу, пра заняткі праграмаваннем, – распавёў Мацвей, сын-пяцікласнік.

Бацька Ксеніі зычыць усім сваякам палітвязняў цярплівасці ды мужнасці, і ён упэўнены, што ўсё было не марна.

Гісторыі
«Для нас больш няма чорнага і белага – толькі чорнае». Бацька дырэктара Прэс-клубу возіць яму перадачы за 150 км
2021.02.10 07:36

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў