Раскрыццё таямніцы штучных дажджоў пасварыла Пуціна з Лукашэнкам?


Інтэрв’ю з прафесарам Эланам Флаўэрзам (Alan Flowers), якому забаранілі наведваць Беларусь пасля публікацыі ягонай працы пра штучныя дажджы, выкліканыя савецкімі самалётамі над Гомельскаю вобласцю, каб выратаваць Расею ад радыяцыі.

Размову з прафесарам Кінґстанскага ўніверсітэту, фізікам Эланам Флаўэрзам еўрапейскі карэспандэнт СБелсату» Алесь Сіліч запісаў для праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на нашым тэлеканале штопятніцу а 20:00. Апошняе, як і папярэднія выданні глядзіце ў закладцы «Нашыя праграмы».

“Мяне шакавалі запісы ў дакументах – словы «заражаныя радыяцыяй», напісаныя ўпоперак словаў «млосць», «ванітаванне» – сімптомы, якія былі ў гэтых людзей”.

«Белсат»: – Спадар Флаўэрз, Бі-Бі-Сі неяк паведаміла, што Вы трапілі ў сакрэтныя спісы беларускага КДБ. Ёсць думка, што такі «гонар» вы заслужылі дзякуючы Вашым выказванням наконт Чарнобылю…

Э. Флаўэрз: – Рашэнне забараніць мне ўезд на тэрыторыю Беларусі ў ліпені 2004 года было для мяне самога вялікім сакрэтам, бо ў той момант я якраз наведваў вашую краіну, і раптам мне паведамілі, што я на яе тэрыторыі нелегальна. Перад тым была апублікаваная мая праца пра штучныя дажджы, выкліканыя савецкімі самалётамі над Гомельскаю вобласцю. Калі быць больш дакладным, гэты артыкул выйшаў за два гады да таго майго візіту. Варта адзначыць, што пазней, у 2006 годзе, Пуцін фактычна пацвердзіў мае даследаванні, узнагародзіўшы пілотаў тых летакоў медалямі… Думаю, я надрукаваў працу, якая магла выклікаць пэўныя непрыемнасці для беларускага ўраду ў стасунках з Расеяй. І, магчыма, менавіта таму мне і не дазволілі праводзіць далейшыя доследы ў Беларусі.

{movie}Інтэрв’ю з прафесарам Флаўэрзам у праграме “ПраСвет”|right|10524{/movie}

«Белсат»: – Якая праўда пра Чарнобыль сёння невядомая шырокай публіцы ў Беларусі?



Э. Флаўэрз:
– Пачаткова інфармацыя пра Чарнобыль праточвалася да людзей вельмі павольна. І мы ведаем, што прайшло больш за тры гады, перш як былі ўпершыню апублікаваныя мапы ўзроўню радыеактыўнасці на тэрыторыі Беларусі. Так, яны сталі вядомыя людзям, але сітуацыю тых часоў мы ведаем лепш за сённяшнюю. Калі спрабаваць ацаніць, якая найвялікшая праблема ў тым, што датычыць праўды для народу сёння, – то гэта, напэўна, высветліць, дзе цяпер ёсць радыеактыўнасць і які ўзровень яе небяспекі для харчовай прамысловасці, наагул пагрозы для людзей. Існуе яшчэ адна праўда, пра якую мы не мусім забываць, – гэта праўда пра тое, што вельмі і вельмі шмат людзей сёння хварэюць на рак шчытападобнай залозы. І я лічу, што значна больш грамадскай увагі мусіць аддавацца людзям, старэйшым за 25 гадоў, якія пакутуюць ад іншых захворванняў шчытападобнай залозы.

«Белсат»: – Лукашэнка калісьці заявіў, што на забруджаныя тэрыторыі можна зноў вяртацца і бяспечна там жыць. Ці гэта так?



Э. Флаўэрз:
– Праблема вызначэння дапушчальных узроўняў радыяцыі добра вядомая і добра вывучаная, для гэтага існуюць пэўныя міжнародныя стандарты. У чымсьці я згаджуся са спадаром Лукашэнкам, у гэтым аспекце яму даюць вельмі добрыя парады беларускія навукоўцы. Шмат хто з іх – мае сябры і шмат хто з іх, вядома ж, вельмі добра ўсведамляе, што ўзроўні радыеактыўнасці зніжаюцца з прычыны натуральнага спаду радыеактыўнасці. Гэта навуковы факт, што рэгіёны, аднойчы забруджаныя небяспечнымі радыенуклідамі, урэшце могуць стаць бяспечнымі для сельскай гаспадаркі. Пытанне і няўпэўненасць ёсць толькі у тым, калі менавіта гэтая зямля стане бяспечнаю і ў якіх дакладна месцах.

{movie}Фільм “Бі-бі-сі” пра асаджаныя дажджы пасля Чарнобыля|right|10525{/movie}

«Белсат»: – Дзяцей з Беларусі часта запрашаюць у Брытанію, каб яны змаглі прайсці курс рэабілітацыі. Ці лічыце вы, што Аб’яднанае Каралеўства робіць дастаткова для таго, каб дапамагчы ахвярам Чарнобылю?

Э. Флаўэрз: – Шмат, шмат дзетак, сапраўды, некалькі тысячаў штогод маюць магчымасць з дапамогаю дабрачынных арганізацыяў наведаць Брытанію, пажыць у брытанскіх сем’ях. Вызначаюць, хто і дзе будзе жыць, у саміх сем’ях. Існуюць два спосабы выкарыстоўваць фінансы: можна прыехаць да нас праз усю Еўропу, але гэта даволі дорага. Ці можна дапамагчы дзецям адпачыць падчас вакацыяў на незаражаных тэрыторыях у самой Беларусі, напрыклад, на поўначы краіны… Заўсёды цяжка сказаць, ці дастаткова зроблена для ахвяраў. Хворых яшчэ дзясяткі тысячаў. Але ўсё ж шмат зроблена, і не толькі Брытаніяй, але і іншымі еўрапейскімі краінамі. Варта ўзгадаць тую ж Італію, якая таксама дапамагае дзясяткам тысячаў дзяцей… Паўсюль шмат робіцца, і я вельмі рады, што цягам доўгіх гадоў тысячы і тысячы дзяцей з Беларусі атрымалі брытанскую дапамогу.

«Белсат»: – Што ў чарнобыльскай праблематыцы найбольш шакавала асабіста Вас?

Э. Флаўэрз: – Калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь у ліпені 1993 года, то накіраваўся ў Хойнікі. Што мяне шакавала там, дык гэта тая рэальнасць, якая існавала з запісамі пра стан здароўя людзей, – запісамі, якія я мог бачыць на свае ўласныя вочы. Гэтыя запісы пачыналіся не з 26 красавіка 1986 года, не з 27 красавіка і нават не з 28-га, а першыя запісы былі зробленыя толькі 4 траўня – праз некалькі дзён, нават праз тыдзень пасля чарнобыльскай катастрофы. Людзі працягвалі жыць у сваіх дамах – ва ўмовах смяротна небяспечнай радыяцыі. І ім ніхто не паведаміў пра гэта. Мяне шакавалі запісы ў дакументах – словы «заражаныя радыяцыяй», напісаныя ўпоперак словаў «млосць», «ванітаванне» – сімптомы, якія былі ў гэтых людзей. У маёй памяці паўстае цэлая трагедыя, сапраўдная чалавечая трагедыя! Менавіта ў той момант я асэнсаваў рэальнасць чарнобыльскай катастрофы.

«Белсат»: – Дзякую за гутарку!

Алесь Сіліч, АК, belsat.eu

Стужка навінаў