«Пацалаваліся і абмяняліся пярсцёнкамі пад наглядам канваіраў». Гісторыя кахання палітвязня Максіма Паўлюшчыка і Вікторыі

Вікторыя Паўлюшчык – жонка палітвязня Максіма Паўлюшчыка. Яны пабраліся шлюбым 3 лютага ў СІЗА. Максіму прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму за надпіс на асфальце «Не забудем» каля метро Пушкінская – ён разам з дзяўчынай па імені Марыя Бабовіч напісаў гэта ў гонар Аляксандра Тарайкоўскага, якога сілавікі застрэлілі 10 жніўня [Марыі далі 1,5 года хатняй хіміі. – belsat.eu]. Адмыслова да 14 лютага «Белсат» папрасіў Вікторыю распавесці пра іхную з Максімам гісторыю кахання.

Фота Вікторыі Паўлюшчык і ейнага мужа, палітвязня Максіма Паўлюшчыка. 12 лютага 2021 года. Фота: ТК / Белсат

«І гэта, ты будзеш маёй жонкай?..»

На пачатку 2019 года Вікторыя атрымала паведамленне ад незнаёмага хлопца ў «ВКонтакте». Ён проста напісаў: «Прывітанне, як справы?» Гэта быў Максім. Яна яму адказала, завязалася ліставанне. Сама Віка з Менску, але на той момант паўгода жыла і працавала ў Санкт-Пецярбурзе. На трэці дзень Максім прызнаўся ёй у каханні.

«Я не паверыла і пачала яго распытваць, як ён гэта зразумеў. Адказаў, што сэрца падказала, – успамінае Вікторыя. – Год мы перапісваліся, стэлефаноўваліся, і за гэты час абмеркавалі ўсё нашае далейшае жыццё. Хоць ён часам не верыў, што я існую: яму здавалася, што я – ілюзія, віртуальная дзяўчына. Менавіта ў ліставанні ён упершыню зрабіў мне прапанову. Я спачатку не паверыла і засмяялася».

Вікторыя Паўлюшчык, жонка палітвязня Максіма Паўлюшчыка, паказвае скрыншот іхнага ліставання. 12 лютага 2021 года. Фота: ТК / Белсат

За год онлайн-дачыненняў пара абмеркавала нават дзіця. Максім хацеў дзяўчынку, і Віка сказала, што так і будзе. Цяпер яны чакаюць Дарыну – гэта імя яны таксама прыдумалі ў ліставанні.

Віка распавядае, што Максім быў у шоку ад яе адданасці. У ягоным жыцці было шмат болю і здрады, і ён не верыў, што дзяўчына можа чакаць і быць вернай. Увесь той год ні з кім з хлопцаў Вікторыя не мела стасункаў.

Вікторыя Паўлюшчык, жонка палітвязня Максіма Паўлюшчыка. Яго асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за надпіс на асфальце «Не забудем» каля метро Пушкінская. 12 лютага 2021 года. Фота: ТК / Белсат

У студзені 2020 Віка вырашыла вярнуцца ў Менск. Даведалася ў Максіма ягоны адрас і аднойчы проста пазваніла ў дзверы. Ён запаў у ступар, а потым пачаў танчыць ад радасці. Неўзабаве ён прапанаваў пераехаць да яго і ягонай мамы, а кватэру Вікі – здаваць. З часам яны збіраліся перабрацца ў Польшчу – мяркавалі, што там больш перспектываў.

«Потым Максім ужывую зрабіў мне прапанову. Вядома ж, я сказала «так», – успамінае Вікторыя.

Фота Вікторыі Паўлюшчык і ейнага мужа, палітвязня Максіма Паўлюшчыка. 12 лютага 2021 года. Фота: ТК / Белсат

«Калі ён са мною, яму не хочацца рабіць нечага дрэннага»

Пра сябе Вікторыя распавядае мала: цяпер ёй 25, у Санкт-Пецярбурзе яна працавала ў краме адзення. У яе гісторыях нашмат больш месца займае Максім.

«Сам па сабе Максім спакойны чалавек, бесканфліктны. Ён працуе будаўніком, але кажа, што гэта не ягонае, ён не любіць гэтую прафесію і не хоча быць з ёй звязаны. Але жыццё прымусіла, таму ён пайшоў на такую працу, – тлумачыць Віка. – Наогул ён творчая асоба, піша рэп. У трэках распавядае пра сваё дзяцінства, падымае тэмы за жыццё, за раён, за сяброў, за бацькоў. Апошнія сем месяцаў ён чытаў толькі пра мяне, пра нас, пра дзіця».

Максім не хацеў займацца рэпам прафесійна – толькі як хобі, для душы. Віка спрабавала запісаць яго на рэп-батлы і адправіць у гуказапісвальную студыю сваіх знаёмых, але ён не згаджаўся.

Фота і малюнкі Вікторыі Паўлюшчык і ейнага мужа, палітвязня Максіма Паўлюшчыка. 12 лютага 2021 года. Фота: ТК / Белсат

У Максіма ўжо была судзімасць за хуліганства. Некалькі гадоў таму Максім даведаўся пра тое, што дзяўчына яму рэгулярна здраджвала, і яны моцна пасварыліся. Ён вельмі шмат выпіў, і яны з сябрамі збілі чалавека – той трапіў у рэанімацыю. Максіму тады далі 2 гады хіміі. Ён жыў у ахоўваным інтэрнаце, сам гатаваў сабе ежу, ездзіў на працу ў горад, у яго быў мабільны тэлефон – практычна звычайнае жыццё, проста яму трэба было штодня вяртацца і зʼязджаць з інтэрнату ў пэўны час. Вікторыю не збянтэжыла гэтая гісторыя: яна толькі хацела ведаць праўду пра мінулае Максіма.

Вікторыя Паўлюшчык. Фота: ТК / Белсат

Калі пара пачала жыць разам, Максім разленаваўся. Ляжаў на канапе, гуляў у тэлефон, нічым не цікавіўся. Віка пыталася: «Дзе ўсё тое, што калісьці было? Так не мае быць».

І яна пачала прыносіць разнастайнасць у іхнае жыццё, клікала яго гуляць. Потым яму так спадабалася, што ён сам пачаў выказваць ініцыятыву. Яны хадзілі на хакей і канькі, улетку ездзілі на рэчку. Яны шмат працавалі і бачыліся толькі вечарамі, таму часта выбірацца кудысьці не атрымлівалася.

Фота: ТК / Белсат

«Яму лёсам напісана сядзець двойчы»

Віка зацяжарала ў траўні 2020-га. Улетку яна не хадзіла на мітынгі – яе гэта асабліва не цікавіла. Але пасля выбараў яны з Максімам схадзілі на некалькі мірных маршаў. Ён хацеў пайсці на пратэсты 9–11 жніўня, але яна яму забараніла. Кажа, што не хацела потым апазнаваць яго ў моргу. Думала, што з ім абавязкова нешта б здарылася.

«Калі я пазнаёмілася з Максімам, то адразу зразумела, што наперадзе мяне чакае нешта «добрае». Ведала, што будзе сітуацыя, калі мне прыйдзецца спраўляцца самой. І ён пра гэта ведаў, – кажа Вікторыя. – Яму лёсам напісана сядзець двойчы: ягоная мама хадзіла да нейкага экстрасенса, і той сказаў, што Максім яшчэ раз сядзе. Ён сам быў маральна гатовы да гэтага. Проста гэта адбылося ў кепскі момант».

 

9 верасня Максім з сябрамі пайшоў на гульнявыя аўтаматы, але адтуль ён ужо не вярнуўся. А 2-й гадзіны ночы ён убачыў, што каля мемарыялу Аляксандра Тарайкоўскага на Пушкінскай сядзіць нейкая дзяўчына і нешта робіць на асфальце. Яму стала цікава, ён падышоў да яе. Тая сказала, што цяпер будзе наносіць надпіс «Не забудем, не простим» – і Максім вырашыў далучыцца.

Фарба ў дзяўчыны зʼявілася выпадкова. Нейкая маладая пара праходзіла міма, дала ёй фарбу і сказала: «Малюй, а мы пастаім побач і папільнуем, каб не было міліцыі». І яны зніклі. Цяпер Вікторыя думае, гэта была нейкая падстава, таму што праз 10 хвілінаў прыехала міліцыя і забрала Максіма і тую дзяўчыну – Марыю Бабовіч.

«Падчас спаткання ў СІЗА Віктар сказаў: выходзь за мяне». Зняволенне вярнула і ўзмацніла каханне

«Да сённяшняга дня ёсць пытанні: чаму міліцыя прыехала на гэтае месца? Ад каго паступіў выклік? Нават на камерах не было відаць, што яны там сядзелі і малявалі, – разважае Вікторыя. – Я думаю, што тая пара, якая дала фарбу, працуе на людзей у пагонах. Трэба было кагосьці забраць за той надпіс. Яго наносілі пастаянна, не паспявалі сціраць. Надпіс, які нанеслі Максім і Марыя, не быў першы. Гэта значыць, што ўзялі не тых людзей, хто першым нанёс надпіс, а проста выпадковых. Трэба было проста каго-небудзь злавіць і пакараць, каб гэта бачылі ўсе і больш такога не рабілі».

На іх завялі крымінальную справу за хуліганства, пратрымалі ў РУУС і адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Фота Вікторыі Паўлюшчык і ейнага мужа, палітвязня Максіма Паўлюшчыка. 12 лютага 2021 года. Фота: ТК / Белсат

10 верасня вечарам Максім вярнуўся дадому. Віка шукала яго цэлы дзень – з 6-й раніцы да 16-й гадзіны. Нідзе яго не было. Потым даведалася, што ён у РУУС. А 17-й гадзіне пачуўся званок у дзверы. Гэта быў Максім. Сказаў: «Нічога не пытай» – і пайшоў у душ. Потым сеў на канапу, абняў Віку і пачаў плакаць. Патлумачыў сітуацыю і сказаў, што яго, магчыма, пасадзяць. Дзяўчына падумала, што гэта жарт. Спадзявалася, што будзе адміністратыўка.

Яны паверылі, што нічога страшнага не будзе, і працягнулі жыць як раней. Рыхтаваліся да нараджэння дзіцяці, падалі заяву ў ЗАГС, вяселле запланавалі на лістапад – хацелі распісацца і пасядзець з сваякамі ў рэстаране. Думалі зʼездзіць куды-небудзь, дзе адкрытыя межы. Але не атрымалася.

22 кастрычніка Максіма затрымалі зноў і канчаткова ўзялі пад варту. У тую раніцу Максіму патэлефанаваў следчы і сказаў: «Прыходзь. Сёння закрыццё справы, трэба распісацца. Справа перадаецца ў суд».

Максім без задняй думкі паехаў і сказаў, што праз пару гадзінаў будзе дома. Віка спакойна пайшла ў краму, вярнулася і ўбачыла 20 прапушчаных званкоў з незнаёмага нумара. Аказалася, гэта адвакат: ён сказаў, што Максіма затрымалі і забіраюць у СІЗА. Віка паспела заехаць у РУУС і пабачыць Максіма, пакуль яго выводзілі папаліць. Яны абняліся, і яна перадала яму сумку з рэчамі. Сказала, што ўсё будзе добра. І ён зʼехаў.

Фота: ТК / Белсат

«Чакаю, калі ён пераедзе ў калонію – адтуль можна тэлефанаваць дадому»

8 снежня 2020 года суддзя Юлія Блізнюк вынесла прысуд Максіму: 2 гады калоніі агульнага рэжыму. На судзе ён сказаў, што наносіў надпіс, каб ушанаваць памяць загінулага чалавека. Адвакат казаў, што за такія надпісы не садзяць, а даюць штрафы – гэта адміністратыўнае правапарушэнне. Блізкія лічаць, што нічога крымінальнага Максім не зрабіў, маёмасць не была сапсаваная.

Фота: ТК / Белсат

У СІЗА на Валадарскага Максім жыве ў 25-мясцовай камеры, там вельмі горача, не хапае паветра. Людзі розныя, не толькі палітвязні: хтосьці сядзіць за разбой, хуліганства, эканамічныя злачынствы. У асноўным там людзі за 30–40, таму Максім самы малодшы. З турмы ён піша, што спрабуе сябе ва ўсім, але Віка не разумее, што гэта значыць і чым там можна займацца.

«Я чакаю, калі ён пераедзе ў калонію – адтуль можна будзе тэлефанаваць дадому чатыры разы на месяц. Ды і змена абстаноўкі яму патрэбная. Там хоць можна будзе пахадзіць, падыхаць паветрам», – уздыхае Віка.

Вікторыя Паўлюшчык. Фота: ТК / Белсат

«Я думала: «Божа, якія ў нас сведкі…»

Адразу ж пасля суда Віка паведаміла Максіму, што будзе збіраць дакументы на роспіс. Ён сказаў, што таксама гэтага хоча і гэта трэба ім абодвум.

Трэцяга лютага Віка прыехала ў СІЗА на Валадарскага разам з супрацоўніцай ЗАГСу. Яны падняліся на другі паверх і зайшлі ў малы пакойчык. Стол, два крэслы. Віка мяркуе, што гэта быў пакой допытаў.

«Атмасфера не вельмі – адчувалася, што гэта турма, – успамінае дзяўчына. – Прывялі Максіма – ён расквітнеў, пачаў усміхацца. Адразу ж стаў гладзіць мой жывот. Мы распісаліся, пацалаваліся, абмяняліся пярсцёнкамі, яшчэ раз прызналіся адно аднаму ў каханні – і ўсё гэта пад наглядам канваіраў. Я думала: «Божа, якія ў нас сведкі…» Я была ў звычайным адзенні, Максім таксама – яго прывялі ў спартовых штанах. Потым Максіма вывелі».

Фота: ТК / Белсат

Мужу і жонцы афіцыйна далі дазвол на працяглыя спатканні: трое содняў раз на паўгода ў спецыяльным доміку. Калі Максім заслужыць добрае стаўленне да сябе, то Віка зможа прыязджаць кожныя два месяцы. Кароткатэрміновыя спатканні можна ўладкоўваць раз на чатыры месяцы.

На доўгае спатканне Віка плануе прыехаць з дачкой, калі тая крыху падрасце: «Вось такая першая сустрэча з бацькам – у калоніі. Але нічога, Дарына будзе яшчэ маленькая, не зразумее. Нават не ўяўляю, якія ў Максіма будуць эмоцыі ад сустрэчы. Але дакладна ведаю, што яму будзе вельмі цяжка маральна, калі нам трэба будзе развітацца».

Фота: ТК / Белсат

«Я знайшла Максіма і прымаю яго такім, які ён ёсць»

Бацькі Вікторыі падтрымліваюць Максіма і кажуць, што ён герой. А вось Максімава мама да гэтага часу не верыць, што такое адбылося. І думае, што ён вось-вось вернецца.

«Мне не хочацца шукаць новага партнёра, перабіраць кагосьці. Я знайшла Максіма і прымаю яго такім, які ён ёсць. Іншых варыянтаў я не разглядаю, – кажа Вікторыя на развітанне. – Нельга кідаць чалавека ў такой сітуацыі. Яму і так цяжка. Адлегласць зробіць нашыя пачуцці яшчэ мацнейшымі. У нас ужо быў год праверкі адносінаў – цяпер будзе яшчэ час. Максім думае, што мы разам на ўсё жыццё».

На пытанне, пра што марыць Вікторыя, яна адказала так: «Я мару, каб Максім хутчэй вызваліўся. Хачу, каб яму было лёгка, і каб ён хутчэй прыйшоў дадому. І яшчэ вельмі хочацца пераменаў. Хутчэй бы скончылася тое, што цяпер адбываецца! Хачу, каб дзіця нарадзілася ў свабоднай краіне. Нарадзіцца Дарына павінна ў пачатку сакавіка».

ТК belsat.eu

Hавiны