Ці беларусы дорага цэняць незалежнасць і каго вінавацяць у цяжкім жыцці?


На замову «Белсату» сёлета ўвесну сацыялагічны цэнтр «Люстэрка-Інфа» правёў адмысловае апытанне беларусаў, з якога вынікае: толькі 4 % жыхароў краіны бачаць будучыню Беларусі ў якасці самастойнай і незалежнай дзяржавы.

Прыкладна па-роўну размеркаваліся галасы тых, хто хоча супрацы з Усходам і Захадам – 27 % жыхароў краіны выказваюцца за саюз з Расейскай Федэрацыяй, а 23 % хацелі б, каб Беларусь увайшла ў Еўразвяз. Ажно 22 % беларусаў дагэтуль сумняюцца і не ведаюць, якім шляхам мусіць развівацца радзіма. 

Як вынікае з леташніх нацыянальных апытанняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, у выбары партнёраў беларусы схільныя вагацца: калі яшчэ ў чэрвені 2012 года, выбіраючы паміж аб’яднаннем з Расеяй і ўступленнем у Еўрапейскі Звяз, за першы варыянт выказваліся 43,6 %, а за другі – 39,8 %, то ў кастрычніку гэтыя суадносіны сталі адваротныя: 36,2 % і 44,1 % адпаведна.

Будучыня маладых беларусаў – за мяжою ў якасці бізнесоўца

Разам з тым, ажно 39 % апытаных падчас замоўленага «Белсатам» даследавання без ваганняў заявілі: я б паслаў пры магчымасці сваіх дзяцей ці ўнукаў навучацца за мяжою. Яшчэ амаль 30 % няўпэўненыя, але таксама хутчэй абралі б замежную адукацыю для дзяцей. Толькі 9 % за “патрыятычнае навучанне” сваіх нашчадкаў у Беларусі, а 14 % мяркуюць, што, хутчэй, не жадалі б для сваіх дзяцей замежнай адукацыі.

Адныя з найбольш папулярных прафесіяў у нашай краіне, якія для сваіх дзяцей абралі па 27 % грамадзянаў, – бізнесоўца, індывідуальны прадпрымальнік, фермер. Столькі ж беларусаў жадае, каб іх малодшыя сямейнікі сталіся кваліфікаванымі працаўнікамі: інжынерамі, выкладчыкамі ды рабочымі-адмыслоўцамі. Крыху менш (22 %) набралі творчыя прафесіі: мастак, праграміст, журналіст і г. д. Каб іх дзеці сталі дзяржаўнымі служачымі – чыноўнікамі, вайскоўцамі ды міліцыянтамі – жадаюць усяго 13 % жыхароў Беларусі.

Хто адмоўна ўплывае на развіццё краіны?

У бедах Беларусі вінаваты ўрад – упэўненыя 36 % беларусаў. У 2 разы меней людзей (17 %) лічаць, што адмоўна ўплывае на развіццё Беларусі апазіцыя. Прыкладна роўная колькасць беларусаў вінаваціць у няшчасцях Расею (9 %) ды Еўразвяз (10 %). Зноў жа, ажно траціна апытаных (32 %) не ведаюць, хто шкодзіць краіне.

Пра «кроўнае»



27 % апытаных перакананыя, што беларускія прадпрыемствы мусяць застацца ўласнасцю дзяржавы. Сярод рэшты існуе меркаванне, што заводы найлепш прадаць беларускім інвестарам (22 %), а таксама еўрапейскім (21 %). За продаж прадпрыемстваў расейскаму боку выступаюць 17 %, а продаж беларускай маёмасці кітайцам падтрымліваюць 4 %.

Ажно 38 % беларусаў, адказваючы на пытанне «ці не баіцёся вы захоўваць грошы ў беларускіх банках», адказалі: захоўваць няма чаго і паслугамі банкаў не карыстаемся. Давярае беларускім банкам толькі 15 %, баяцца несці туды грошы – 12 % жыхароў Беларусі. Вагаецца ў дадатны бок – 25 %, у адмоўны – 32 %.

Пра справядлівасць і суды

Большасць беларусаў з недаверам ставіцца таксама да беларускіх судоў: 17 % увогуле не спадзяюцца на справядлівы суд, а 32 % – хутчэй не, чымся так. Толькі кожны дзясяты апытаны пайшоў бы ў суд з лёгкаю душою і перакананнем, што там усё шчыра. 25 % схіляюцца да таго, што беларускі суд хутчэй справядлівы, чымся не.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў