Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка апублікаваў зварот да прэзідэнта Чырвонага Крыжа


Свой зварот да прэзідэнта Чырвонага Крыжа Петэра Маурэру пісьменнік апублікаваў у буйной швейцарскай нямецкамоўнай газеце Neue Zürcher Zeitung, а таксама размясціў на сваёй старонкі Facebook.

У пачатку ліста пісьменнік выказаўся пра сустрэчу з Петэрам Маурэрам, на якой планавалася абмеркаваць кнігу «Чырвоны крыж». Аднак Філіпенка адразу сказаў, што «весці вялізныя дыялогі пра літаратуру мне ніколькі не цікава, а вось пагаварыць пра сітуацыю ў Беларусі – вельмі».

Старонка швейцарскай газеты Neue Zürcher Zeitung са зваротам

У лісце Саша Філіпенка звярнуўся з заклікам спыніць катаванні ў беларускіх турмах, перастаць нарэшце мець зносіны і супрацоўнічаць з несумленнымі палітыкамі і пачуць галасы простых людзей, якія заклікаюць аб дапамозе:

«Я прапанаваў Вам праінспектаваць беларускія турмы, у якіх жанчыны спяць на бетонных падлогах і металічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак, прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлогах, не агароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камеры ні зубных шчотак, ні пракладак. Тады, увосень, Вы адказалі, што МЧК ня мае падобнага мандату.

Hавiны
«Рвалі сваё адзенне на пракладкі». У беларускіх турмах працягваюцца катаванні
2021.02.01 18:38

Загадзя чакаючы такога адказу, я нагадаў Вам пра бразільскіх фавэлах, у дачыненні якіх МЧК займае куды больш актыўную пазіцыю. Як і тады, падчас нашага абеду ў Маскве, я з усёй адказнасцю заяўляю Вам, што бразільскія фавэлы ў параўнанні з сучасным «турэмным Менскам» выглядаюць курортамі з падвышанай бяспекай і ахоўнай паркоўкай.

Адным з галоўных аргументаў, якім вы тлумачылі немагчымасць умяшацца ў беларускія падзеі, з’яўляецца нейтралітэт, які нібыта займае Міжнародны Чырвоны Крыж. Я дазваляю сабе выкарыстоўваць слова «нібыта», таму што ў выпадку Беларусі ніякага нейтралітэту арганізацыя, якую Вы ўзначальваеце, на самай справе не выконвае.

Пасаду старшыні прэзідыума Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа займае Зміцер Піневіч, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць, на чале грамадкай арганізацыі стаіць чыноўнік, якога прызначыў дыктатар Лукашэнка і якому ён непасрэдна падпарадкоўваецца! (Сам ён, дарэчы, прызначыў сябе прэзідэнтам Алімпійскага камітэту Беларусі – спадзяюся Вам, грамадзяніну краіны з даўнімі дэмакратычнымі традыцыямі, гэты факт здасца хаця б смешным).

Зміцер Піневіч
Фота: «Рэгіянальная газета»

Менавіта пры Піневічы, які нібыта адказны за захаванне нейтралітэту Міжнароднага Чырвонага Крыжа, у Беларусі ўчынілі беспрэцэдэнтную атаку на медыкаў. Звольнілі за грамадзянскую пазіцыю некалькі дзясяткаў медыцынскіх работнікаў, сярод якіх кіраўнікі найбуйнейшых медыцынскіх цэнтраў і ўніверсітэтаў.

Вядомы анколаг Аляксандр Мініч атрымаў 13 дзён арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, нягледзячы на тое, што зʼяўляецца вядучым спецыялістам сваёй лякарні. Арцём Сарокін, лекар, які паведаміў дэталі дыягназу забітага мастака Рамана Бандарэнка, знаходзіцца ў турме і неўзабаве паўстане перад судом за нібыта раскрыццё лекарскай тайны. Сваякі загінулага да Сарокіна прэтэнзій ня маюць, але ўлады помсцяць яму за тое, што ён абверг хлусню забойцаў, якіх пакрывае дзяржава.

Звольнілі дырэктара навуковага цэнтру «Кардыялогія» Аляксандра Мрочака – ён не перашкаджаў падначаленым выходзіць на акцыі пратэсту. Пад кіраўніцтвам Мрочака ў цэнтры праводзіліся ўнікальныя для краіны аперацыя па перасадцы сэрца. Мрочак атрымліваў пагрозы, ягонае лецішча спалілі. Андрэя Вітушку, рэаніматолага, затрымалі за тое, што шукаў у міліцыі свайго затрыманага непаўналетняга (!) сына. На ўсе прыклады мне ня хопіць артыкулу!

Шмат каму з шараговых лекараў не працягваюць кантракты за пасты ў сацыяльных сетках. Падчас трагічных дзён жніўня ўзброеныя гвалтаўнікі без апазнавальных знакаў, відавочна пры маўклівай згодзе Міністэрства аховы здароўя, выкарыстоўвалі машыны хуткай дапамогі для перамяшчэння па горадзе. Яны карысталіся тым, што калоны пратэстоўцаў расступаліся перад машынамі з чырвоным крыжам – ці патрэбна больш наглядная метафара вераломства і антыгуманнай сутнасці рэжыму?!

Машына хуткай, дзе быў заўважаны чалавек у спецформе
Фота: Telegram @belteanews

Больш за дзвесце лекараў і медыцынскіх сясцёр былі затрыманыя падчас мірных пратэстаў. Некаторых пабілі, многіх аштрафавалі, арыштавалі на тэрміны да 45 дзён. Пры спадару Піневічу, які «трымаецца нейтралітэту», дактары ўцякаюць з Беларусі – каля двухсот беларускіх лекараў ужо пераехалі працаваць у суседнюю Польшчу, пасля чаго дыктатар Лукашэнка прыняў рашэнне закрыць межы і папярэдзіў, што лекараў, якія зʼехалі, што ён ня пусціць назад у краіну…

Міжнародны Чырвоны Крыж супрацоўнічае са злачынным рэжымам, які ў 2020 годзе будуе ў цэнтры Еўропы канцэнтрацыйны лагер для палітвязняў. Па прамым указанні прэзідэнта ў яго збіраюцца змяшчаць найбольш актыўных змагароў з рэжымам. Прычым на тэрмін «пакуль усё не супакоіцца», як выказаўся цяперашні намеснік міністра ўнутраных спраў.

Ці не здаецца Вам, спадар прэзідэнт, што мы жывём у часы, калі не заўважаць канцлагераў больш нельга? Міжнародны Чырвоны Крыж, адна з самых уплывовых гуманітарных арганізацый свету, павінна перастаць нарэшце мець зносіны і супрацоўнічаць з несумленнымі палітыкамі і пачуць галасы простых людзей, якія заклікаюць аб дапамозе.

Я не прашу Вас зрабіць больш, чым Вы можаце – я прашу зрабіць толькі тое, што Вы павінны, толькі тое, дзеля чаго ў цывілізаваным свеце і існуе Міжнародны Чырвоны Крыж. Я цвёрда перакананы, што абавязак Міжнароднага Чырвонага Крыжа – у самы кароткі тэрмін увайсці з інспекцыяй у перапоўненыя беларускія турмы, дзе мірныя грамадзяне тыднямі ўтрымліваюцца ў карцарах, дзе няма ні гарачай вады, ні сродкаў гігіены, дзе арыштаваныя зазнаюць катаванні, псіхалагічны і фізічны ціск.

Міжнародны Чырвоны Крыж абавязаны патрабаваць спынення практыкі выкрадання і збіцця грамадзян людзьмі без апазнавальных знакаў; патрабаваць спынення катаванняў – гэта прамое парушэнне міжнародных канвенцый, падпісаных Беларуссю».

Hавiны
Пісьменнік Саша Філіпенка: «Рэжым Лукашэнкі проста не адпавядае часу»
2020.08.05 11:12

АД, belsat.eu

Стужка навінаў