Старшыня афіцыйных прафсаюзаў: Мы накармілі сябе і палову Еўропы, а санкцыі – «тры капейкі»


У санкцыях з боку Захаду найважнейшы псіхалагічны бок, падкрэсліў беларускі чыноўнік.

Сёння ў Беларусі – афіцыйнае Свята працы. Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных адзначаюць 1 траўня больш як у 140 краінах. У яго аснове ляжаць падзеі 1886 года, калі актывісты працоўнага руху ЗША і Канады правялі серыю мітынгаў і дэманстрацыяў, патрабуючы ўвядзення 8-гадзіннага працоўнага дня.

У Беларусі апошнія гады публічна адзначаць Свята працы ўлады дазваляюць толькі афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. ФПБ сёння правяла мітынг і канцэрт у сталічным парку імя Янкі Купалы. Традыцыйна да месца збору з боку плошчы Незалежнасці і плошчы Перамогі на мітынг зарганізавалі шэсце калонаў працоўных калектываў прадпрыемстваў гораду, студэнцкай моладзі, галіновых прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ.

Жаданне працаваць і радавацца

На імпрэзе прысутнічалі ганаровыя госці – паслы Кубы, Кітаю, Венесуэлы і В’етнаму. На мітынгу выступіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік, які запатрабаваў ад ураду выканання ўказанняў прэзідэнта стрымліваць кошты, стварыць новыя працоўныя месцы і г. д.

Чыноўнік падкрэсліў, што з дня барацьбы Першамай ператварыўся ў свята падвядзення вынікаў. За перыяд жа незалежнасці Беларусі краіна дасягнула шмат: запусціла ў космас спадарожнік, забяспечыла прадуктамі харчавання сябе і палову Еўропы і г. д. «У наступныя 20 гадоў змены прынясуць беларусам яшчэ больш прыбыткаў, і працу, і жаданне працаваць і радавацца», – мяркуе прадстаўнік дзяржаўных прафсаюзаў.

{movie}Леанід Козік: Мы забяспечылі харчамі сябе і палову Еўропы|right|10471{/movie}

Эксперт: Словы Козіка – прапагандысцкая рыторыка

Эканаміст Аляксандр Сінкевіч лічыць словы старшыні афіцыйнага прафсаюзу прапагандысцкім лозунгам у духу савецкага адзначэння свята 1 траўня. «Беларусь амаль не экспартуе прадукты харчавання ў еўрапейскія краіны, хоць ёсць у беларускай харчовай вытворчасці пазіцыі, якія сведчаць, што мы маглі б накарміць Еўропу: Беларусі належыць 10 % сусветнай вытворчасці вяршковага масла і 7 % – сыру. Аднак 90 % гэтай прадукцыі ідзе ў Расею», – адзначыў адмыслоўца. У Еўропе, паводле эканаміста, дастаткова сваіх вытворцаў харчу, а беларускім таварам цяжка было б канкураваць з якаснаю і недарагою еўрапейскаю прадукцыяй.

Чыноўнік пра санкцыі

Санкцыі заходніх краінаў адносна беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў Леанід Козік лічыць дзіцячым садком і гульнёю пакрыўджаных. «Мы хацелі б, каб гэта як найхутчэй скончылася, каб мы жылі спакойна. Хай яны да нас прыязджаюць і пабачаць, што мы ім не пагражаем, што мы не навучым іх людзей дрэннаму, а будзем вучыць толькі, як добра працаваць», – адзначыў афіцыйны прафсаюзны лідар. Самае важнае для чыноўніка ў адносінах з краінамі Захаду – псіхалагічны момант, бо эканамічны бок санкцыяў – «гэта тры капейкі».

{movie}Леанід Козік: Санкцыі – “тры капейкі”|right|10472{/movie}

Паводле звестак ФПБ, да 11:30 у парку сабраліся больш як 30 тысячаў чалавек. Паводле ацэнкі журналістаў, з улікам плошчы, адведзенай для правядзення мітынгу, абмежаванаю натуральнымі бар’ерамі і ўстаноўленымі ў парку гандлёвымі кропкамі, на мерапрыемстве адначасова магло прысутнічаць не больш як 10 тысячаў чалавек.

Пасля мітынгу пачаўся канцэрт з удзелам беларускіх эстрадных выканаўцаў, аднак колькасць удзельнікаў мерапрыемства скарацілася да колькіх тысячаў – людзі сталі актыўна разыходзіцца.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў