27-я гадавіна аварыі на ЧАЭС: У Менску прайшоў «Чарнобыльскі шлях»


Сёлетняя акцыя была санкцыянаваная ўладамі, аднак без затрыманняў не абыйшлося. Удзельнікі, якіх па розным ацэнкам было ад 400 да тысячы чалавек, прайшлі праз вуліцу Сурганава да плошчы Бангалор. Там была прынятая рэзалюцыя супраць будовы Астравецкай АЭС.



На “Белсаце” – онлайн рэпартаж з акцыі

21.40

Аксану Рудовіч і Ірыну Арахоўскую адпусцілі пасля таго, як прагледзелі іхнае відэа

21.19

Журналістак Нашай Нівы трымаюць у Савецкім РУУСе.

21.00

Вядомыя затрыманні: анархіст Ігар Трухановіч, журналісткі «Нашай Нівы» Аксана Рудовіч і Ірына Арахоўская, праваабаронца Вечаслаў Дашкевіч. Збітага Ігара Трухановіча зацягнулі ў аўтамабіль з нумарам ІК9430.

20.55

Мітынг скончыўся, шмат хто згортвае сімволіку, бо пайшла чутка, нібыта міліцыя будзе затрымліваць усіх са сцягамі ды друкаванаю прадукцыяй. Большасць разыходзіцца дадому, 50 асобаў маюць яшчэ пайсці ўскласці кветкі да чарнобыльскай капліцы.

20.44

Прысутныя хутка ўхвалілі рэзалюцыю і ўтварэнне экалагічнага камітэту імя Івана Нікішчанкі.

Тым часам затрымалі журналістак «Нашай Нівы» Ірыну Арахоўскую і Аксану Рудовіч – яны знялі відэа са збіццём Ігара Трухановіча.

{movie}Чарнобыльскі шлях-2013, прамое ўключэнне |right|10404{/movie}

20.41

Зачытваецца тэкст рэзалюцыі. Усе супраць будаўніцтва АЭС. На Бангалоры людзей значна меней – не больш за 500 чалавек.

20.38

З’явілася непацверджаная інфармацыя пра затрыманне некалькіх анархістаў, паведамляюць пра збіццё Ігара Трухановіча.

20.36

На пляцоўцы даволі вольна. Шмат хто абураецца і не хоча праходзіць гэткі пільны дагляд. Тым часам Рыгор Кастусёў абвесціў пра пачатак мітынгу.



20.26

Хоць шэсце ўжо прыйшло да парку Дружбы народаў, калі пачнецца мітынг – невядома. Міліцыянты абшукваюць літаральна кожнага і загадваюць адкрываць заплечнікі, таму ўсё цягнецца вельмі марудна. Да таго ж, як паведаміў «Белсату» Віталь Рымашэўскі, праваахоўнікі прапусцілі на Бангалор толькі адзін мегафон.

Тым часам, як паведамляе на твітэры BNPby, прынамсі адзін удзельнік шэсця быў затрыманы.

19.50

{movie}Віталь Рымашэўскі ў прамым уключэнні|right|10408{/movie}

Віталь Рымашэўскі таксама з большага задаволены хадою акцыі, аднак ён падкрэсліў, што затрыманне эколагаў, у тым ліку адной з арганізатараў акцыі Таццяны Новікавай ёсць “працягам палітыкі гвалту беларускіх уладаў”.

19.39

На чале калоны, побач з арганізатарамі ідзе АМАПавец Мікалай, у

яго на грудзі значак ліквідатара наступстваў аварыі на ЧАЭС. Як ён распавёў “Белсату”, у “Чарнобыльскім шляху” бярэ ўдзел штогод, апошнім часам, праўда, па працы. Адразу ж пасля аварыі ён дапамагаў высяляць людзей з забруджаных тэрыторыяў. Да адмены льготаў для ліквідатараў ставіцца адмоўна, аднак разам з гэтым будаўніцтва Астравецкай АЭС падтрымлівае – “Гэта адзіны шлях для энэргетычнай незалежнасці Беларусі”, – упэўнена заяўляе Мікалай.



19.33

Арганізатары абяцаюць прыняць рэзалюцыю супраць будовы Астравецкай АЭС і стварыць экалагічны камітэт імя Івана Нікішчанкі. Найбольш актыўныя традыцыйна анархісты, яны спяваюць “Вейся-вейся, черный флаг, государство – главный враг”. Астатнія ўдзельнікі акцыі час ад часу патрабуюць вызвалення палітвязняў і спяваюць песні гурта “Ляпіс Трубяцкі”.

19.29

Паводле Рыгора Кастусёва, нягледзячы на тое, што арганізатарам дазволілі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру, тыя вырашылі не рызыкаваць і ўзялі толькі мегафоны. Разам з тым улады дазволілі на ўскладанне кветак толькі 50 асобам.

19.13

{movie}Чарнобыльскі шлях-2013, прамое ўключэнне |right|10404{/movie}

Людзі скандуюць “Далоў Дыктатуру”, ды “Верым, можам пераможам!”. Машыны час ад часу сігналяць удзельнікам акцыі. Міліцыі і спецназу стала значна меней, аднак яны ўсцяж пільнуюць, каб удзельнікі не выходзілі на праезджую частку.



19.09

У шэсці бярэ ўдзел больш за тысячу чалавек. Зараз калона ідзе па вуліцы Сурганава – даволі вузка не больш за пяць чалавек можа адначасова змясціцца, таму калона ідзе вельмі марудна.

19.00

Шэсце пачалося. Удзельнікі ідуць толькі па ходніках, некалькі спецназаўцаў асцярожна скіроўваюць шэсце ад праезджай часткі.

18.56

Паводле інфармацыі Рыгора Кастусёва, эколагі Таццяна Новікава, Ірына Сухій і Вольга Каскевіч не затрыманыя, а толькі заблакаваныя ў дварах. На шэсце прыйшлі таксама анархісты з расцяжкай “АЭС – забаўка капітала”.



18.52

Пачалося фармаванне калоны. Людзі скандуюць “Жыве Беларусь!”



18.41

Аператары ў цывільным сур’ёзна ўзяліся за працу. На сённяшняй акцыі здымаюць не толькі ў натоўпе, але таксама з дахаў Акадэміі навук і кінатэатру «Кастрычнік».

18.36

Удзельнікаў ужо каля паўтысячы, узнялі сцягі «Гавары праўду», БХД, БНФ і «Еўрапейскай Беларусі». Прыйшлі таксама кіраўнікі апазіцыйных партыяў і ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС.



18.26

А вось і першыя затрыманні – на вуліцы Кузьмы Чорнага затрымалі эколагаў Таццяну Новікаву, Ірыну Сухій і Вольгу Каскевіч. Аўтазакі стаяць таксама на вуліцы Дарашэвіча і Петруся Броўкі. Бачна, што ўлады падрыхтаваліся да мерапрыемства – прыкацілі нават 6 міліцэйскіх аўтобусаў дзеля падтрымання праваахоўнікаў.

18.21

На пляцоўцы каля кінатэатру каля 300 асобаў. Людзі ўвесь час падыходзяць яшчэ. Арганізатары прынеслі чарнобыльскі звон і абраз Чарнобыльскай Маці Божай. Актывісты БХД збіраюць сродкі на лячэнне хворых на рак дзяцей. За ўсім гэтым назіраюць некалькі дзясяткаў амапаўцаў і відэааператараў невядомага тэлебачання ў цывільным. За кінатэатрам стаіць аўтазак.

Галоўнае патрабаванне сёлетняй акцыі – адмена будаўніцтва Астравецкай АЭС. Паводле арганізатараў шэсця, рашэнне наконт будовы станцыі прынялі без кансультацыяў з грамадствам, а само будаўніцтва вядзецца стаханаўскімі тэмпамі, што, хутчэй за ўсё, суправаджаецца парушэннямі будаўнічых нормаў.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў