Першы этап у навуковую місію на Марс прайшлі ўжо двое беларусаў


Хто яны – вар’яты, летуценнікі ці апантаныя навукоўцы? Чаму нашыя суайчыннікі хочуць паляцець на Марс, ведаючы, што гэта будзе падарожжа ў адзін бок? Арганізатары праекту папярэджваюць: тэхналогіяў, якія б дазволілі вярнуцца на Зямлю, пакуль не існуе.

Дзве асобы з Беларусі зарэгістраваліся да ўдзелу ў галандскім праекце «Mars one», мэта якога – засяліць людзьмі чырвоную планету. Паводле кіраўніка аднайменнай фундацыі Баса Ляндорпа, яшчэ да абвешчэння афіцыйнага набору ўдзельнікаў 23 красавіка, да іх звярнуліся болей за 10 тыс. дабравольцаў. Аднак далёка не ўсе з іх прайшлі першы этап адбору, калі арганізатары змяшчаюць анкету і відэазапіс звароту на сайце праекту, дзе за кандыдатаў можна галасаваць.

“Валодаю любым тыпам лапатаў”

Першы і пакуль адзіны кандыдат ад Беларусі – 41-гадовы Андрэй, які свой відэазварот запісаў па-расейску. “Прывітанне, мяне завуць Андрэй, мне 41 год. Двое дарослых дзяцей і ўжо ніводнай жонкі. Па-англійску пішу і чытаю, гаварыць навучуся ў працэсе навучання [маюцца на ўвазе 8-гадовыя курсы рыхтавання да палёту ў космас тых, хто пройдзе канчатковы адбор – belsat.eu]. У сваім жыцці я займаўся практычна ўсім, і лягчэй пералічыць тое, чаго я не ведаю і не ўмею”.

Беларус спадзяецца, што за 8 гадоў рыхтавання іх навучаць “націскаць патрэбныя кнопкі”. Кажа, што працуе з любою тэхнікаю і электронікаю, хіміяй, раслінамі і “любым тыпам лапатаў”. “На Зямлі я ўжо шмат чаго паспрабаваў, усё скончыў, але я яшчэ маю кучу здароўя, няма шкодных звычак, ёсць пачуццё гумару, цярплівасць, мудрасць і жыццёвы досвед. Мяне не пужаюць ні адзінота, ні смерць”. Андрэй мае разрад па шахматах і стралянні з пісталету, прафесійны кіроўца. Быў будаўніком, праграмістам, бізнесменам, наладчыкам станкоў, аўтадыягностам. Цікавіцца батанікаю, хіміяй, касмалогіяй, псіхалогіяй, займаецца айкідо.

Пра тое, што яго зарэгістравалі да ўдзелу ў праекце «Mars one», ён піша ў “Жывым Часопісе”. Паводле яго, за першы дзень ягоны профіль на старонцы праекту прагледзела 700 чалавек. Валантэр таксама абвесціў збор электронных грошай “на квіткі і рэкламу”.

З дзяцінства цікавіўся космасам

Другі прэтэндэнт з Беларусі на засяленне Марсу – 22-гадовы студэнт Андрэй, які навучаецца ў Расеі. Ад гэтай краіны ён і падаў заяўку. “Яшчэ з дзяцінства я быў зачараваны астраноміяй і ўсім, што датычыць космасу. Тым, наколькі мы малыя ў параўнанні з веліччу Сусвету ды нашай маленькай планеты. Тым, наколькі варожае асяроддзе чакае нас у космасе і як чалавеку ўдаецца прыстасавацца да тамтэйшых абставінаў, – паведамляе Андрэй у сваім відэазвароце. – І калі я ўпершыню зайшоў на старонку праекту, я зразумеў: гэта тое, чым я хачу займацца”.

У анкеце ён адзначае, што ягоныя хобі – астраномія, фізіка, праграмаванне, навуковая фантастыка, паркур, роваравыя паездкі на доўгія дыстанцыі ды ірландская музыка.

Як зарэгістравацца, каб паляцець на Марс?

Кожны, хто хоча паляцець на Марс, меўся запісаць відэазварот, чаму ён хоча гэта зрабіць, і запоўніць анкету: імя, узрост, краіна, мова зносінаў, колькі словаў пра сябе, кола інтарэсаў. У відэазвароце трэба было таксама распавесці пра сваё пачуццё гумару і пераканаць арганізатараў, што ты – ідэальны кандыдат для ўдзелу ў місіі.

Большасць валантэраў у якасці галоўнай матывацыі называюць важнае дасягненне і навуковы прарыў для чалавецтва, пошукі вялікай прыгоды, мажлівасць каланізацыі і пашырэння месца для рассялення людзей, зацікаўленне навукаю і тэхнікаю, ажыццяўленне дзіцячай мары.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў