Чым адрозніваецца «размова з народам» Пуціна ад звароту Лукашэнкі?


Адбылася «наўпроставая лінія» Уладзіміра Пуціна з грамадзянамі Расеі. Прэзідэнт адказваў на пытанні, дасланыя праз СМС, інтэрнэт і проста зададзеныя па тэлефоне і ў студыі, – цягам пяці гадзінаў. Ахвотных запытацца ў прэзідэнта пра штодзённае і глабальнае аказалася каля чатырох мільёнаў.

Для Беларусі такі інтэрактыў на найвышэйшым ўзроўні – з’ява незвычайная. Аляксандр Лукашэнка камунікуе з краінаю або ў форме пасланняў народу, або вельмі дазавана і выверана, падбадзёрваючы працоўныя калектывы падчас візітаў па краіне. Пры гэтым рэйтынг беларускага прэзідэнта вышэйшы, чымся ў ягонага расейскага калегі (паводле «Левада-цэнтру» – 31 %). Зрэшты, у абедзвюх краінах прэзідэнты – найпапулярнейшыя палітыкі.

Працягваючы параўнанне, падамо кароткі змест прамовы Уладзіміра Пуціна.

Пытанні да галавы Расеі былі «народныя», а таму і датычылі пераважна ўнутраных аспектаў, але стаўленне прэзідэнта да праблемаў вонкавай палітыкі таксама прасачыць можна. Самае балючае з іх – стасункі з Амерыкаю, якія пасля ўвядзення спісу Магніцкага даюць нагоду для асацыяцыяў з часамі халоднай вайны. Пуцін пагадзіўся, што пахаладанне сапраўды ёсць і пачалося яно яшчэ з вайны ў Іраку. Відаць, сітуацыя парадкам нервуе расейскага лідара: адказваючы на датычнае Амерыкі пытанне ён раптам збіўся на вулічную гаворку: «Какого рожна это (увод спісу Магніцкага – А. Р.) было сделано?!» Такі зашкал эмоцыяў звычайна больш характэрны для кіраўніка Беларусі, які часта ў сваіх выступах звяртаецца да прастамоўя і моцных слоўцаў. Але Пуцін не стаў маляваць Захад як ворага, адзначыўшы, што ёсць не толькі праблемы, але і актыўны гандаль, а таксама падтрыманне адміністрацыі ва ўступленні Расеі ў СГА.

Пуцін і суседзі

Што да добрасуседскіх адносінаў, то Лукашэнка апошні раз размаўляў пра Расею нашмат болей, чымся Пуцін – пра Беларусь. Нашая краіна асобна ўвогуле не згадвалася цягам гэтай «наўпроставай лініі». Можна палічыць гэта сведчаннем таго, што за Беларусь расейцы спакойныя – пытанняў няма.

А вось да Украіны ёсць: каментаваць яе імавернае далучэнне да Мытнага саюзу Пуціну давялося, але без эмоцыяў. Выбар за Кіевам, а ў Маскве ўжо падлічылі: за год Украіне гэта прынясе $ 9–10 млрд. Паралельна Пуцін засцярог ад разарвання стасункаў: «Для Украіны адмова ад сувязяў можа прывесці да дэіндустрыялізацыі цэлых рэгіёнаў». Пра выгады Расеі ды іншых, ужо дзейных чальцоў МС Пуцін не сказаў нічога.

«Пятая калона» ці апазіцыя?

Крылатаю з апошняга выступу Лукашэнкі стала фраза пра негатовасць Беларусі да «галубізны». Пуцін і тут аказаўся больш тактоўным і спаслаўся, відаць, маючы на ўвазе мусульманскія рэгіёны, на мультыкультурнасць краіны, якая не дазваляе прымаць законы, што пашыраюць правы ЛГБТ. Праўда, пазней мультыкультурнасці таксама «дасталася»: прыйшло пытанне пра жанчын у хіджабах у расейскіх школах. Адказваючы, прэзідэнт узгадаў, што іх забаранілі ў Францыі ды нават «у некаторых мусульманскіх краінах».

{movie}Пуцін пра Навальнага|right|10393{/movie}

Яшчэ адна тэма, вартая параўнання, – выказванні пра апазіцыю. «Языком усе могуць часаць, давайце, паспрабуйце зрабіць», – добра вядомы беларусам аргумент. Аднак тут ніякай «пятай калоны» і «ўсё ў межах закону». Крымінальныя справы як вынік пратэстаў на Балотнай плошчы напярэдадні інаўгурацыі Пуцін не лічыць чымсьці супрацьзаконным: маўляў, дэбашырылі, зрывалі пагоны з міліцыянтаў – мусяць быць пакараныя. Пра суд над Аляксеем Навальным прэзідэнт заўважыў, што «справы ў чалавека, які займаецца барацьбою з карупцыяй, мусяць быць дасканальна чыстымі». Паводле Пуціна, расейскім НДА ніхто не замінае працаваць, проста просяць абазначыцца тых, хто атрымлівае грошы з-за мяжы. Атрымліваць ніхто не забараняе, падкрэсліў ён.

Яшчэ з катэгорыі «не магло здарыцца ў нас» – спрэчка з былым міністрам фінансаў Аляксеем Кудрыным аб прычынах зніжэння тэмпаў росту эканомікі. І ў наўпроставым жа эфіры Пуцін тры разы ў адказ на крытыку пахваліў Кудрына, а той пацвердзіў, што не прымае прапановы вярнуцца ва ўрад: палітыка «паўрэформаў» яго не задавальняе.

У цэлым вытрываласць практычна не пакідала Пуціна ўсе пяць гадзінаў. Стандартныя пытанні пра рост коштаў, ЖКГ, карупцыю і заробкі ён прайшоў не міргнуўшы вокам і з акцэнтам на тое, што апошнія падвышаюцца нават болей, чымся дазваляе рост прадуктыўнасці працы. Бо сацыяльная палітыка – галоўнае! Гэта таксама знаёмы момант.

Адказваў Пуцін на народныя пытанні ўжо 11-ы раз, адлік пачаўся ў 2001-м.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў