Вынікі даследвання: Лукашэнка надакучыў беларусам сваёй ваяўнічасцю


Пераможныя салюты адгрымелі, але ўрачыстасці з нагоды перамогі над нацысцкімі захопнікамі працягваюцца. Разам з тым мае працяг і ваяўнічая рыторыка кіраўніка краіны. Вось толькі штогоду яна ўсё далейшая ад грамадскай думкі. Пра гэта сведчыць апытанне сацыялагічнага цэнтру “Зеркало”, праведзенае на замову нашага тэлеканалу.

У гэтыя дні беларускія гарады як ніколі падобныя да музею савецкай Беларусі. З нязменным атрыбутам – ваяўнічымі прамовамі кіраўніка краіны, якія выкрываюць ворагаў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Хтосьці на Захадзе так і не змог змірыцца з тым, што Беларусь не стала чарговаю “бананаваю рэспублікаю”.

Акурат эканамічныя беды, падобныя да праблемаў “бананавых рэспублікаў”, напаткалі нашую краіну, і віна за гэта ляжыць не на плячах “злавеснага Захаду”, а ўладаў у Менску. Менавіта гэты варыянт адказу стаўся для выбаркі з 3000 беларусаў самы папулярны. Пасля ідзе апазіцыя, пароўну вінавацяць беларусы ў сваіх бедах усходнюю суседку і Еўразвяз.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Пытанне: за што?”

Не супадаюць з меркаваннямі бальшыні грамадства і ідэалагічныя геапалітычныя ўстаноўкі. Нягледзячы на гады масаванай прапаганды пра выгаду саюзу з Расеяй, а таксама стварэнне ў дзяржаўных медыях вобразу пачвары – “прагнілай Еўропы”, беларусы не спяшаюцца шыхтавацца пад усходні вектар развіцця. А таму не дзіва, што палымяныя прамовы кіраўніка краіны ўжо даўно перасталі чапляць бальшыню беларусаў.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Я давяраю. Бо неяк не заглыбляюся”.
“Не магу сказаць, што выклікае давер. Больш смех”.
“Лепш іншым чым заняўся б. Напрыклад, стан вайсковага шпіталю палепшыў. Там, дзе лечаць тых жа ветэранаў. Там проста жах”.
“Гэта дурасць чарговая. Якіх мы наслухаліся вельмі шмат”.

І даўно. Хоць у 1994-м Лукашэнка акурат і прыйшоў да ўлады, маючы імідж “народнага прэзідэнта”. Ці, іншымі словамі, казаў тое, што хацела пачуць бальшыня. Пытанне – да каго даходзіць пасыл кіраўніка краіны сёння?

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“Гэта старэйшае пакаленне. Гэта людзі з нізкім сацыяльным статусам, нізкаю кваліфікацыяй, якія жывуць найчасцей у правінцыі”.

Але пры любых дзеяннях з боку Лукашэнкі – застаюцца ягонымі прыхільнікамі. Рэшта ж можа ці то не слухаць кіраўніка краіны, ці то абстрагавацца ад рэальнасці ды скарыстаць выходныя для сябе. Бо яны – бадай, адзінае, што ў гэтыя дні адпавядае чаканням большасці.

Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў