Індэкс беспакаранасці за забойствы журналістаў: Расея – 9-е месца, Беларусь адсутнічае


У штогадовым «Індэксе беспакаранасці», які публікуе амерыканскі Камітэт абароны журналістаў, пазначаныя краіны, дзе журналістаў беспакарана забіваюць. Расея заняла ў спісе 9-е месца. Улады дзяржавы па-ранейшаму не здольныя прыцягнуць да адказнасці забойцаў журналістаў, заключаюць эксперты.

Рэйтынг Камітэту абароны журналістаў ЗША вызначае адсоткавыя суадносіны паміж колькасцю нераскрытых забойстваў журналістаў і насельніцтвам краіны. У першым радку сумнага рэйтынгу – Ірак.

Даследаванне ўключае перыяд з 2003 да 2012 года. У яго ўвайшлі 12 краінаў, дзе забілі як мінімум 5 журналістаў, а ўлады не прыцягнулі нікога да адказнасці.

Як адзначае Камітэт абароны журналістаў, з 2003 года нераскрытымі ў Расеі застаюцца 14 забойстваў прадстаўнікоў медыяў. Каэфіцыент беспакаранасці забойцаў журналістаў у краіне складае 0,099 нераскрытых забойстваў на мільён жыхароў. Летась Расея таксама заняла 9-е месца з каэфіцыентам 0,113.

«Найменш абароненымі ў апошнія гады былі журналісты на Паўночным Каўказе. Апошняю ахвяраю стаў Казбек Гекіеў, карэспандэнт ВДТРК у гэтым рэгіёне: яго забілі 3 стрэламі па дарозе з працы да дому ў снежні 2012 года», – пішуць аўтары «Індэксу беспакаранасці» на сайце арганізацыі cpj.org.

Праз няздольнасць расейскіх уладаў знайсці забойцаў журналістаў адвакаты і праваабаронцы звычайна звяртаюцца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека. Прыклад – справа зніклага і прызнанага загінулым журналіста Максіма Максімава, прадстаўнікі якога паскардзіліся ў Еўрапейскі суд, што Расея на дзяржаўным узроўні заахвочвае беспакаранасць забойцаў.

У той жа час, адзначаюць аўтары рэйтынгу, абвінаваўчы прысуд у справе забойства аглядальніцы «Новой газеты» Анны Паліткоўскай «стаў важным этапам», аднак шанцы на тое, што ўсе ўдзельнікі злачынства стануць вядомыя, зменшыліся пасля таго, як абвінавачанага Дзмітрыя Паўлючэнкава не прымусілі назваць імёнаў замоўнікаў.

Самыя жудасныя для журналістаў месцы на Зямлі

Першае месца ў «Індэксе беспакаранасці» заняў Ірак, які, паводле амерыканскага Камітэту, працягвае трымаць першынство ва ўзроўні беспакаранасці ў свеце.

«На 93 забойствы журналістаў, якія адбыліся за апошнія 10 гадоў, не вынеслі ніводнага абвінаваўчага прысуду. Пераважная большасць ахвяраў, 95 %, – мясцовыя журналісты», – адзначаюць аўтары даследавання.

Самалі, якая займае 2-е месца, у 2012 годзе дасягнула рэкорднага паказчыка ў колькасці забойстваў журналістаў. «12 журналістаў былі забітыя ў 2012 годзе за іх прафесійную дзейнасць, нягледзячы на адносны спакой у сталіцы краіны, Магадышу […]. 23 забойствы журналістаў, учыненыя ў краіне за апошнія 10 гадоў, застаюцца нераскрытыя».

Замыкаюць тройку Філіпіны. Нягледзячы на абяцанне прэзідэнта краіны пакончыць з беспакаранасцю забойцаў журналістаў, гэтая дзяржава колькі гадоў запар займае 3-е месца сярод найгоршых краінаў паводле гэтага паказчыку ў свеце.

Следам за Філіпінамі ідуць Шры-Ланка, Калумбія, Афганістан, Мексіка, Пакістан, Бразілія, Нігерыя ды Індыя. Беларусь у рэйтынгу адсутнічае.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі, cpj.org

Стужка навінаў