У Маскве і Пецярбурзе прайшлі жаночыя акцыі салідарнасці, каб падтрымаць Юлію Навальную і жанчын-палітвязняў


Штаб палітыка Аляксея Навальнага анансаваў на 14 лютага ўсерасейскую акцыю «Каханне мацнейшае за страх», удзельнікі якой павінны выйсці ў двары і ўключыць ліхтарыкі на тэлефонах. У некалькіх гарадах на ўсходзе краіны акцыя ўжо адбылася.

Акцыя «Каханне мацнейшае за страх» у Іркуцку.
Фота: «Фонд борьбы с коррупцией», Twitter

У Маскве і Пецярбурзе жанчыны зладзілі ўласныя акцыі ды выйшлі на вуліцы з белай стужкай і кветкамі ў руках, патрабуючы вызвалення ўсіх палітычных вязняў. Гэта нагадвае падзеі ў Беларусі летась 12 жніўня, калі ў Менску 250 жанчын з кветкамі ў белым выйшлі на Камароўку на знак пратэсту супраць гвалту.

Hавiны
У белым і з кветкамі. Жанчыны выходзяць на пікеты, каб выказацца супраць гвалту на вуліцах Беларусі
2020.08.12 13:24

У Пецярбурзе каля помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў прайшла акцыя салідарнасці з Юліяй Навальнай ды іншымі жанчынамі.

Ланцуг салідарнасці ў Пецярбурзе.
Фота: Давід Фрэнкель, «Медиазона»
Ланцуг салідарнасці ў Пецярбурзе.
Фота: Давід Фрэнкель, «Медиазона»

У канцы акцыі ў Пецярбурзе ўдзельніцы ланцуга салідарнасці ўсклалі кветкі да помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Нікога не затрымалі, паведамляе «Медиазона».

Канец акцыі салідарнасці ў Пецярбурзе.
Фота: Давід Фрэнкель, «Медиазона»

У Маскве на Старым Арбаце каля помніка паэту Аляксандру Пушкіну і Наталлі Ганчаровай актывісткі таксама сталі ў жывы ланцуг салідарнасці ў падтрымку Юліі Навальнай і жанчын-палітвязняў. Незнаёмыя людзі раздавалі дзяўчатам гарбату і кветкі.

Згодна з падлікамі «Белого счётчика», у маскоўскай акцыі ўзялі ўдзел 235 чалавек.

Жаночы ланцуг у Маскве.
Фота: Аляксей Абанін, «Дождь»

На жаночай акцыі ў Маскве прысутнічалі правакатары з дзіцячымі аўтаматамі і ў касках з надпісам «NATO», якія спрабавалі раздаваць дзяўчатам бутафорскія грошы, нібыта за ўдзел у акцыі.

Правакатары на акцыі салідарнасці ў Маскве.
Фота: «МБХ медиа»

Жаночыя акцыі салідарнасці доўжыліся каля дзвюх гадзінаў, прайшлі мірна і без затрыманняў.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў