139 дзён пратэсту. Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь, Расея намагаецца пашырыць уплыў на нашую краіну


У Беларусі 139 дзён працягваюцца паслявыбарчыя пратэсты. Belsat.eu падводзіць вынікі гэтага дня.

Святая імша ў Чырвоным касцёле. 25 снежня 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

25 снежня ў касцёле св. Сымона і св. Алены мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў урачыстую святую Імшу.

Віншаванне мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды Калядаў апублікаваў сайт catholic.by.

Амаль чатыры месяцы Тадэвуш Кандрусевіч не мог вярнуцца на радзіму. Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік каталіцкага епіскапату заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт, а Лукашэнка і чыноўнікаў – пачаць «канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях невінаватых грамадзянаў».

Крэмль стварае партыю супраць Лукашэнкі, але за інтэграцыю з РФ

Выданне «The Insider» публікуе дакументы, у якіх нібыта адлюстроўваюцца планы Адміністрацыі прэзідэнта Расеі на беларускім напрамку. Паводле рэсурсу, упраўленне прэзідэнта РФ па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі, якое ўзначальвае генерал СВР Уладзімір Чарноў, Крэмль актыўна працуе ў Беларусі. Цяпер вядзецца праца па стварэнні новай партыі «Права народа», якая будзе выступаць супраць Лукашэнкі, але за інтэграцыю з Расеяй.

Расея імкнецца захаваць уплыў у Беларусі. Адміністрацыя Крамля актыўна шукае магчымасці дзеля гэтага і цяпер імкнецца не толькі патрапіць у кіроўныя органы ўсіх апазіцыйных структураў, але і стварае свае грамадскія арганізацыі і сетку мясцовых лідараў грамадскай думкі.

Палітвязняў пакідаюць у турмах

Палітвязню Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы, да 25 сакавіка. Пра гэта паведаміла ў сваім Instagram жонка Ігара Дар’я Лосік.

25 снежня тэрмін утрымання Ігара Лосіка пад вартай меўся скончыцца. Але 15 снежня палітвязню агучылі новае абвінавачванне – «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК РБ). У выніку Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 25 сакавіка.

Ігар Лосік не прызнае віны і абвесціў бестэрміновую галадоўку да зняцця ўсіх абвінавачанняў або змены меры стрымання. Ён лічыць свой крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Ігар і Дар’я Лосікі. Фота з Facebook

Ігар Лосік – блогер, адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга». Блогер актыўна асвятляў падзеі вакол выбарчай кампаніі прэзідэнта Беларусі. Яго затрымалі 25 чэрвеня ў Баранавічах.

Паўлу Севярынцу працягнулі следчы працэс яшчэ на два месяцы. Пра гэта паведаміла ў Facebook ягоная жонка Вольга. Павел даслаў дадому ліст з такою навіною.

Павел паведамляе таксама, што ў яго змяніўся следчы, новы – з Круглянскага раёну (Магілёўскай вобласці).

«Відаць, у Менску жадаючыя скончыліся», – іранізуе Павел у лісце да жонкі.

Севярынец не падпісаў пастанову пра «працяг следства» да 20 лютага 2021 года.

«Нічога, кажу, я падпісваць не буду, гэта беззаконне. За фабрыкацыю крымінальнай справы будзе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. Вы, кажу, лепш займіцеся заявамі ад мірных грамадзянаў, якіх на вуліцы збіваюць невядомыя ў чорным. Маўчыць. Бачу, крыжык на шыі. У Бога верыце, кажу? Бог бачыць. Тут ён уперыў у мяне «цвёрды позірк», ды і хвіліны ня вытрымаў, вочы апусціў. Потым яшчэ раз, але зноў – вочы долу. Грызе, відаць, сумленне. Няхай Госпад прабачыць», – распавёў Павел у лісце.

Павел Севярынец быў затрыманы яшчэ да выбараў – 7 чэрвеня, калі вяртаўся з пікету па зборы подпісаў. У адносінах да яго распачатая справа па ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых закалотаў»).

Павел Севярынец.
Фота: прэс-служба МУС

У Драгічыне карэспандэнт сайта «Першы Рэгіён« Сяргей Гардзіевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам. Пра гэта стала вядома 25 снежня, калі скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання журналіста.

Гардзіевіча затрымалі 22 снежня з удзелам амапаўцаў па дарозе з Драгічына ў Берасце. Пазней у яго доме адбыўся ператрус.

Прадстаўнік СК патлумачыў тады жонцы журналіста, што затрыманне звязанае са справай, распачатай паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса РБ («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Гаворка ідзе нібыта пра рэпост паведамлення ў адной з драгічынскіх суполак у Viber, да якой мае дачыненне Сяргей Гардзіевіч.

Hавiны
Лукашэнка хоча зрабіцца другім Брэжневым
2020.12.25 12:02

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

 

Стужка навінаў