Шостым затрыманым у справе аб смерці пацыенткі «Экамедсэрвісу» стаў галоўны інжынер


Спіс затрыманых паводле нашумелай справы папоўніў галоўны інжынер медычнай установы, які адказваў за тэхнічны стан абсталявання.

Раней затрымалі пяць асобаў: дырэктара медычнага цэнтру Галіну Валжанкіну, а таксама аперацыйную брыгаду, якая праводзіла рынапластыку 25-гадовай жыхарцы Горадні, – хірург, лекар-анестэзіёлаг і дзве медсёстры.

Паводле прадстаўніка Следчага камітэту Аляксея Волкава, у медцэнтры сканфіскавалі дакументацыю, якая датычыцца працы «Экамедсэрвісу», эксплуатацыі тэхнікі ды абсталявання, а таксама канкрэтнай аперацыі. Асобным кірункам следства стала вывучэнне, якім чынам «Экамедсэрвісу» выдалі ліцэнзію і хто адказваў за правяранне якасці медпаслугаў.

Прадстаўнік следчых органаў адзначыў: сабраныя доказы сведчаць пра тое, што гендырэктар неналежным чынам выконвала свае абавязкі ды не дбала, каб абсталяванне было спраўным. Адносна яе распачалі крымінальную справу за службовую халатнасць.

Што датычыцца стану апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, які выкарыстоўваўся падчас аперацыі, Волкаў паведаміў, што ён выраблены беларускаю фірмаю ў 2006 годзе. Інфармацыі пра тое, што прыбор няякасны або бракаваны, у следства няма.

Апарат увялі ў эксплуатацыю ў 2007 годзе і да 1 красавіка 2013-га яго не абслугоўвалі ні гарантыйна, ні постгарантыйна, хоць ён мусіў правярацца адмыслоўцамі раз на паўгода пасля заканчэння гарантыі.

Паводле Воўкава, інжынеры эксплуатацыі абсталявання медцэнтру не маюць адмысловых ведаў і навыкаў для правярання гэтага апарата. На следстве яны заявілі, што неаднаразова ставілі перад кіраўніцтвам пытанне аб неабходнасці заключэння дамовы на абслугоўванне апарата фірмаю-вытворцам. Аднак гэтага не рабілася ў мэтах эканоміі.

Высветлілася, што цягам 40 хвілінаў падчас аперацыі прыбор працаваў у пазаштатным рэжыме, калі меліся розныя памылкі ды збоі.

Чальцы аперацыйнай брыгады даюць супярэчлівыя паказанні, а следства пакуль не мае звестак, ці адлучаўся куды-небудзь анестэзіёлаг падчас аперацыі. Але вядома, што ён неналежным чынам пракантраляваў стан пацыенткі пасля аперацыі, не агледзеў яе і пайшоў, а калі ў дзяўчыны пачаліся ўскладненні, медперсанал цэнтру не змог яго знайсці, сказаў Волкаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў