У Польшчы судзяць беларуса, які незаконна пераплыў Буг


Раённы суд Белай Падляскай.
Фота: Марыля Дакуцька / Белсат

У раённым судзе Белай Падляскай пачнецца разгляд справы берасцейца Віталя аб нелегальным пераходзе беларуска-польскай мяжы ў сакавіку 2021 года.

Пераплыць Буг мужчына быў вымушаны, ратуючыся ад пераследу ў Беларусі. За час прыбывання ў Польшчы Віталь паспеў атрымаць статус уцекача.

Алену, сяброўку Віталя, з якой ён знаёмы 10–15 гадоў, вінавацяць у арганізацыі нелегальнага пераходу мяжы, хаця яна толькі сустрэла яго на польскім боку, калі мужчына пераплыў раку. Віталя пераследавалі на Беларусі за друкаванне ўлётак. Падчас ператрусу ў яго забралі асабістыя рэчы, у тым ліку пашпарт.Калі і дзе Віталь будзе пераходзіць мяжу, Алена не ведала, толькі прасіла яго паведаміць, што з ім усё добра: ведаючы, што мужчыну пераследуюць і яму трэба выязджаць з Беларусі, перажывала, што ўжо наступаюць маразы.

Трэці абвінавачваны ў справе – муж Алены.

У сувязі з затрыманнем памежнікамі ўсім траім выставілі абвінавачанне, паводле якога той, хто перасякае мяжу Польшчы, парушаючы палажэнні, ужываючы гвалт, пагрозы, падман або ў супрацы з іншымі асобамі, можа быць пакараны пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.

Арганізатарам перасячэння мяжы Польшчы – турэмнае зняволенне на тэрмін ад 6 месяцаў да 8 гадоў.

Раённы суд Белай Падляскай.
Фота: Марыля Дакуцька / Белсат

Алена сцвярджае, што трымала сувязь з Віталём толькі яна. Барталамей, муж Алены, проста суправаджаў яе аўтам, быў за стырном у той дзень, калі яны забіралі Віталя.

Яны не ўцякалі ад памежнікаў, а, наадварот, хацелі, каб іх знайшлі, але не бачылі службовага аўтамабіля. Вымушаныя былі з’ехаць, бо Віталь быў мокры (пасля пераплыву раку), а было холадна, 6 сакавіка.

На пытанне суддзі, чаму Алена не папярэдзіла памежнікаў, што будзе нелегальны пераход, жанчына патлумачыла, што

баялася, каб яго не развярнулі: у Беларусі Віталю пагражае ў найлепшым выпадку 10 гадоў турмы, а то і смерць.

Кажа, што калі Віталь мінуў мяжу, то яны яшчэ спалі. І арганізатарам яна не была, бо лакалізацыю дасылала не яна, а сам Віталь, каб абазначыць, што з ім усё добра. Яна хвалявалася за мужчыну як сябра і не збіралася яго хаваць.

Падчас судовага паседжання Віталь распавёў, што ў Беларусі сілавікі адабралі ў яго пашпарт, таму ён не мог афіцыйна мінуць мяжу. А вось чым ён займаўся ў Беларусі:

«Калі я пабачыў, што адбываецца ў Беларусі, я не мог заставацца ўбаку. Браў удзел у пратэстах. Затым у раёне нашага гораду ў нас утварылася кампанія, з якой мы праводзілі розныя актыўнасці: распісвалі платы і гэтак далей. Маючы лідарскія задаткі, я аб’ядноўваў людзей, каб мы нешта пачыналі рабіць, каб людзі не баяліся выходзіць на пратэсты.

Бо калі ты выходзіш адзін, цябе проста могуць затрымаць, а калі нас шмат, гэта бяспечней. Таксама я друкаваў газеты, улёткі, меў кантакты з друкарняй».

Паводле падсуднага, у Беларусі ён мог атрымаць да 10 гадоў турмы, а маглі і забіць:

«З нашай супольнасці была здрадніца, якая падпісала дамову на супрацу з сілавікамі, і ім трэба было кагосьці затрымаць».

Падчас затрымання памежнікамі Віталь прасіў толькі не вяртаць яго ў Беларусь, прасіў палітычнага прытулку.

Праз антыкаронавірусныя захады ў судовай зале дазволілі застацца толькі бацькам Віталя і журналістам. Жонка падсуднага чакае вынікаў паседжання па-за залаю суда. У Віталя ёсць трохгадовае дзіця.

Суд пастанавіў працягнуць разгляд справы Віталя, Алены і Барталамея 11 лютага.

Hавiны
За дзень у Польшчу ўехалі 80 беларусаў – яны ратаваліся ад рэпрэсіяў
2022.01.08 16:08

Марыля Дакуцька, belsat.eu

Стужка навінаў