У Берасцейскай вобласці забаранілі пікеты да гадавіны знікнення Захаранкі


7 траўня 1999 года выкралі былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку. Прайшло ўжо амаль 14 гадоў, пра лёс палітыка дагэтуль нічога невядома.

Паводле Уладзіміра Вуека, старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, актывісты і прыхільнікі аб’яднання падавалі заяўкі на правядзенне 14 пікетаў, з іх 13 – у абласным цэнтры і адзін – у Бярозе.

Мэта пікетавання – нагадаць грамадскасці пра гэтую дату і прыцягнуць увагу да таго, што рэальнага расследавання ў справах пра зніклых вядомых людзей у Беларусі: Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага – не праводзіцца.

Усе акцыі прызначаліся на 7 траўня. Працягласць кожнай – паўтары-дзве гадзіны, колькасць удзельнікаў – да 20 чалавек у пікеце.

Як адзначыў Вуек, улады адмовілі ў пікетаванні ў цэнтры Берасця і каля супермаркету на той падставе, што ў заяўцы ўказаныя месцы, дзе правядзенне масавых акцыяў забараняецца. На “Лакаматыве” і ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама ў Бярозе пікеты забаранілі, матываваўшы, што заяўнікі не падпісалі дамоваў з органамі ўнутраных справаў, установаю аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.

“Мы лічым, прычыны, з якіх гэтыя акцыі забароненыя, надуманыя. Рэальна ўлады не жадаюць публічнага выказвання меркавання аб праблеме, якой яны не развязваюць”, – заявіў палітык.

Вуек падкрэсліў, што забарону пікетаў яны маюць намер абскардзіць у судзе.

У.Ш., паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў