Беларускае войска: Жаўнеры, ці вінцікі ў сістэме?


Спыніць следства, прымірыць бакі ды не прыцягваць да адказнасці абвінавачанага. Менскі міжгарнізонны вайсковы суд агучыў вырак у справе Акіма Бянеша.

{movie}Міхась Пашкевіч у “Гарачым каментары”|right|10455{/movie}

20-гадовы жаўнер з вайсковага гарнізону ў Фаніпалі не захацеў трываць здзекаў ад старэйшых саслужыўцаў і ўласны гонар пастанавіў адстойваць, сціснуўшы зубы ды кулакі. Як вынік – фінгал у аднаго з «дзядоў» і абвінавачванне Акіма ў парушэнні статутных правілаў. Хлопцу пагражала да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Аднак сёння ў судзе абодва бакі пайшлі на міравую.

Паводле актывіста кампаніі «За альтэрнатыўную службу» Міхася Пашкевіча, беларускае войска, хоць і не перастае нагадваць пра сваю выхаваўчую функцыю, хутчэй адбівае індывідуальнасць у маладых людзей.

«Сістэма вельмі простая: жаўнеры – гэта такія вінцікі ў ідэалагічнай машыне, і адмовіцца ад іх цяпер для дзяржавы – гэта адмовіцца ад часткі сваёй гісторыі. Таму захоўваюць увесь гэты атавізм, хоць даўно ўжо трэба ўсё гэта перавесці на кантрактавыя рэйкі», – мяркуе Міхась Пашкевіч.

Паводле беларускага Міністэрства абароны, колькасць няшчасных выпадкаў і крыміналу ў войску імкліва зніжаецца. Калі ў 2003 годзе завялі 99 крымінальных справаў, то летась – толькі 20. Тым часам ужо на наступны дзень пасля распачацця крымінальнай справы супраць Акіма Бянеша ў выніку «неаахайнага карыстання зброяй» загінуў жаўнер тэрміновай службы, а праз дзень яшчэ адзін малады чалавек атрымаў 1,5 года за тое, што не прыйшоў у ваенкамат.

Міхась Пашкевіч падкрэслівае таксама, што Міністэрства абароны не публікуе ніякай інфармацыі пра раненні вайскоўцаў ці пра выпадкі дзедаўшчыны.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў