Расея будзе адсочваць з Беларусі сістэмы супрацьракетнай абароны ЗША ў Еўропе


Расейская радыёлакацыйная станцыя «Волга», што месціцца ў Беларусі, будзе сачыць за сістэмамі супрацьракетнай абароны (СРА) ЗША, калі іх размесцяць у Еўропе, паведамляе ТАСС са спасылкаю на тэлеканал «Звязда».

«Станцыя на баявым дзяжурстве, выконвае задачу ва ўстаноўленым сектары агляду. Але і, магчыма, яе актуальнасць зноў з’явіцца ў сувязі з размяшчэннем на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаваў сістэмы супрацьракетнай абароны ЗША, якая, мы ведаем, выконвае функцыі не толькі абароны, але і нанясення ўдараў», – заявіў начальнік расейскага Галоўнага цэнтру папярэджання пра ракетны напад Андрэй Равянок.

РЛС «Волга» пабудавалі ў 1980-я пад Ганцавічамі. Яна ўваходзіць у склад Паветрана-касмічных сілаў Расеі. Расейскія вайскоўцы арандуюць тэрыторыю станцыі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў