Часам не да статыстыкі. Навошта ўлады Беларусі ўсё часцей хаваюць дадзеныя і ці можна ім давяраць


За апошнія два гады беларуская статыстыка ўсё больш і больш пакрывалася чорнымі дзіркамі. Вось і цяпер справа дайшла да дзяржаўнага доўгу. Разбіраемся, якія наступствы могуць быць у такой палітыкі і ці можна наогул цяпер давяраць афіцыйным дадзеным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Схавалі статыстыку адносна доўгу

Міністэрства фінансаў Беларусі ў паведамленні аб стане дзярждоўгу вырашыла не публікаваць крыніцы запазычання і адрасы пагашэння пазык. Цяпер невядома, у каго і колькі дзяржава пазычае, і каму колькі доўгу аддае.

Між тым знешняе дзяржаўнае запазычанне ў лістападзе вырасла на $ 99,4 млн да $ 1,165 млрд. Гэты рост быў найбольшым за чатыры месяцы. Але адкуль прыйшлі грошы невядома, хоць раней гэта не хавалася. Не вядома і тое, каму Беларусь у лістападзе аддала ранейшыя пазыкі на $ 64,5 млн. гэта, дарэчы, найменшая сума за 4 месяцы. Перавышэнне ў лістападзе паступлення знешніх дзяржпазвк у Беларусь над пагашэннем зафіксаванае ўпершыню за пяць месяцаў.

У доларах дзяржаўны (улучна гарантаваны дзяржавай) сукупны – знешні і ўнутраны – доўг Беларусі ў лістападзе вырас да гістарычнага максімуму ў $ 26,328 млрд, перавысіўшы ранейшы рэкорд, які быў у чэрвені 2021-га ($ 26,126 млрд). Гэта адбылося ў большай ступені за кошт прыросту знешняга гарантаванага дзяржавай доўгу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«У лістападзе адбылося вельмі сур’ёзнае знешняе запазычанне грошай нейкімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі пад гарантыі ўраду», – прыходзіць да высновы infobank.by.

Але хто, ад каго і якія атрымаў крэдыты, застаецца загадкай з-за новых практык Мінфіна.

Не дзярждоўгам адзіным

Новыя цуды з беларускай эканамічнай статыстыкай пачаліся летам 2021 года, адразу пасля ўвядзення еўрапейскіх, а затым і амерыканскіх санкцый. Так, ужо ў ліпені Белстат перастаў публікаваць звесткі аб знешнім гандлі нафтай, нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і прадукцыяй машынабудавання.

Затым з 13 жніўня адзіны партал электронных паслугаў прыпыніў прадастаўляць дадзеныя мытнай статыстыкі знешняга гандлю.

Частку звестак хавалі і раней, але не ў такіх аб’ёмах. У выніку толькі за сем месяцаў 2021 года былі схаваныя дадзеныя адносна экспарту тавараў у агульнай лічбе на $ 8,2 млрд. А за ўвесь 2020 год засакрэчаны экспарт Беларусі быў у пяць разоў меншы – $1,6 млрд.

Смерць і пенсіянеры – таксама таямніца

Эканамічная статыстыка – гэта не адзіныя засакрэчаныя звесткі Беларусі, якія сталі такімі за апошнія два гады. Ужо з вясны 2020 года Белстат не публікуе і звесткі аб смяротнасці насельніцтва. Гэта супала з пачаткам эпідэміі каронавірусу ў Беларусі.

Артыкулы
«Значна павялічылася колькасць людзей, якія паміраюць у месцах зняволення». Чаму?
2021.12.14 11:51

Спачатку статыстыка яшчэ перадавалася ў ААН. Дзякуючы гэтаму ўдалося даведацца, што ў чэрвені 2020 года смяротнасць у Беларусі перавысіла ўзровень чэрвеня 2019-га на 3753 чалавекі. У траўні залішняя смяротнасць супраць траўня 2019 года склала 1309 чалавек, а ў красавіку – 543. Усяго за тры месяцы было на 5605 смяротных выпадкаў больш, чым за той жа перыяд у 2019 годзе. І гэта пры тым, што па стане на 13 студзеня 2022 года Міністэрства аховы здароўя паведамляе толькі пра 5774 смерцях ад COVID-19. З-за чаго празменрна паміраюць беларусы, застаецца загадкай.

Затым статыстыка па смяротнасці знікла і з гадавых дадзеных. Беларусам толькі паказалі агульную лічбу па насельніцтве, дзякуючы якой удалося даведацца толькі тое, што за 2020 год колькасць жыхароў нашай краіны знізілася на 60 614 чалавек супраць 18 998 чалавек за 2019 год. Рост больш у чым тры разы, але праз адсутнасць дадзеных аб смяротнасці, нараджальнасці і міграцыі, аб дакладных прычынах гэтага застаецца толькі гадаць. На думку экспертаў, толькі ў 2020 годзе ад каронавірусу памерлі больш за 20 тыс. беларусаў. Дадзеных па колькасці насельніцтва за 2021 года пакуль няма.

Hавiны
20 тыс. памерлых і 640 тыс. захворванняў. Эксперты агучылі статыстыку аб COVID, якую маглі схаваць улады
2021.02.17 18:17

Дарэчы, пасля статыстыкі пра смяротнасць зніклі і дадзеныя адносна пенсіянераў – самай уразлівай да каронавірусу групы насельніцтва. Калі раней яны публікаваліся, то ў зборнік «Сацыяльна-эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь у студзені-лістападзе 2021 года» Белстат такія дадзеныя не ўнёс.

На пачатак лістапада 2021 года ў Беларусі было 2 млн 422,2 тыс. пенсіянераў, а на канец 2020-га – 2 млн 485,8 тыс. і 2 млн. 531,9 тыс. на канец 2019-га. Атрымліваецца, што за 2020 год лічба пенсіянераў скарацілася на 46,1 тыс. чалавек, а за няпоўны 2021-ы – на 63,6 тыс. за два гады іх стала менш амаль на 110 тыс.

Люди в масках на улицах Минска, масочный режим в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Статыстыка патрэбная не толькі дзяржаўным органам

Праблема схаванай статыстыкі заключаецца ў тым, што яна патрэбная не толькі дзяржорганам, адзначыла ў каментары «Белсату» акадэмічны дырэктар «BEROC» Кацярына Барнукова.

«На яе аснове многія людзі прымаюць рашэнні. Умоўна кажучы, калі мы не бачым дадзеных па смяротнасці, мы не можам зразумець, наколькі вялікую пагрозу ўяўляе з сябе COVID. І адпаведна людзі не звяртаюцца да тых мер, да якіх яны маглі б звяртацца, калі б ведалі, што на самай справе смяротнасць значна вышэйшая ад тых афіцыйных лічбаў, якія публікуе Міністэрства аховы здароўя», – падкрэсліла эканаміст.

Hавiны
Абяцанне Лукашэнкі «разабрацца з каронавірусам» вылілася ў адмену ўсіх антыковідных абмежаванняў
2021.10.19 17:26

На яе думку, дзейныя ўлады Беларусі спрабуюць схаваць нязручную для іх статыстыку.

«Зразумела, што забарона на звесткі па калію і нафце ўвялі роўна ў той момант, калі ўвялі санкцыі на іх», – мяркуе Кацярына Барнукова.

Чыноўнікам і бізнесу таксама не так проста

Эканаміст адзначыла, што, не ведаючы таго, «што адбываецца з экспартам, ці працуюць санкцыі», людзі і прадпрыемствы горш могуць прагназаваць стан эканомікі ў будучыні. А значыць, не могуць падрыхтаваць да яго сваю кампанію.

«Напрыклад, калі мы прагназуем, што будзе спад эканомікі, то, напэўна, варта ўкладваць у развіццё больш танных прадуктаў і паслуг. І наадварот. Гэта [ўтойванне статыстыкі. – Рэд. Belsat.eu] перашкаджае прымаць эфектыўнае рашэнне, рабіць правільны выбар», – падкрэсліла Кацярына Барнукова.

На яе думку, гэта тычыцца і чыноўнікаў, паколькі прыхаваная інфармацыя даступная далёка не ўсім з іх, а «вельмі абмежаванай колькасці людзей».

Комаровский рынок, торговля
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«А іншым людзям трэба пісаць спецыяльныя запыты, каб яе атрымаць. Альбо яна наогул недаступная. Нават для чыноўнікаў гэта стварае пэўныя абмежаванні ў доступе да інфармацыі. А раз менш інфармацыі – значыць горшае прыняцце рашэнняў», – упэўненая эканаміст.

Лепш, чым Міністэрства аховы здароўя

У той жа час Кацярына Барнукова мяркуе, што «тое, што Белстат хавае інфармацыю, – гэта лепш, чым тое, што робіць Міністэрства аховы здароўя, якое відавочна выдае ў якасці статыстыкі па смерцях ад COVID нейкі набор выпадковых лічбаў».

«Лепш не паказваць, чым паказваць няпраўду. Таму ў гэтым плане я ўсё яшчэ белстатаўскім дадзеным, якія пакуль даступныя, давяраю», – адзначыла эканаміст.

Пры гэтым яна адзначыла і пэўныя хітрыкі Белстата, які часам пераносіць публікацыю нявыгадных у пэўны момант звестак, як гэта было з аглядам рынку працы ў траўні 2020 года.

«Искамед»
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Такія хітрыкі бываюць, але іх відаць. Іх можна ўлічыць. Гэта лепш, чым адкрытае хлусня. Таму пакуль няма падставы лічыць, што на ўзроўні Белстата нейкія такія рэчы адбываюцца. Што, увогуле, не значыць, што яны не пачнуць адбывацца ў будучыні», – мяркуе Кацярына Барнукова.

Што засакрэцяць наступным разам?

На думку акадэмічнага дырэктара «BEROC», у агляднай будучыні можна чакаць і новых засакрэчаных звестак. Напрыклад, сітуацыя з забаронай транзіту прадукцыі «Беларуськалію» праз Літву адаб’ецца не толькі на ім, але і, напрыклад, на БЧ.

Hавiны
Літоўская чыгунка раскрыла магчымыя «дзіры» ў спыненні транзіту «Беларуськалію»
2022.01.13 09:05

«І ўсе магчымыя адказы ў выглядзе гандлёвай вайны з Літвой таксама будуць біць па БЧ, па транспартніках. Таму мы можам убачыць, напрыклад, засакрэчванне інфармацыі па транспарце. Акрамя таго, можа быць засакрэчванне інфармацыі на ўзроўні раёнаў. Яе не так шмат, але тая статыстыка, якая ёсць, тэарэтычна можа праліць ускосна святло на стан такіх горадаўтваральных прадпрыемстваў, як «Беларуськалій», «Нафтан», якія пад санкцыямі. Таму таксама могуць пачаць хаваць гэтыя дадзеныя. Ёсць пакуль, што яшчэ можна хаваць», – мяркуе Кацярына Барнукова.

Як мяркуе эканаміст, перш за ўсё будуць засакрэчаныя тыя дадзеныя, па якіх у Беларусі няма абавязку падаваць іх у міжнародныя арганізацыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў