Нязменна негатыўны прагноз. Што будзе з беларускімі банкамі да канца года?


Прагноз для беларускіх банкаў – паслядоўна адмоўны. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва “Мудзі’з” не змяніла сваёй ацэнкі. Пры гэтым аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што да канца года сітуацыя можа яшчэ больш пагоршыцца. Ці прыслухаюцца ўлады да меркавання арганізацыі, справаздачы якой уплываюць нават на найбуйнейшыя краіны свету?

Пра дасягненні беларускай эканомікі чыноўнікі заўжды стараюцца рапартаваць з дзяжурным аптымізмам.

{movie}Нязменна негатыўны прагноз (02.05.2013)|right|10503{/movie}

ЛЕАНІД КОЗІК, СТАРШЫНЯ ФЕДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ БЕЛАРУСІ:

“Увесь мінулы год рос заробак – на 21 % вырас. Працоўных месцаў дастаткова”.

Аднак пра пагрозы і рызыкі, якія могуць чакаць нашую краіну, прадстаўнікі ўладаў казаць не любяць. Функцыю гэтую бяруць на сябе замежныя структуры. Вось і цяпер міжнароднае рэйтынгавае агенцтва “Мудзі’з” агучыла несуцешныя звесткі: доўгатэрміновы рэйтынг для банкаўскай сістэмы нашай краіны не змяняецца з 2009 года. Яго прагноз надалей негатыўны. Прычынаў гэтага міжнародныя аналітыкі прыводзяць шмат.

ВАДЗІМ ІОСУБ, ФІНАНСАВЫ АНАЛІТЫК «АЛЬПАРЫ»:

“З іхнага гледзішча, нашыя банкі працягваюць мець значныя рызыкі, найперш рызыку пагаршэння іхных актываў. Размова ідзе пра тое, што, на меркаванне аналітыкаў, бліжэйшым часам можа вырасці невяртанне крэдытаў, найперш крэдытаў валютных”.

Паводле чорнага сцэнару, які прадугледжвае недаатрыманне ўрадам вонкавага фінансавання, колькасць так званых праблемных крэдытаў можа дасягнуць 20 %. Як вынік, беларускім банкам пагражае істотнае зніжэнне рэнтабельнасці. Што праўда, з такім меркаваннем згаджаюцца далёка не ўсе эксперты: Беларусь – краіна спецыфічная, а таму і аналізаваць сітуацыю варта з улікам нацыянальных адметнасцяў.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКАНАМІСТ:

“Мы ведаем, што ў бюджэце заўжды ёсць нейкія патаемныя крыніцы, якія дазваляюць яму ў апошні момант “адкрыць чакры” і проста ўкінуць некалькі трыльёнаў беларускіх рублёў у банкаўскую сістэму”.

Праўда, сцэнар такі мае свае істотныя мінусы – у кароткачасовай перспектыве гэта ўратуе банкі ад банкруцтва, аднак у будучыні можа адгукнуцца чарговаю інфляцыяй і дэвальвацыяй. Зрэшты, да такіх жа вынікаў можа прывесці і пагоня ўладаў Беларусі за павышэннем ВУП краіны. Паводле прагнозаў ураду, паказнік гэты да канца года мусіць дасягнуць больш як 8 %. Паводле ж падлікаў агенцтва “Мудзі’з”, гэтая лічба ледзьве перакрочыць 2 %.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКАНАМІСТ:

“Гэта больш аб’ектыўны паказнік, з імі можна згадзіцца. А наш урад няхай марыць далей, і кажа, што ВУП можа вырасці на 8,3 %. Хутчэй за ўсё, урад Беларусі пачынае задумвацца, як ён будзе апраўдвацца за адсутнасць росту 8,3 %”.

Тым больш, што за першы квартал гэтага года рост склаў усяго 3,5 %, і, відаць, новых крыніцаў павелічэння – ані ўнутраных, ані тым больш знешніх – бліжэйшым часам не з’явіцца. Згодна з Белстатам, дэфіцыт вонкавага гандлю сёлета ў першым квартале склаў 564 млн долараў – гэта пры тым, што за аналагічны леташні перыяд у вонкавым гандлі Беларусь мела прафіцыт – 896 млн. Эксперты звязваюць такую радыкальную змену сітуацыі са спыненнем дзейнасці схемы продажы растваральнікаў. Акрамя таго, з-за дэвальвацыі беларускія тавары раптоўна патаннелі ды зрабіліся канкурэнтаздольныя за мяжою. Сёлета, кажуць адмыслоўцы, цуду чакаць не варта.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Лічбы дэфіцыту вонкавага гандлю Беларусі настолькі значныя, што можна прагназаваць на канец года сур’ёзныя праблемы ва ўнутрыэканамічнай сітуацыі. Каб ліквідаваць гэты дысбаланс, давядзецца або праводзіць чарговую дэвальвацыю валюты нацыянальнай, або прыцягваць з-за мяжы буйныя пазыкі”.

Дзеля рэалізацыі апошняга варыянту, кажуць эксперты, уладам краіны ўжо цяпер варта было б прааналізаваць звесткі, пададзеныя агенцтвам “Мудзі’з”, ды пачаць рабіць інтэнсіўныя крокі, каб палепшыць рэйтынг.

ВАДЗІМ ІОСУБ, ФІНАНСАВЫ АНАЛІТЫК «АЛЬПАРЫ»:

“Калі мы кажам пра рэйтынг краіны – гэта будзе ўплываць на прыбытковасць, пад якую краіна можа размесціць на міжнародных рынках аблігацыі, калі мы кажам пра канкрэтную арганізацыю, банк – гэты рэйтынг будзе ўплываць на прыбытковасць аблігацыяў, якія размяшчае банк”.

І тут, на жаль, адных толькі словаў пра тое, што ў краіне ўсё добра, будзе не дастаткова. Міжнародныя крэдыторы патрабуюць не толькі рэальных ацэнак, але і рэальных захадаў.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў