«Дзецюкі» – беларускі народны панк


Пра тое, як гарадзенскі панк спалучаецца з гісторыя Беларусі? «Белсату» распавёў аўтар песняў «Дзецюкоў» Дзяніс Жыгавец. А ўжо сёння а 21:25 на нашай старонцы можна будзе паслухаць ды паглядзець на гурт падчас рэтрансляцыі канцэрту «Салідарныя з Беларуссю».

“Дзецюкі” на канцэрце “Салідарныя з Беларуссю”На ім разам з іншымі вядомымі польскімі ды беларускімі музыкамі выступіў і гарадзенскі гурт. Назва «Дзецюкі» ўзялася са звароту Кастуся Каліноўскага да беларусаў.

– «Дзецюкі» – гэта хіба гурт гісторыкаў?

Дзяніс Жыгавец:

– Штосьці ў гэтым ёсць. Я вучыўся на эканамічным, а скончыў гістарычны факультэт універсітэту імя Янкі Купалы ў Горадні. Там жа навучаўся і адзін з лідараў гурта Алесь Дзянісаў. Можна сказаць, што палова нашых музыкаў – гісторыкі. Мая роля ў ім – пісаць песні на гістарычныя тэмы.

– Гэта тлумачыць, адкуль у панк-гурта з’явілася патрэба спяваць пра гісторыю Беларусі?

– Нашая адукацыя – гэта па-першае. Па-другое, мы робім тое, чаго не робіць дзяржава, што прайграла барацьбу за прапаганду беларушчыны. Сярод маладых людзей з’явілася мода, напрыклад, на расейскія імперскія сімвалы. Мала хто сапраўды шануе сімволіку, уведзеную Лукашэнкам. Мы б хацелі стацца тымі, хто верне маладым людзям нашыя сапраўдныя нацыянальныя каштоўнасці. Мы ствараем штосьці, што можна назваць «народным панкам», нацыянальны каларыт у якім – не толькі ў тэкстах, але і музыцы.

– Ці удзельнікі «Дзецюкоў» выпадкам не выводзяцца з беларускай апазіцыі?

– Мы – беспартыйныя (смяецца). Проста з’явілася патрэба супрацьпастаўлення аднабаковаму савецкаму гледзішчу на нашую гісторыю. Калі я прыехаў у Горадню з Кобрыну, то раптам аказаўся ў коле музыкаў, якія думаюць вельмі падобна пра нашую Айчыну ды гісторыю. Мы шмат размаўлялі са сваяком маёй жонкі Паўлам (грае ў «Дзецюках» на дудзе) пра тое, што рабіць. У сваю чаргу лідар гурта Алесь Дзянісаў скардзіўся, што ў ягоным папярэднім праекце «Кальян» занікае запал да новых тэмаў. Таму мы вырашылі зрабіць штосьці новае.

{movie}”Дзецюкі”: “Мужыцкая праўда”|right|10468{/movie}

– Панк збольшага атаесамляецца з левымі поглядамі, але атрымліваецца, што «Дзецюкі» – гэта такія беларускія нацыяналісты?

– Мы спявалі, як пра Кастуся Каліноўскага, гэтак і пра антыбальшавіцкага беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Першы, паводле сённяшніх стандартаў, – вельмі левы, а другі – правых поглядаў. І гэтак анархісты пачалі называць нас правымі нацыяналістамі, а правыя – левакамі. Але мы ўжо дастаткова дарослыя, каб зразумець, што няма сэнсу імкнуцца да нейкіх крайнасцяў. Мы хочам стварыць беларускі народны панк, беларускі патрыятызм, што чэрпае штосьці як злева, так і справа. Але мы не займаемся палітыкаю: нашыя каштоўнасці – гэта музыка, гісторыя і каштоўнасці нацыянальныя.

– А ці не ёсць так, што памяць пра таго ж Каліноўскага засталася ў беларусаў, між іншым, дзякуючы савецкай прапагандзе, што прадстаўляла яго, як заўзятага чырвонага рэвалюцыянера?

– У савецкія часы падкрэслівалася перадусім тое, што ён змагаўся з царызмам, а тое, што ён гэтак насамрэч змагаўся з расейскаю дзяржаваю, замоўчвалі, хаваючы ягоныя нацыянальныя погляды. Для будовы савецкай ідэалогіі трэба было знайсці гэткага беларускага рэвалюцыянера.



– І ўзяць з ягонай постаці тое, што было трэба…

– Натуральна, не думаю ўсё ж такі, што гэта савецкая прапаганда захавала яго ў беларускай памяці. Напрыклад, у Кобрыне жыве памяць пра дыктатара паўстання Рамуальда Траўгута, хоць яго, хутчэй, не ўзгадвалі ў савецкія часы. Ён быў адтуль, там жыла ягоная бабуля, у Кобрыне пахаваны ягоны сын. Ён быў моцна звязаны з гэтаю зямлёю.

– Але на Беларусі ды ўвогуле ў былым СССР людзі не асабліва цікавяцца сваёй гісторыяй. Што датычыцца сталінскіх часоў, то ўвогуле здаецца, што ў людзей амнезія. А адна з вашых песняў прысвечаная ўрочышчу Курапаты…

– Нядаўна ў Беларусі аднавілі помнік Сталіну і турыстычны комплекс «Лінія Сталіна». Маіх продкаў раскулачылі пасля вайны, таму да ўсяго савецкага ў мяне адпаведнае стаўленне. Аднак сённяшняя Беларусь збудаваная на тых жа традыцыях, і ніхто не кажа пра цёмныя плямы таго часу, а ўзгадваеца толькі гераізм савецкіх жаўнераў і гэтак далей. Аднак я веру, што ахвяры гэтай трагедыі не будуць забытыя ,і мы імкнемся нагадаць пра гэта маладым людзям, якія слухаюць нашую музыку.

Dzieciuki:

Дзяніс Жыгавец – тэксты

Паша «Trouble» – вакал, дуда

Алесь Дзянісаў – вакал, акустычная гітара

Андрэй «Пітон» – бас-гітара, вакал

Лёша Пудзін – гітара

Саня «Сыр» – бубны

Размаўляў Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў