Сяргей Вазняк: Мы ж не забойцы


Сяргей Вазняк лічыць, што вязням СІЗА КДБ, што праходзяць у справе аб масавых беспарадках, неабходна змяніць меру стрымання.

Сяргей Вазняк у інтэрв’ю «Белсату» адзначыў, што ізалятар КДБ папросту не разлічаны на такую колькасць арыштантаў і быў перапоўнены. «Першыя два тыдні я правёў у двухмеснай камеры, дзе нас было 6 чалавек, – кажа Сяргей Вазняк. – Потым палепшылі ўмовы. Я быў у двухмеснай камеры, дзе нас было пяцёра. Гэта было дастаткова цяжкім выпрабаваннем, і маральна і фізічна». Палітык таксама зазначыў, што ўмовы ў СІЗА КДБ неабгрунтавана жорсткія – людзі, што там утрымліваюцца, яшчэ не прызнаныя злачынцамі, але рэжым там вельмі цяжкі.

Падчас арышту Сяргей Вазняк быў у поўнай ізаляцыі. Паводле ягоных словаў, за 41 дзень зняволення ён не атрымаў аніводнага ліста, хоць вядома, што паштоўкі ды лісты яму дасылалі сваякі, сябры і салідарныя беларусы. «Аднак усё там было зарганізавана так, каб я пра гэта нічога не ведаў, – зазначае палітык. – Фактычна я адбыў 41 дзень пакарання без права ліставання. У ХХІ стагоддзі такога быць не мусіць. І цяпер я вельмі непакоюся за тых людзей, што там знаходзяцца».

Сяргей Вазняк таксама лічыць, што трэба змяніць меру стрымання для тых палітвязняў, што застаюцца ў СІЗА. «Не трэба людзей ламаць фізічна і маральна. Спадзяюся, што гэта людзі моцныя, і нікога там не зломяць, як не зламалі мяне. Трэба па-чалавечы паставіцца», – дадаў палітвязень.

belsat.eu

Стужка навінаў