Пётр Пракаповіч: “Усе нашыя планы – пад пагрозаю зрыву”


Кіраўнік Нацбанку перасцярог на пасяджэнні Савету Міністраў.
Сітуацыя ў вонкавым гандлі ставіць пад пагрозу зрыву выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтай пяцігодкі.
Пракаповіч заклікаў міністраў зрабіць паляпшэнне паказніка вонкавагандлёвага сальда галоўным прыярытэтам для ўсіх галінаў вытворчасці. “Калі гэтага не вырашым, то навошта разглядаць усё астатняе?” – сказаў Пракаповіч.
Кіраўнік Нацыянальнага банку падкрэсліў, што “калі мы не вырашым пытання са станоўчым сальда вонкавага гандлю да 2014 года, то ўсе нашыя планы, пражэкты, у тым ліку ў павышэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва, могуць аказацца пад пагрозаю зрыву. Не гаворачы ўжо пра эканамічную і фінансавую бяспеку”.
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гады прадугледжвае зніжэнне адмоўнага вонкавагандлёвага сальда пачынаючы з 2011-га. «Сёлета запланаванае самае высокае адмоўнае сальда – 9% да ВУП. Далей яно павінна зніжацца», – заявіў Пракаповіч.
На ягонае меркаванне, адною з асноўных прычынаў павелічэння адмоўнага сальда ёсць рост імпартаёмістасці ды энергаёмістасці прадукцыі. «Трэба рабіць рэвізію на кожным прадпрыемстве: неэфектыўныя і неперспектыўныя выстаўляць на гандляванні ды прадаваць інвестарам», – падкрэсліў кіраўнік Нацбанку.
Акрамя таго, лічыць ён, неабходна забавязаць прадпрыемствы рабіць захады ў павелічэнні аб’ёму экспарту над імпартам. «Павінна быць жорстка запісана, што прырост экспарту не менш як на 10% мусіць апярэджваць прырост імпарту. Калі гэтага няма, рабіць жорсткія захады. Нічога не варта, што мы нарошчваем экспарт за кошт нарошчвання імпарту», – дадаў Пракаповіч.
На думку галоўнага банкіра Беларусі, сёлета з’явіліся ідэальныя магчымасці для развіцця эканомікі. «Такой спрыяльнай сітуацыі, як сёння, ніколі не было для развіцця эканомікі. У свеце дастаткова фінансавых рэсурсаў, і яны незапатрабаваныя, і мы можам іх выкарыстаць», – лічыць ён.
Паводле Пракаповіча, замежныя інвестары гатовыя вылучыць крэдыты пад набыццё абсталявання на прымальных умовах. Кіраўнік Нацбанку ўпэўнены, што “любая галіна за два-тры гады можа стаць канкурэнтаздольнаю”, калі з’явяцца эфектыўныя праекты.
Belsat.eu
Стужка навінаў