«Такая ініцыятыва мусіла з'явіцца». Правілы жыцця валанцёраў спісаў затрыманых


Валанцёры, якія складаюць спісы затрыманых, сталі бадай самай важнай ініцыятывай апошняга паўгода. Дзякуючы ім сваякі затрыманых маглі даведацца, дзе іхныя блізкія, што пакласці ў перадачу, ды проста мець хоць нейкі кантакт. Хто гэтыя людзі? Як гэта – чуць крыкі з засценкаў турмы? Мы даведаліся правілы жыцця валанцёраў. З меркаванняў бяспекі нашыя героі захоўваюць ананімнасць.

Людзі чакаюць вызваленняў на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Марш-кідок працягласцю паўгода

Першыя дні нагадвалі адзін вялікі марш-кідок, расцягнуты на пяць дзён. У тыя моманты я сябе не адчувала… аніяк. Прыгадала, што мне трэба ў прыбіральню толькі тады, калі арганізавалі біятуалет. У нейкі момант моцна пачала балець галава. Часам адчувала моцнае раздражненне. Але псіхіка пераарганізоўваецца ў такіх экстраных сітуацыях.

Мне баліць душа, калі з кімсьці неэтычна паступаюць. Калі пытанне з палітычнага становіцца чалавечым. У мяне ўсё тады гарыць. Нават калі я не магу адразу выправіць праблему, то імкнуся хаця б з наступствамі змагацца.

Ад 10 да 15 жніўня нас было тры чалавекі. Мы літаральна начавалі пад Акрэсціна. Першыя спісы складаліся ўручную. Фатаграфавалі спісы ад супрацоўнікаў Акрэсціна, перапісвалі іх, а потым дасылалі ў чаты. Пазней стварылі агульны канал.

Нашая ідэя была дапамагчы вялікай колькасці людзей як мага хутчэй атрымоўваць інфармацыю. Мы падключалі бабуляў да «Тэлеграму», вучылі іх карыстацца проста адразу каля Акрэсціна. Тлумачылі, як шукаць.

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іхныя затрыманыя сваякі ды сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Людзі з пустымі вачыма

Мы мелі падазрэнні пра катаванні на Акрэсціна, але мы настолькі былі пагружаныя ў працэс, што не думалі на некалькі крокаў наперад. У ноч з 12 на 13 жніўня, калі літаральна выганялі першых збітых, за сценаў Акрэсціна выходзіла вельмі шмат людзей у крыві.

Ты бачыш людзей з гематомамі, гузакамі, у разарванай і скрываўленай адзежы. Але не пытаеш яго сам або сама пра перажытае. Толькі калі чалавек хацеў распавесці, то мы слухалі.

Было надзвычай цяжка бачыць людзей, якія выходзілі з СІЗА. Раней я з такім не сутыкаўся. Ужо былі чуткі, што з людзей здзекуюцца. Былі відэа з крыкамі ды збіваннем. Пустыя вочы хлопцаў, якія не разумелі, што гэта было. Яны паказвалі ўсе свае раненні, але глядзелі нібыта скрозь цябе. Як зомбі ў фільмах. Гэта было балюча. Гэтага не забыць.

У кожнай турме супрацоўнікі па-рознаму рэагуюць. Недзе прасцей, недзе… значна складаней. Хлусілі, што выйдуць і хутка дадуць спіс. Адзінае, што мы можам рабіць, – бясконца дзяўбсці гэтымі спісамі.

Хто яны – валанцёры спісаў?

Цяпер нас агулам каля 30 чалавек. Хто мы? Людзі, якім не ўсё роўна. Даволі дарослыя, каля 30 гадоў. Разумеем, што і дзеля чаго мы робім.

Спачатку здараліся негатыўныя сітуацыі. Людзі прымалі дапамогу за абавязак, а потым пачыналі больш патрабаваць. Перакладалі цалкам адказнасць на цябе. Як гэтаму даваць рады? Успрымаць не як стаўленне да цябе, а проста як рэакцыю на сітуацыю.

Мы ўсе вельмі жорсткія неўротыкі, у нас ёсць унутраны боль, які пастаянна адгукаецца і просіць дапамагаць іншым. Яшчэ гэта можна параўнаць з адрэналінавымі наркаманамі.

Ад пачатку ў нас было вялікае ўзаемаразуменне ў камандзе. Усе выкладаліся напоўніцу. Хтосьці быў гатовы стаяць цэлы дзень на спёцы і раздаваць страйкоўцам улёткі. А хтосьці хацеў падтрымліваць тых, хто раздаваў улёткі, – вадою, ежаю, давозам. Выходзіш з хаты а 9-й, 10-й раніцы, вяртаешся позняй ноччу.

Ізалятар на Акрэсціна. Снежань 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Небяспека пад РУУС і Акрэсціна была і высокая, але гэта трэба было рабіць. У каго большыя яйкі, тыя і займаліся.

Мы аніколі не бралі грошай або іншай дапамогі за нашую дзейнасць. Максімум – кава і гарбата, каб сагрэцца.

У нас няма лідараў або людзей, чыя праца цэніцца вышэй. Усе аднолькава важныя, усе выконваюць складаныя задачы. Аніхто не сварыцца, калі ёсць затрыманні, – мы ідзём і спрабуем высветліць, што адбылося.

Мы мала ведаем адно аднаго, намагаемся нават па імёнах не звяртацца. Час такі, што любая інфармацыя можа сыграць супраць цябе.

Каб стаць валанцёрам спісаў, трэба проста зрабіць нешта. Схадзі ў суд і сфатаграфуй расклад пасяджэнняў. Прыйдзі пад РУУС або пад Акрэсціна ў дзень перадачаў.

Hавiны
На Акрэсціна і ў Жодзіне аднавілі перадачы. Іх не прымалі «праз эпідэмічную сітуацыю»
2021.02.11 15:37

Ці ёсць у валанцёраў асабістае жыццё?

Цягам паўгода ўсе нядзелі ў мяне, лічы, што выкінутыя з жыцця. Асабліва калі былі тысячы затрыманых. Кладзёмся спаць, калі ўсе аўтазакі едуць на Акрэсціна.

Рэсурс з’яўляецца нібыта аднекуль. Калі чалавек не можа стаяць на РУУС праз працу або праз іншыя абставіны, ён не будзе гэтым займацца. Валанцёры добра зарабляюць, шмат хто працуе з дому. Некаторыя прадавалі свой бізнес і дарагія машыны, каб дапамагаць іншым. Не маглі аніяк інакш.

Спачатку блізкія не разумелі, навошта я гэта раблю. Цяпер або прынялі, або змірыліся. У кожным разе, здацца не дазваляе сумленне. Людзі выходзяць на маршы. Іх збіваюць, затрымліваюць, садзяць. Ты хочаш паказаць: вы не самотныя.

Hавiны
«Рвалі сваё адзенне на пракладкі». У беларускіх турмах працягваюцца катаванні
2021.02.01 18:38

Часам людзі кажуць, што нас не існуе, што мы – праект КДБ. Так, шмат канапавых экспертаў, але калі трэба дапамагчы, то адразу ўсе знікаюць. Шкада, бо раней салідарнасці было больш.

Чаму мы так доўга існуем? Бо людзям патрэбная інфармацыя. Такая ініцыятыва мусіла зʼявіцца. Нехта паказвае, што адбываецца, дзе сядзяць людзі, калі яны выйдуць. У нас не разгледзелі аніякіх экстрэмістаў. Да нас цяжка прыкапацца.

Калі кожная сям’я будзе ведаць, што пакласці ў перадачу, – то мы будзем ужо не патрэбныя. Але гэта кепскі варыянт, бо ён значыць, што мы не перамаглі.

Турма ў Баранавічах. Студзень 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў