Чаму дружыннікі «выміраюць», або Навошта сабаку пятая нага?


Колькасць дружыннікаў-дабраахвотнікаў у Менску за апошнія 4 гады скарацілася на палову, а менская міліцыя робіць недастаткова, каб заахвоціць іх да супольнага нясення службы ў ахове грамадскага парадку. Пракуратура патрабуе «зліквідаваць адзначаныя хібы». Ці не лепш зліквідаваць дружыны?

Хто ідзе ў дружыннікі?

Дружыннікам можа стаць любы грамадзянін Беларусі, што дасягнуў поўнагадовага ўзросту, не быў асуджаны ды «адпавядае паводле маральна-дзелавых якасцях». Хоча ж далёка не кожны.

Маладыя сябры БРСМ яшчэ могуць спакусіцца на «крутую» форму (амаль як у АМАПаўцаў) ды на ільготы пры паступленні ў навучальныя ўстановы МУСу. Для гэтага пры БРСМ стварылі Моладзевы атрады аховы правапарадку (МААП), якія нават часам можна пабачыць у дзеянні: гэтак, год таму МААПаўцы актыўна перашкаджалі фатографу “ByMedia.net” здымаць першамайскі мітынг. Дзялі маладзёны, яўна беручы прыклад са сваіх «старэйшых таварышаў» з міліцыі.

А вось «дарослыя» дружыннікі ніякіх ільготаў не маюць, у найлепшым выпадку шараговы дружыннік атрымае грамату. Хоць вядомыя выпадкі, калі ў рэгіёнах камандзіры дружынаў атрымлівалі грашовыя ўзнагароды ад праваахоўнікаў за добрую арганізацыю супрацы. Такіх выпадкаў няшмат, як няшмат і прэцэдэнтаў добрага саюзу міліцыі і дружынаў.

Замест дапамогі – лішнія праблемы

Выклікае шмат сумневаў і эфектыўнасць працы дружыннікаў-дабраахвотнікаў. Часта ў «добраахвотныя» дружыны можна трапіць «паводле разнарадкі» з месца працы, без усялякага адбору. А непрафесіяналізм дружыннікаў у выніку толькі дадае галаўнога болю праваахоўнікам.

Гэтак, падчас сумеснага семінару Гарадзенскай пракуратуры і міліцыі на пачатку траўня агучылі факты, калі дружыннікі спрабавалі прыцягнуць да адказнасці несвядомых асобаў і нават… дзяцей, якія не сягнулі ўзросту, калі могуць панесці пакаранне. Апроч таго, былі выпадкі, калі затрыманыя дружыннікамі грамадзяне называліся іншымі імёнамі, указвалі пашпартныя звесткі сваіх знаёмых і праз гэта да адказнасці прыцягваліся невінаватыя.



Пракуратура адносна рэгулярна праводзіць праверкі дзейнасці дружынаў не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах. Цягам апошніх 5 гадоў адныя і тыя ж фармулёўкі пераходзяць з адной справаздачы ў іншую: «арганізацыя працы мае фармальны характар», «дружыны бяздзеяць», «навучанне дружынаў не ажыццяўляецца». Былі і выпадкі, калі сябры дружынаў нават не ведалі пра тое, што яны «добраахвотна» запісаліся ў памочнікі праваахоўнікаў.

Пункты, пра якія ніхто не ведае

Падчас калегіі Менскай пракуратуры і міліцыі разгледзелі вынікі працы падраздзяленняў менскай міліцыі з добраахвотнымі дружынамі ды саветамі грамадскіх пунктаў аховы парадку.

Як паведамляе сайт Генпракуратуры, у толькі ў Менску стварылі 118 грамадскіх пунктаў аховы правапарадку і 99 саветаў. Чым займаюцца гэтыя пункты ды іх саветы – загадка бадай для большасці грамадзянаў Беларусі. Нават пракуратура прызнае, што «маюць месца факты, калі паседжанні саветаў грамадскіх пунктаў не праводзяць або на іх прысутнічае менш за палову іх складу». Паседжанні такіх саветаў паводле пракуратуры «прагульваюць» і самыя міліцыянты, што ўваходзяць у іх склад.

Нераскрыты патэнцыял ці савецкі атавізм?

Што можа дружыннік? Даведка «Белсату»



Дзейнасць добраахвотных дружынаў рэгулюе закон «Аб удзеле грамадзянаў у ахове правапарадку».

Дружыннік мае права:

– затрымаць правапарушальніка і перадаваць яго ў праваахоўныя органы,

– браць удзел у ачапленні тэрыторыі,

– прымяняць да правапарушальніка фізічную сілу ў адпаведнасці з заканадаўствам.

«Гэта адгалоскі савецкага перыяду, аджылая форма грамадзянскай ініцыятывы, – гаворыць старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. – Грамадзяне могуць арганізавацца, але гэта мае быць форма менавіта самаарганізацыі, а не прымусовае ўтварэнне пад кіраўніцтвам міліцыі».

«Забеспячэннем правапарадку ў гарадах і сельскай мясцовасці мае займацца міліцыя. Мы плоцім падаткі, дзяржава выдаткоўвае вялізарныя грошы на праваахоўнікаў. Наяўнасць такога кшталту грамадзянскіх фармаванняў кажа пра тое, што міліцыя не поўнасцю дае рады са сваймі задачамі і не выконвае сваіх функцыяў», – дадаў праваабаронца.

А вось былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў мяркуе, што самая ідэя добраахвотных дружыннікаў – добрая. «Калі чалавек ідзе ў дружынннікі, высокапарна кажучы, паводле клічу сэрца, а не прымусова ці ў надзеі на нейкія прэферэнцыі, то гэта справа карысная. Ад яе можа быць адчувальная дапамога для ўчастковых, – зазначае Мікалай Казлоў. – Але ў нас любая ідэя даводзіцца да абсурду».

Паводле суразмоўцы, дружыннікі могуць выконваць нескладаныя даручэнні ўчастковага. «Адначасова з гэтым, мае быць зарганізаванае належнае навучанне. Дружыннік мусіць дакладна ўсведамляць, што ён можа рабіць, а што – не», – дадаў Мікалай Казлоў.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў