Жыхары Алматы: Нашыя землякі не вінаватыя ў бостанскім тэракце


Маладзёны з Казахстану аказаліся не ў тым месцы, не ў той час і не з тымі людзьмі, мяркуюць казахі.



Улады ЗША вінавацяць двух казахаў-студэнтаў Азамата Тажаякава (Azamat Tazhayakov) і Дыяса Кадырбаева (Dias Kadyrbayev) у змове з мэтаю перашкодзіць правасуддзю. Яшчэ аднаго падазраванага Робэла Філіпаса (Robel Phillipos) абвінавацілі ў даванні лжывых паказанняў. Мяркуецца, што тройка хлопцаў прыкрывае тэрарыстаў.

Следства мяркуе, што маладзёны праз тры дні пасля выбухаў, калі FBR падало фатаграфіі падазраваных у тэракце братоў Царнаевых, зайшлі ў пакой інтэрнату, дзе жыў Джахар Царнаеў, і вынеслі адтуль заплечнік з пустымі феерверкамі, з якіх папярэдне быў высыпаны порах, ды ноўтбук. Сябры выкінулі доказы ўдзелу Царнаева ў арганізацыі бостанскіх выбухаў на сметнік. Мяркуецца, што хлопцы кіраваліся таварыскімі пачуццямі.

{movie}Жыхары Алматы: Нашыя землякі не вінаватыя ў бостанскім тэракце |right|10488{/movie}

Следства знайшло заплечнік Царнаева ў чорным смеццевым мяшку з чырвонымі завязкамі. Унутры ляжалі феерверкі, слоічак вазеліну і хатняе заданне з Масачусецкага ўніверсітэту ў Дартмуце, перадае Бі-Бі-Сі.

Завуч сярэдняй школы Юрый Доўгаль, дзе некаторы час вучыўся адзін з падазраваных хлопцаў Азамат Тажаякаў, распавёў: хлопец паступіў у школу ў 2008 годзе, здаўшы іспыт з матэматыкі, фізікі ды логікі. Праўда, ужо ў 2009 годзе Азамата адлічылі са школы праз непаспяховасць.

«У нашай школе могуць адлічыць за дрэнныя паводзіны або за грубыя парушэнні Статуту, але не заўважалі, каб ён рабіў нешта гэткае. Я магу толькі сказаць, што ён быў слабым вучнем і не меў ніякіх дасягненняў. Ён не быў у Алімпійскім рэзерве, бо нашыя дзеці займаюцца спортам дадаткова. Навука – гэта адно, але мы таксама даем магчымасць нашым навучэнцам паказаць сябе: яны могуць браць удзел у розных алімпіядах, навуковых праектах да іншых імпрэзах. Ён нідзе не ўдзелу не браў, але і не парушыў таксама нічога», – дадаў намеснік дырэктара.

Бацька Азамата Амір Ісмагулаў (Amir Ismagoulov) назваў затрыманне шокам, бо ягоны сын заўсёды быў ціхім і спакойным чалавекам, які ніколі ні з кім не біўся. Паводле бацькі хлопца, Азамат ніколі б не звязаўся з радыкаламі, надзвычай рэдка наведваў мячэць і з вялікаю павагаю ставіўся да ЗША як дзяржавы.

Жыхары былой сталіцы Казахстану Алматы спачуваюць сваім землякам і падкрэсліваюць, што не лічаць іх вінаватымі ў арганізацыі выбухаў у Бостане.

«Можа, яны не ведалі, што іхныя калегі – тэрарысты. Сябры ёсць сябры. Сябры могуць быць рознымі. Часам нават не ведаеш, чым яны займаюцца і што рабілі раней», – заўважыў маладзён на вуліцы Алматы.

«Вы ведаеце, я думаю, што яны не вінаватыя, што яны не мелі ніякага дачынення. Яны аказаліся не ў тым месцы, не ў той час і не з тымі людзьмі», – мяркуе адна з апытаных спадарыняў.

МЯ, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў Бі-Бі-Сі.

Стужка навінаў