Павел Латушка распавёў польскай газеце пра масавыя рэпрэсіі ў беларускай культуры


Былы кіраўнік Купалаўскага тэатру, а цяпер чалец Каардынацыйнай рады Павел Латушка даў інтэрв’ю вядучай польскай газеце Rzeczpospolita, дзе распавёў аб масавых рэпрэсіях у беларускай культуры і пра лёс артыстаў Купалаўскага:

«Пасля забастовак і акцыяў салідарнасці з Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы сышлі больш за 60 чалавек. Хваля звальненняў таксама захліснула Вялікі тэатр оперы і балету, Новы драматычны тэатр ды іншыя. Артыстам, якія адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, забараняюць выступаць, адмяняюць спектаклі і канцэрты, адпраўляюць на суткі ў следчыя ізалятары. І ўсе рэпрэсіі толькі за тое, што яны не хочуць падтрымліваць маштабны і сістэмны гвалт з боку рэжыму Лукашэнкі.

Рэжым Лукашэнкі доўгія гады змагаецца з беларускай культурай. Самасвядомасць, павага да гістарычных і культурных каштоўнасцяў, нацыянальных традыцый – усё гэта не пра Лукашэнку. Ён прымушае буйны бізнес укладацца ў лядовыя палацы, а не ў культуру, як ва ўсім цывілізаваным свеце.

На прыкладзе Купалаўскага тэатру відаць, што для Лукашэнкі нічога не каштуе разбурыць культавае месца. Што тады казаць пра іншыя тэатры і артыстаў, якія не паспелі стаць вядомымі?»

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Акцёры чакаюць міністра культуры. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Таксама Павел Латушка ў інтэрв’ю распавёў, што «некаторыя артысты разглядаюць магчымасць супрацоўніцтва з тэатрамі іншых краінаў» і выказаўся пра новы склад Купалаўскага тэатру:

«На ўсе ролі ў тэатр цяпер набіраюць студэнтаў, і гэта вялікая памылка. Я не маю нічога супраць таго, каб моладзь развівалася, але Купалаўскі — культавае месца для Беларусі. Там павінны выступаць і працаваць найлепшыя з лепшых»

Павел Латушка адзначыў, што ні адзін дзеяч культуры, які паважае сябе і разумее, што адбываецца ў краіне, не будзе падтрымліваць рэжым:

«Тысячы работнікаў культуры, артыстаў, музыкаў, мастакоў і рэжысёраў падпісалі адкрыты ліст з патрабаваннем спыніць гвалт і правесці новыя сумленныя выбары. Сярод тых, хто падпісаўся, можна знайсці нават тых артыстаў, якія былі ў добрых дачыненнях з Лукашэнкам. Кожны разумны артыст разумее, што звязацца цяпер з Лукашэнкам – гэта назаўжды зганьбіць сябе.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Дырэктар тэатру Павел Латушка і паэт Уладзімір Някляеў. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Беларускі народ мае права не забываць тых, хто падтрымлівае рэжым і супрацоўнічае з ім, і гэта адаб’ецца на іхнай запатрабаванасці ў будучыні. Ні адзін сурʼёзны артыст, які сябе паважае, не падтрымае крывавага тэрору, які ўчыніў Лукашэнка супраць беларускага народу. Толькі за тое, што беларусы не захацелі мірыцца з хлуснёй і гвалтам і выйшлі на мірны і законны пратэст».

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў