АДКБ – хуткая дапамога дыктатарам


Арганізацыя па калектыўнай бяспецы ператварылася ў пажарную і ўзаемную хуткую дапамогу дыктатараў. Як дзейнічаюць расейскія «міратворцы» ці «ветлівыя людзі» ведаюць і Малдова, і Грузія, і Украіна. Ці сапраўды замежную вайсковую інтэрвенцыю ў Казахстане можна назваць міратворчай? Як Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін могуць выкарыстоўваць АДКБ? Пра тое як каментуюць экс-міністр абароны Малдовы Віёрэл Чыбатару, Максім Маёраў з Цэнтру стратэгічнай камунікацыі і інфармацыйнай бяспекі ў Кіеве і беларускі палітолаг Павел Усаў.

У Паўночна-атлантычнага альянсу з’явіўся канкурэнт – АДКБ. Прынамсі пасля таго, як сілы АДКБ былі задзеяныя ў здушэнні народнага паўстання ў Казахстане. Арганізацыя Дамовы калектыўнай бяспекі перайшла на якасна іншы ўзровень – міжнародны. Але ці наблізілася ў сваёй палітычнай вазе да NATO?

Павел Усаў, палітолаг, Варшава:

«Па-першае, NATO ніколі не ўдзельнічала, каб здушваць нейкія рэвалюцыі ці мяцяжы ў трэціх краінах. Яно не ўдзельнічала ў падтрыманні рэвалюцыяў ці палітычных пераваротаў. Безумоўна, АДКБ і Расея спрабуе выкарыстаць дэстабілізацыю некаторых постсавецкіх краінаў для пашырэння ўплываў і ў гэтым кантэксце Казахстану, дзе АДКБ выкарыстоўваецца ў якасці дэманстрацыі ўнутранай аўтарытарнай салідарнасці».

Аўтарытарная салідарнасць неабходная для прасоўвання інтарэсаў Расеі. У перспектыве ў краінах АДКБ могуць з’явіцца не толькі расейскія вайсковыя базы, але і базы АДКБ як элемент расейскай стратэгічнай інфраструктуры. А Казахстан можа стаць пляцоўкаю для абкаткі такой схемы. Варта падрыхтавацца да такой расейскай інвазіі Беларусі, Таджыкістану, Арменіі, Кыргызстану. З аднаго боку, гэта будзе праява агульнай вонкавай кансалідацыі дыктатураў, з другога – Расею цяжка будзе звінаваціць у наўпроставай агрэсіі.

«Думаю, што гэтыя працэсы могуць разгортвацца паралельна. У Некаторых краінах, якія ёсць сябрамі АДКБ, ужо ёсць расейскія базы. Гэта Кыргызстан, Арменія. Безумоўна, можна чакаць, што АДКБ перажыве ўнутраную трансфармацыю. У перспектыве стане інструментам умоўна прасоўванне інтэрнацыянальнай вайсковай прысутнасці, а ў рэчаіснасці расейскай вайсковай прысутнасці ў рэгіёне Сярэдняй Азіі, а магчыма, нават і Беларусі», – мяркуе Павел Усаў.

Кантынгент АДКБ быў патрэбны Касым-Жамарту Такаеву, каб захаваць сваю ўладу. Калі падчас пратэстаў адбылася барацьба кланаў, Такаеў не адчуў, што мае ўнутраныя рэсурсы, каб стабілізаваць сітуацыю. Цяпер Такаеў абавязаны Пуціну. І пакуль дэкларуе, што войскі АДКБ будуць выведзеныя на працягу дзесяці дзён. Цікава, як Лукашэнка скарыстае сітуацыю з увядзеннем войскаў АДКБ у Казахстан? Куды ён скіраваў замест абяцаных некалькі соцень вайскоўцаў некалькі дзясяткаў.

ВІДЭА
Па якім сцэнары пойдзе Такаеў? Стрым «Белсату»
2022.01.12 15:39

Каментуе Павел Усаў:

«Ён атрымаў шырокую прастору для палітычнага манеўру ў краіне. Калі сітуацыя ў Казахстане будзе вельмі драматычная, у выпадку смяротных ахвяраў і кровапраліцця, гэта будзе выкарыстана беларускаю прапагандаю для паглыблення і пашырэння ўнутраных рэпрэсіяў. Для гандлю з Захадам. І гэта можа служыць прэтэкстам, каб перанесці рэферэндум аб Канстытуцыі альбо яго адмяніць».

На сённяшні момант Лукашэнкі няма магчымасці выйсці з-пад кантролю Масквы, лічыць адмыслоўца. Расея скіраваная стварыць новую сістэму бяспекі і новую геапалітычную прастору на постсавецкім абшары. Тая ж Малдова з часу пачатку канфлікту ў Прыднястроўі не на словах ведае, хто такія расейскія міратворцы, і як цяжка потым папрасіць іх сысці з твайго дому.

Віёрэл Чыбатару, былы міністр абароны Малдовы:

«Вядома, Расейская Федэрацыя дэманструе гэта як абсалютна паспяховую аперацыю, якой падтрымліваецца мір на Днястры, абараняе грамадзянаў на абодвух берагах Днястра. Насамрэч гэта ўсё туфта. Аперацыя ў сваім тэхнічным баку разводзе сілаў, папярэджанне актыўнасці нейкіх самастойных групаў, (…) зняцце абстаноўкі канфліктнасці завершылася ў 1993 годзе. Пасля гэтага ўсе гэтыя пасты – гарантыя існавання самаабвешчанай рэспублікі».

Як дзеюць расейскія «міратворцы», ці «ветлівыя людзі», ведаюць і Малдова, і Грузія, і Украіна. Дык ці можна вайсковую аперацыю АДКБ у Казахстане назваць міратворчаю?

«Гэта не міратворчая аперацыя, ні паводле стандартаў ААН, у якой вельмі дакладна распісваюцца правілы, сродкі і метады, як гэтыя аперацыі рыхтуюцца, як прымаюцца рашэнні, якія ангажуюцца палітычныя сілы на нацыянальным і на шматнацыянальным узроўні. (…) У гэтым выпадку не прымальна, як гэта патлумачылі. Гэта спасылкі на нейкіх міфічных тэрарыстаў, пры поўнай адсутнасці праўдзівых правераных звестак – пра тэхнічнае і вайсковае забеспячэнне, мэты і гэтак далей», – упэўнены Віёрэл Чыбатару.

Фактычна ўвесь свет пабачыў, што ёсць мірныя дэманстрацыі і кола радыкалаў, якія нейкім чынам завалодалі зброяй. Калі пачалося паўстанне, прэзідэнт Казахстану Такаеў пераканаўся, што прадстаўнікі сілавых структураў не маюць да яго аніякай лаяльнасці. Найвышэйшае кіраўніцтва сілавых структураў працягвала быць адданым Нурсултану Назарбаеву. А звычайныя сілавікі пачалі пераходзіць на бок народу, прычым іхнае кіраўніцтва спакойна на гэта глядзела. Таму дапамога Пуціна азначала для Такаева і ўтрыманне ўлады, і легітымнасць.

Віёрэл Чыбатару, былы міністр абароны Малдовы:

«Абсалютна ясна, што гэта аднаасобнае рашэнне Расеі. Яна выкарыстала сітуацыю ў Казахстане выключна дзеля сваіх мэтаў. Можам гадаць, можам ствараць сцэнары: навошта? (…) Нават калі Такаеў перастаў давяраць паліцыі, спецслужбам, падраздзяленням правапарадку, то ўвод гэтага кантынгенту можа азначаць супакаенне ўзброеных сілаў Казахстану і ўсіх гэтых структураў».

Ці чакаць нейкую рэакцыю Захаду з асуджэннем увядзення кантынгенту АДКБ у Казахстан? І здушэнне народных пратэстаў?

Максім Маёраў, Цэнтр стратэгічнай камунікацыі ды інфармацыйнай бяспекі, Кіеў:

«Захад не можа проста асудзіць гэта як інтэрвенцыю. Не можа проста назваць рэчы сваімі імёнамі. Бо фармальна запрашэнне ад спадара Такаева было, гэта неяк упісваецца ў тыя мэты, якія ставіць перад сабой АДКБ. Але з іншага боку, ужо ёсць пытанні, наколькі гэта было апраўдана. З пункту гледжання не столькі працэдураў, колькі мэтазгоднасці. У Захаду вялікія пытанні да мэтазгоднасці і ўжыванне гвалту супраць пратэстоўцаў. Гэта выглядае не цывілізавана».

ВІДЭА
Ці магчымы дыялог Аляксандра Лукашэнкі з Захадам?
2022.01.10 18:05

Хутчэй за ўсё, з боку Захаду не будзе ніякіх санкцыяў, лічыць адмыслоўца. Але з іншага боку, Казахстан, які залежыць ад заходніх інвестыцыяў, пасля гэтых падзеяў страціць фінансава: ні Кітай, ні заходнія краіны ўкладаць сродкі ў нестабільны рэгіён не будуць.

Максім Маёраў, Цэнтр стратэгічнай камунікацыі ды інфармацыйнай бяспекі, Кіеў:

«Ці стане гэты першы выпадак выкарыстання сілаў АДКБ прэцэдэнтам? Калі стане, шмат хто кажа, што, хутчэй за ўсё, АДКБ будзе выглядаць як хуткая дапамога дыктатарам, якія па першаму выкліку карумпаваных саюзнікаў Пуціна, якія пакутуюць ад уласнага народу, але спрабуюць утрымацца, яны могуць разлічваць на падтрыманне фактычна Расеі».

Відавочна, што цяпер супраць любога мірнага пратэсту ў Беларусі – з кветкамі і балонікамі – могуць быць кінутыя сілы АДКБ: у выпадку, калі Лукашэнка, як Такаеў, засумняваецца ў лаяльнасці сваіх сілавікоў. У свой час АДКБ пакінулі Узбекістан, Азербайджан і Грузія. Чым не прыклад для новай Беларусі.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

 

 

Стужка навінаў