Як паўплываюць падзеі ў Казахстане на рэжым Лукашэнкі?


Палітычны крызіс у Казахстане ў цэлым аказаўся на руку Аляксандру Лукашэнку, але адначасова паставіў перад ім пытанне аб мэтазгоднасці канстытуцыйнага рэферэндуму і трансфармацыі мадэлі кіравання. Belsat.eu аналізуе магчымыя наступствы падзеяў у Казахстане для рэжыму Лукашэнкі.

Абмежаваны эфект

Пратэсты і рэвалюцыі на прасторах былога СССР заўсёды так ці інакш адгукаюцца ў Беларусі. Пратэставы досвед іншых краінаў здольны натхніць або наадварот напалохаць грамадства, прымушаюць улады аналізаваць гэтыя падзеі, рабіць высновы і з іх улікам карэктаваць свае дзеянні.

Напрыклад, украінскі Еўрамайдан аказаў вялізарны ўплыў на сітуацыю ўнутры Беларусі: чалавечыя страты падчас рэвалюцыі і наступнае ўварванне Расеі напалохалі беларусаў, на доўгі час зрабілі ідэю пратэстаў неактуальнай і нават прывялі да кароткатэрміновага росту рэйтынгу Лукашэнкі. А рэжым у сваю чаргу скарыстаўся спрыяльнай сітуацыяй, распачаў пэўную «лібералізацыю» ва ўнутранай палітыкі і выйшаў з міжнароднай ізаляцыі. Фактычна грамадска-палітычныя наступствы тых падзеяў Беларусь перастала адчуваць толькі ў 2020 годзе.

Рабочыя ля будынку мэрыі, які пашкодзілі падчас масавых беспарадкаў. Алматы, Казахстан. 13 студзеня 2022 года.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Ужо цяпер відавочна, што эфект ад падзеяў у Казахстане будзе для беларускага грамадства значна больш абмежаваным, чым эфект ад украінскай рэвалюцыі ў 2014-м. Пасля тэрору 2020-2021 году беларусаў ужо складана напалохаць страшнай карцінкай з іншай краіны і ўжо дакладна гэтая карцінка не здольная паўплываць на стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, Казахстан не настолькі блізкая для Беларусі краіна (геаграфічна, культурна, інфармацыйна), каб падзеі там у прынцыпе маглі стварыць той жа эффект, як рэвалюцыя і вайна ва Украіне.

Лукашэнка ў сваю чаргу больш не пойдзе на «лібералізацыю», бо ў цяперашняй катастрафічнай электаральнай сітуацыі ён не здольны ўтрымаць уладу без тэрору. Дадатковага закручвання гаек праз падзеі ў Казахстане таксама чакаць не выпадае. Масавыя рэпрэсіі цягам 2020-2021 гг. і так сталі галоўным механізмам кіравання дзяржавай, у Беларусі працягваецца татальнае знішчэнне любой грамадскай актыўнасці і іншадумства. Калі краіну і чакае новая, больш маштабная хваля рэпрэсіяў, то справакаваная яна будзе не рэакцыяй Лукашэнкі на пратэсты ў Казахстане, а ўнутранымі прычынамі.

Пры гэтым на прапагандысцкім узроўні крывавыя падзеі ў Казахстане сталі для Лукашэнкі зручнай страшылкай, якой цяпер можна палохаць прыхільнікаў рэжыму і дэманізаваць любы пратэст. Дзяржаўныя медыі актыўна спекулююць на выпадках гвалту і марадзёрства ў Алматы, праводзяць штучныя паралелі паміж Беларуссю-2020 і Казахстанам-2022, а таксама вінавацяць у пратэстах заходнія спецслужбы. У сваіх маніпуляцыях Лукашэнка на гэтай тэме дайшоў да таго, што згадваючы мірныя дэманстрацыі ў Менску ў 2020 годзе, падзякаваў Богу, «што яшчэ не спалілі сталіцу, як гэта зрабілі з фінансавай сталіцай Казахстану». Але ўспрыняць падобную прапаганду могуць хіба што толькі цвёрдыя прыхільнікі рэжыму.

Міратворцы ў Казахстане.
Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны РФ

Насамрэч значна больш важнае значэнне для Лукашэнкі маюць не пратэсты ў Казахстане самі па сабе, а той факты, што падзеі ў краіне аказаліся шчыльна звязаныя з кланавай барацьбой палітычных элітаў. У выніку гэтай барацьбы Нурсултан Назарбаеў і ягоныя паплечнікі былі адхіленыя ад рычагоў кіравання. Такім чынам, была прадэманстравана неэфектыўнасць і ненадзейнасць сцэнара кантралюемага транзіту ўлады, дзеля падрыхтоўкі якога і плануецца правесці канстытуцыйны рэферэндум у Беларусі. Прытым што стаўленне Лукашэнкі да канстытуцыйнай рэформы і раней было неадназначным.

Hавiны
Такаеў звінаваціў Назарбаева ў з’яўленні алігархату і сказаў, што трэба дзяліцца
2022.01.11 13:34

Канстытуцыйная рэформа і транзіт

Новая Канстытуцыя прадугледжвае перадачу вялізарных паўнамоцтваў Усебеларускаму народнаму сходу (УНС) і мусіць забяспечыць Лукашэнку гарантыі асабістай бяспекі на той выпадак, калі ён вырашыць з той ці іншай прычыны пакінуць пасаду прэзідэнта. Але нічога не ўказвае на тое, што Лукашэнка збіраецца ажыццяўляць транзіт улады ўжо цяпер. На дадзены момант змены ў Канстытуцыі патрэбныя яму толькі для таго, каб фармальна задаволіць патрабаванні Масквы.

Пры гэтым у сітуацыі, калі Лукашэнкі плануе заставацца на пасадзе прэзідэнта, надзвычайныя паўнамоцтвы УНС яму будуць толькі перашкаджаць. Новая Канстытуцыя можа стварыць прывід двоеўладдзя ў краіне: нават з улікам таго, што Лукашэнка відавочна разлічвае цалкам кантраляваць працэс фармавання УНС, у палітычнай сістэме фармальна ўзнікне новы цэнтр прыцягнення, на які будуць азірацца сілавікі і наменклатура. Такая трансфармацыя дзяржаўнай мадэлі кіравання ва ўмовах катастрафічнай электаральная сітуацыі і міжнароднай ізаляцыі можа стаць дадатковым фактарам дэстабілізацыі рэжыму. Разумеючы гэта, Лукашэнка заклаў у Канстытуцыю шэраг нормаў, які дазволяць яму і дэ-юрэ, і дэ-факта зацягваць перадачу рэальных паўнамоцтва Усебеларускаму народнаму сходу.

Расейскія войскі ў Казахстане.
Фота: Мінабароны РФ

Але падзеі ў Казахстане яшчэ больш ускладнілі сітуацыю з канстытуцыйнай рэформай. Ідэя аўтарытарнага транзіту ўлады цяпер дыскрэдытаваная. Назарбаеў і ягоныя паплечнікі не змаглі захаваць свой уплыў, не дапамагла нават пажыццёвая пасада старшыні Савету Бяспекі, з якой у момант крызісу «елбасы» знялі насуперак Канстытуцыі. Сітуацыя ў Казахстане паказала Лукашэнку, што дэлегаванне сваіх паўнамоцтваў дэ-юрэ вельмі хутка можа пераўтварыцца ў страту ўсёй улады дэ-факта. У гэтых умовах змены ў Канстытуцыю страчваюць для Лукашэнкі ўсялякі сэнс: цяпер трансфармацыя дзяржаўнай мадэлі кіравання яму не цікавая нават у аддаленай перспектыве, лепш трымаць усе рычагі кіравання да апошняга.

Сам Лукашэнка пра будучыню рэферэндуму ў кантэксце падзеяў у Казахстане пакуль нічога не казаў. Разам з тым у газеце «СБ-Беларусь сегодня» 10 студзеня з’явіўся артыкул вядомага прапагандыста Вадзіма Гігіна, дзе ён звярнуў увагу на тое, што сыход Назарбаева з пасады прэзідэнта прывёў да стварэння двух цэнтраў кіравання, што ў сваю чаргу «падарвала маналіт казахстанскай улады».

«Нам з падзеяў у Казахстане неабходна здабываць урокі. Асабліва пры правядзенні палітычнай трансфармацыі і канстытуцыйнай рэформы. Не варта захапляцца прыгожымі схемамі, а любыя хітрыя мадэлі транзіту могуць абярнуцца самымі сумнымі наступствамі», – робіць высновы Гігін.

Варта адзначыць, што Лукашэнка звычайна вельмі чуйна рэагуе на няўдалы досвед іншых кіроўных рэжымаў. Вясной 2018 года ён прытармазіў працу над новай Канстытуцыяй пад уражаннем паспяховай рэвалюцыі ў Арменіі, якая была справакаваная як раз канстытуцыйнай рэформай. Таму цалкам імаверна, што цяпер рэферэндум будзе таксама адкладзены на нявызначаны тэрмін.

Беларусы прынялі ўдзел у акцыі каля пасольства Казахстана ў Кіеве. 10-га студзеня аб’яўлены днём агульнанацыянальнай жалобы ў Казахстане. Удзельнікі акцыі заклікалі да вырашэння канфлікту з захаваннем нацыянальнага заканадаўства краіны і асудзілі ўвод сіл АДКБ. У акцыі прыняло ўдзел каля 30 чалавек. 10 студзеня 2022 года. Кіеў, Украіна.
Фота: Белсат

Падзеі ў Казахстане павысілі шанцы Лукашэнкі паразумецца ў гэтым пытанні з Крамлём, бо ідэя транзіту дыскрэдытаваная і ў вачах кіраўніцтва Расеі. Цяпер Уладзіміра Пуціна будзе лягчэй пераканаць у тым, што ў канстытуцыйную рэформу лепш адкласці, бо яна здольная прывесці да дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі.

Аналітыка
Гібрыдная Канстытуцыя: як Лукашэнка спалучыў дзве супрацьлеглыя ідэі ў адным дакуменце
2021.12.28 17:00

Інтэрвенцыя АДКБ

Калі падзенне клану Назарбаева можна лічыць вельмі трывожным сігналам для Лукашэнкі, то пра аперацыю АДКБ гэтага дакладна сказаць нельга.

Фактычна ў Казахстане АДКБ была выкарыстана менавіта ў той ролі, у якой і хацеў бачыць гэтую арганізацыю Лукашэнка. Нагадаем, што ў жніўні 2020 года ён сам прасіў сілавой падтрымкі ў Пуціна для барацьбы з мірнымі пратэстамі ў Беларусі, беспадстаўна спасылаючыся на дамовы ў межах АДКБ і Саюзнай дзяржавы. На ўзроўні АДКБ на гэтыя заявы тады ніякай рэакцыі не было, але Масква па просьбе Лукашэнкі «сфармавала пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Да інтэрвенцыі справа не дайшла, у здушэнні беларускіх пратэстаў расейскія сілавікі ўдзелу не прымалі. Аднак сама перспектыва расейскага ўмяшання, безумоўна, аказала мабілізуючы эфект на сілавікоў і наменклатуру, што дапамагло Лукашэнку пазбегнуць расколу ўнутры рэжыму. Потым ён прызнаваўся, што толькі пасля пачатку пратэстаў у Беларусі стала зразумела, «навошта нам гэтая арганізацыя патрэбная», і заклікаў развіваць АДКБ.

Накіраваўшы сваіх вайскоўцаў у Казахстан, Крэмль сапраўды паказаў, што гатовы падтрымліваць дыктатарскія рэжымы на постсавецкай прасторы не толькі палітычна і фінансава, але і ў ваенным плане. Сама па сабе такая сітуацыя павінна падбадзёрваць улады і прыгнятальна дзейнічаць на прыхільнікаў пераменаў, якім цяпер трэба ўлічваць магчымасць расейскага ўварвання.

Вайскоўцы на вуліцах Алматы, Казахстан. 8 студзеня 2022 г.
Фота: PAVEL MIKHEYEV / Reuters / Forum

Прычым той факт, што аперацыя ў Казахстане была кароткатэрміновай і ўжо завершылася, – гэта яшчэ адзін плюс для Лукашэнкі. З аднаго боку ён такім чынам пазбегнуў магчымых негатыўных унутрыпалітычных наступстваў удзелу беларускіх жаўнераў у інтэрвенцыі. З іншага боку ён пераканаўся, што механізмы АДКБ магчыма выкарыстоўваць у сваіх асабістых мэтах без вялікіх наступстваў: то бок замежныя войскі могуць увайсці ў краіну, дапамагчы захаваць дыктатарскі рэжым і пры гэтым ніякай анексіі не адбудзецца.

Аб’ектыў
Місія АДКБ у Казахстане скончылася
2022.01.13 22:08

Разам з тым пры жаданні пагрозу пуцінскай інтэрвенцыі можна выкарыстоўваць як апраўданне жорсткіх рэпрэсіяў унутры краіны: маўляў, калі самі не здушым пратэсты, то ў Беларусь прыйдуць расейскія вайскоўцы. Менавіта на гэта празрыста намякнуў Лукашэнка, каментуючы падзеі ў Казахстане 6 студзеня:

«Мы цяпер зразумелі, што магло б быць з намі. І справа нават не ў тым, што мы мірныя беларусы. Справа не ў гэтым. Не беларусы б вырашалі пытанні ў Беларусі». Гэты маніпулятыўны аргумент рэжым можа выкарыстоўваць як унутры краіны, так і пры кантактах з заходнімі дыпламатамі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў