137-ы дзень пратэстаў. ЗША ўвялі санкцыі супраць чыноўнікаў Беларусі, касцёл чакае вяртання Тадэвуша Кандрусевіча


Пасля выбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 137 дзён. Вынікі гэтага дня падводзіць belsat.eu.

ЗША ўслед за ЕЗ пашырылі санкцыйны спіс у дачыненні да чыноўнікаў Беларусі. Абмежавальныя захады распаўсюдзілі на сілавікоў і прадстаўнікоў ЦВК, паведамляе Міністэрства фінансаў ЗША.

Санкцыі пашырылі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускай Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама спецназаўцаў КДБ «Альфа», прадстаўнікоў Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Менгарвыканкам і менскага АМАПу. Акрамя таго, у асаблівы санкцыйных спіс упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША ўключылі намесніка кіраўніка МУС Генадзя Казакевіча.

Hавiны
ЗША пашырылі санкцыйны спіс супраць уладаў Беларусі
2020.12.23 19:23

Акрамя таго, кіраўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Майк Пампэа ўхваліў візавыя абмежаванні ў дачыненні да 39 асобаў, якія маюць дачыненне да падрыву дэмакратыі ў Беларусі, паведамляе сайт вонкавапалітычнага ведамства ЗША.

«Дзярждэпартамэнт прыняў захады ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам 8015 для вызначэння 39 асобаў, адказных за падрыў беларускай дэмакратыі, і наклаў на іх візавыя абмежаванні», – заявіў Майк Пампэа.

Майкл Пампэа кажа, што ЗША падтрымаюць беларусаў на шляху да свабоды.
Фота: state.gov

Журналісцкая супольнасць патрабуе вызвалення прадстаўнікоў «Прэс-клуба»

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) запатрабавала ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і вызваліць затрыманых прадстаўнікоў «Прэс-клуба».

«Гэтыя рэпрэсіі павінныя неадкладна спыніцца. Мы патрабуем вызвалення Юліі і ўсіх яе калегаў. Мы заклікаем Еўрапейскі Звяз, Раду Еўропы і АБСЕ энергічна рэагаваць на гэтую новую хвалю рэпрэсіяў», – заявіў прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер Б’еррэгард.

Затрыманыя ў справе «Прэс-клуба» Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Сяргей Якупаў, Юлія Слуцкая толькі сёння знайшліся. Яны цяпер на Акрэсціна. Больш падрабязнасцяў родным не паведамляюць.

Праваабаронцы прызналі Наталлю Хершэ палітзняволенай

Нагадаем, беларусцы, якая мае швейцарскае грамадзянства, 7 снежня прысудзілі 2,5 года зняволення за тое, што яна сарвала з амапаўца балаклаву на жаночым маршы 19 верасня.

Такім чынам, у Беларусі на гэты момант за кратамі застаюцца 160 палітвязняў.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

Ужо заўтра запланаваная імша ў Менску з удзелам Тадэвуша Кандрусевіча

Тадэвуш Кандрусевіч ужо заўтра можа правесці імшу ў менскім Архікатэдральным касцёле, які месціцца на плошчы Свабоды.

«Калі ўсё будзе добра, то заўтра, 24 снежня, святочныя Імшы ў менскай архікатэдры будзе цэлебраваць наш Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: а 19:00 на польскай мове і а 21:00 на беларускай мове. Я вельмі радуюся, што буду маліцца разам з Мітрапалітам. На наступны дзень, 25 снежня, ва ўрачыстасць Раства Хрыстовага, Мітрапаліт будзе служыць святыя Імшы ў Чырвоным касцёле аб 11:00 і 13:00», – напісаў на сваёй старонцы ў Facebook біскуп Юрый Касабуцкі.

Hавiны
Тадэвуш Кандрусевіч: Я са сваім народам, а народ са мной!
2020.10.21 20:17

 

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў