Зборная Беларусі па гандболе сёння стартуе ў фінальным турніры чэмпіянату Еўропы


Турнір па гандболе, які з 13 да 30 студзеня прымаюць Вугоршчына і Славаччына, стартаваў учора. Сёння, 14 студзеня, свае выступленні на «Еўра-2022» пачнуць беларускія гандбалісты.

Зборная Беларусі па гандболе.
Фота: handball.by

Беларусы трапілі ў вельмі няпростую групу: іхныя супернікі – каманды Нямеччыны, Польшчы ды Аўстрыі. На першым этапе трэба заняць першыя два месцы. Пачынаюць беларусы з двубою з камандаю Нямеччыны 14 студзеня а 20:00 паводле беларускага часу.

Фішка гэтай зборнай Беларусі ў тым, што ў ёй выступаюць гандбалісты, якія падпісалі праўладныя лісты, у асноўным гэта гульцы менскага СКА. У выніку на чэмпіянат Еўропы прыехаў толькі адзін падпісант за рэжым – Юліян Гірык, у трэнерскім штабе такіх тры чалавекі. Затое ёсць гульцы, якія падтрымалі беларускі народ. У гэтым складзе іх мінімум тры.

Гэта два гандбалісты найлепшага на сёння клубу Лігі чэмпіёнаў – польскага «Кельцэ» – Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш.

Hавiны
Беларускія спартоўцы Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш выходзяць на першыя ролі ў гандбольнай Лізе чэмпіёнаў
2021.11.27 12:33

Лінейны Арцём Каралёк яшчэ ў жніўні 2020 года выступіў супраць гвалту сілавікоў і называў тое, што адбываецца ў Беларусі, ненармальным і супрацьзаконным. У сваіх сацыяльных сетках выкладваў здымкі з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняю, падтрымаў Алену Леўчанку і выставіў сваю футболку на аўкцыён, грошы ж перадаў Беларускаму фонду спартовай салідарнасці.

Тых жа пазіцыяў прытрымліваецца іншы беларус «Кельцаў» – Уладзіслаў Кулеш, ён таксама ў Польшчы чацвёрты сезон і таксама выступіў супраць гвалту.

Падтрымаў беларускі народ разыграўца з французскага «Сэн-Рафаэлю» Вадзім Гайдучэнка, які падтрымаў беларускі народ і выступаў у бел-чырвона-белых красоўках.

Цікава, што яшчэ адзін гулец СКА – Глеб Самойла – адмовіўся падпісаць праўладны ліст, за што быў адпраўлены ў войска, але ў выніку яго вярнулі і клуб, і ў зборную.

Спачатку ў кіраўніцтва беларускага гандболу было заданне пазмагацца за медалі, цяпер яно гучыць значна прасцей – проста выйсці з групы.

Hавiны
Пасярод сезону аднаго з лідараў гандбольнага СКА адправілі ў войска. Спрабуем адшукаць прычыну
2021.11.22 19:05

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў