Пасля суда актывістцы аддалі партрэт Юрыя Захаранкі


У Баранавічах адбыўся суд над актывісткаю АГП Анжалікаю Камбалавай, затрыманаю ўвечары 7 траўня за арганізацыю і правядзенне пікету ў памяць бясследна зніклага 14 гадоў таму экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Пікет пачаўся а 18 гадзіне ля цэнтральнага гандлёвага дому «Вясёлка» ў Баранавічах і прыцягнуў увагу мінакоў. Адныя проста звярталі ўвагу на партрэт Юрыя Захаранкі ў руках актывісткі, а іншыя падыходзілі ды цікавіліся ягоным лёсам.

А 18:35 да актывісткі падышлі міліцыянты і, перапісаўшы пашпартныя звесткі, пагутарылі з ёю пра асобу Юрыя Захаранкі ды правы чалавека, а затым адпусцілі актывістку дамоў. Але праз 5 хвілінаў дагналі ды павезлі ў гарадскі аддзел унутраных справаў.

Усю ноч прадстаўніца АГП правяла ў камеры ізалятару часовага ўтрымання.

Сёння, 8 траўня, суддзя Кацярына Груда прызнала актывістку вінаватаю ў арганізаванні несанкцыянаванай акцыі ды прысудзіла ёй штраф памерам 20 базавых велічынь (Br 2 млн). Анжаліка Камбалава прызнала, што зарганізавала і брала ўдзел у пікеце ля гандлёвага цэнтру, але не прызнала сябе вінаватаю.

Пасля суда міліцыянт, які прысутнічаў на судзе, вярнуў актывістцы партрэт Юрыя Захаранкі.



МЯ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў