Што дазволена «Советской Белоруссии», для «Аўтарадыё» – экстрэмізм


Журналісты абскарджваюць рашэнне спыніць трансляцыю радыёстанцыі.

“Аўтарадыё” спыніла трансляцыю на загад Рэспубліканскай камісіі тэлебачання і радыёвяшчання. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, прычына спынення – распаўсюджванне інфармацыі, “якая ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”. У аўторак на першым паседжанні Гаспадарчага суда стала вядома, што экстрэмісцкім заклікам Міністэрства інфармацыі палічыла фразу “Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы”, што прагучала ў перадвыбарчай рэкламе кандыдата Андрэя Саннікава. Адметна, што гэтая ж фраза была надрукаваная ў газеце Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия – Беларусь сегодня”.

Кіраўнік “Аўтарадыё” Юрый Базан ставіць пад сумнеў правамоцнасць рашэння Міністэрства інфармацыі. “Ёсць два артыкулы ў законе аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Дакладна вызначана, што матэрыялы могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі толькі паводле рашэння суда. Нават гэтая фраза пра кухню, плошчу і лёс ніколі не была прызнаная экстрэмісцкаю”, – падкрэсліў Юрый Базан у інтэрв’ю “Белсату”.

Сп. Базан лічыць, што не варта расцэньваць прыпыненне трансляцыі “Аўтарадыё” як прэсінг на іншыя радыёстанцыі. “Проста мы аказаліся адзінымі, хто размясціў рэкламныя матэрыялы кандыдатаў. Потым былі вядомыя падзеі пасля 19 снежня. Магчыма, гэтае рашэнне было прынятае “сгоряча”, хоць і прайшло дастаткова шмат часу пасля 19 снежня – амаль месяц”, – дадаў кіраўнік “Аўтарадыё”.

На 9 лютага прызначылі чарговае паседжанне Гаспадарчага суда ў справе “Аўтарадыё”.

belsat.eu

Стужка навінаў