Сябры БАЖ пайшлі да Ірыны Халіп


Сустрэцца з журналісткаю, што ўтрымліваецца пад хатнім арыштам, не атрымалася.

Сябры БАЖ змаглі перадаць словы салідарнасці сваёй калезе. Як распавёў “Белсату” журналіст газеты “Новы час” Генадзь Кеснер, да журналістаў выйшла маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая.

Яна і распавяла пра ўмовы, на якіх дачцэ змянілі меру стрымання. У хаце Халіп цяпер удзень і ўначы дзяжураць два супрацоўнікі КДБ, ежу яны прыносяць з сабою. Ірыне забаронена карыстацца тэлефонам ды інтэрнэтам, набліжацца да вокнаў і ўваходных дзвярэй.

Люцына Бяльзацкая таксама паведаміла, што трохгадовы Данік быў вельмі ўзрадаваны з’яўленнем маці, але ўвесь час пытаўся, чаму няма таты. Малому сказалі, што ў таты шмат працы, таму ён не змог прыехаць. На пытанне, а што гэта за дзядзькі і што яны робяць у хаце, Ірына адказала сыну, што яны будуць яго ахоўваць.

Бацьку Ірыны Уладзіміра раздражняе пастаянная прысутнасць аховы, таму ён пераехаў жыць на іншую кватэру. Ён прыходзіць наведваць дачку і ўнука, у кватэры разам з Ірынаю жыве маці. Астатнім сваякам наведваць кватэру забаронена.

Генадзь Кеснер распавёў, што праз Люцыну Бяльзацкую яны перадалі Ірыне кветкі ды балонікі з надпісам “Віншуем”.

Ірына Халіп – вядомая беларуская журналістка, карэспандэнтка расейскай “Новой газеты”, жонка кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава. Яе затрымалі разам з мужам пасля акцыі 19 снежня і змясцілі ў СІЗА КДБ. Ірына Халіп праходзіць у якасці абвінавачанай па крымінальнай справе аб масавых закалотах. 29 студзеня журналістцы змянілі меру стрымання на хатні арышт.

belsat.eu

Стужка навінаў