Пахаваныя жывымі: ТОП-5 выпадкаў, як людзі ўратаваліся пад руінамі (+ фота)


Жанчыну, якая 17 дзён правяла пад руінамі фабрыкі, учора выратавалі ў Бангладэшы. Самы доўгі час, які чалавеку ўдалося пражыць, пахаваным зажыва пад заваламі, складае 63 дні.

Трагедыя ў Бангладэшы адбылася 24 красавіка. У прадмесці сталіцы Дакі абрынуўся 8-павярховы комплекс «Rana Plaza», які забраў жыцці 1 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што будынак быў у аварыйным стане, у ім месцілася колькі швейных фабрык. Целы шмат каго з тых, каго дасталі з-пад руінаў, пачалі раскладацца. Іх апазнавалі паводле пропускаў і мабільных тэлефонаў.

На 17-ты дзень, калі ратавальнікі разбіралі завалы, яны пачулі крык жанчыны. Увесь гэты час, заціснутая між дзвюма бетоннымі плітамі, яна клікала на дапамогу. Рэшма (Reshma) – так завуць гераіню – адразу пасля вызвалення з бетоннага палону распавяла, што выжыла дзякуючы 2 бутэлькам вады, якія былі побач. Жанчына не атрымала сур’ёзных траўмаў, але яна была настолькі знясіленая, што не магла стаяць на нагах.

Іншыя цудоўныя выпадкі

40-гадовая Накша Бібі (Naqsha Bibi) пражыла 63 дні пад заваламі кухні свайго дому, які разбурыў землятрус 2005 года ў Пакістане. Яна харчавалася гнілымі прадуктамі.

27-гадовы Эван Мансіґнак (Evans Monsignac) цудам уратаваўся пасля землятрусу на Гаіці ў 2010-м. 27 дзён ён заставаўся пад заваламі гандлёвага павільёну на рынку і выжыў дзякуючы таму, што піў сцёкавыя воды (хоць на рынку яшчэ перад землятрусам была страшная антысанітарыя).

Парк Сынґ Хюн (Park Seung Hyun) цягам 16 дзён быў жывым пахаваны пад заваламі супермаркету ў Сеуле (Паўднёвая Карэя) у 2004 годзе. Яго ўратавала дажджавая вада.

Пэдрыта Д’ю (Pedrito Dy) апроч вады піў уласную мачу, дзякуючы чаму і выратаваўся пасля 14 дзён пад рэшткамі гатэлю на Філіпінах, які абрынуўся ў выніку землятрусу.

АК, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў