Ліквідатар аварыі на ЧАЭС: Хай прэзідэнт пабудуе сабе рэзідэнцыю ў чарнобыльскай зоне


Жыхар Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч браў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Малады сяржант міліцыі, ён тады ахоўваў зону ад марадзёраў. У інтэрв’ю “Белсату” спадар Халадовіч распавёў пра тыя падзеі і пра будні ліквідатара цяпер.



– Станіслаў, калі вы ўпершыню даведаліся пра аварыю на ЧАЭС?

– Я літаральна на другі дзень даведаўся пра тое, што здарылася, з замежных радыёстанцыяў: у прыватнасці, паведамленняў радыё “Свабоды”, “Голасу Амерыкі”. Яны адразу ж перадалі інфармацыю пра здарэнне. Людзі ў нас пра гэта не ведалі. Выбух быў 26 красавіка 1986 года, а 1 траўня людзі пайшлі святкаваць Дзень працоўнай салідарнасці. На вуліцы выходзілі, бо звычайна ж улады ў гэтае свята ладзілі маніфестацыі… Людзі не ведалі пра гэтую катастрофу, ды я і сам тады яшчэ не ўспрымаў маштабаў яе… Ведаў, што адбылася жахлівая трагедыя, узарваўся рэактар, але на той час уяўлялася, што гэта недзе далёка, і нам нічога тут не пагражае. Толькі шмат пазней прыйшло разуменне, што гэта не ўсё гэтак проста…



– А калі вас накіравалі на ліквідацыю наступстваў катастрофы?

– Гэта было ўжо праз тры гады – у красавіку 1989 года. Нас накіравалі на змену гарадзенскім калегам, і прабылі мы

Станіслаў Халадовіч пасля адбыцця чарнобыльскага камандзіравання працягнуў працаваць у міліцыі. Даслужыўся да начальніка івацэвіцкага ізалятару часовага ўтрымання. Але яго звольнілі, не даўшы дапрацаваць да пенсіі. Шмат хто кажа, што віною гэтаму – ягоныя грамадска-палітычныя погляды і прынцыповасць. Цяпер працуе рабочым Івацэвіцкага водаканалу. Халадовіч браў удзел у шмат якіх апазіцыйных акцыях, перадусім у “Чарнобыльскіх шляхах”. На іронію лёсу, 19 снежня 2010 года былы начальнік ізалятару сам адседзеў 15 содняў у ізалятары на Акрэсціна. Пасля гэтага начальства ў дзень апазіцыйных акцыяў стараецца памяняць яму графік, “каб ён не паехаў у Менск пратэставаць”.

там два месяцы, да чэрвеня 1989-га. Я быў сяржантам міліцыі, і ў людзей у пагонах ніхто не пытаўся ў той час, хочам мы туды ехаць ці не. Шчыра кажучы, не ўсе міліцыянты ездзілі. Бо ёсць жа людзі, бліжэйшыя да кіраўніцтва, або, як кажуць, выкрутлівыя, якім удалося пазбегнуць накіравання ў чарнобыльскую зону. А так, у нас ніхто не пытаўся…

Задача працаўнікоў міліцыі была ахоўваць зону адсялення ад марадзёраў. Бо на той час проста жахліва спрабавалі вывозіць адтуль усялякую маёмасць. Нават слоікі трохлітровыя з закаткамі цягнулі кудысьці на продаж. Грошы на гэтым рабілі некаторыя, прадаючы тую атруту…

Наш заезд быў 120 чалавек. Мяне паставілі кіроўцам аўтобуса, бо я меў такую катэгорыю ў пасведчанні. Вось на аўтобусе я за 2 месяцы пабываў у розных месцах і 30-кіламетровай, і 10-кіламетровай зоны. Што мяне здзівіла ў дзесяцікіламетровай зоне, дык што вольха там плямамі была пасохлая. І там сам адчуваеш, як фаніць моцна: пачынае пяршыць у горле, моцна сушыць у роце, увесь час піць хочацца.

Адразу па прыездзе нам прымацавалі на адзежу нейкія накапляльнікі, мусіць, – нейкія скрыначкі пластыкавыя. Яны ў нас на гузіках віселі. А калі з’язджалі, то з нас іх паздымалі. Гэта мы былі, напэўна, як паддоследныя мышы: глядзелі, колькі мы там гэтых “радзікаў” за два месяцы налавілі… (смяецца)

– А ці ладзілі з вамі інструктажы, як засцерагчыся там?

– Не, нам ніхто нічога не тлумачыў, як берагчы сябе. Ніхто нам ніякага ні ёду не даваў… Я то ўжо сам разумеў, як прыехаў: я ніколі мясцовых харчоў не ўжываў. Рэч у тым, што там вельмі рыбныя мясціны, то хлопцы і лавілі тую рыбу, а то і качку якую дзікую стрэляць. Каб грошы не выдаткоўваць, некаторыя стараліся на гэтым эканоміць. А я толькі кансерваваныя, завезеныя харчы ў краме набываў, і ўсім гэта раіў… Я стараўся там ў лазню хадзіць ледзь не штодня, бо ведаў, што мыцца трэба там часта.

А з тых, хто тамтэйшым харчаваўся, колькі ўжо памерла хлопцаў. Некаторыя нават да пенсіі. Адзін малады, памятаю, памёр, вярнуўшыся адтуль. А ў пазамінулым месяцы таксама дваіх пахавалі – аднаго ў Целяханах, другога ў Івацэвічах. Гэтыя афіцэры былі ў Чарнобылі… Крыўдна тое, што цяпер медыцына гэта не звязвае. А насамрэч, калі тут унікнуць у гэтую справу…

– Прафесар Юрый Бандажэўскі спрабаваў гэта звязваць.

– Так, я ведаю пра гэта, што Бандажэўскі працаваў не супраць народу, а для народу. За сваю прынцыповую пазіцыю ён і пацярпеў. Тэрмін атрымаў: сфабрыкавалі справу супраць яго і пасадзілі… Ён хацеў расплюшчыць людзям вочы ды папярэджваў людзей. Бо цяпер жа і назіраецца тое, пра што ён казаў: павелічэнне анкалагічных захворванняў. Вось і щ бацькі, і ў маці маіх была анкалогія. То гэта ж не так сабе.

– Якія ільготы вы атрымалі пасля щдзелу ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на атамнай станцыі?

– У час працы ў зоне нам плацілі падвойны заробак, плюс камандзіравальныя. Пасля вяртання начальнік абласнога щпраўлення ўнутраных справаў адзначыў мяне ганароваю граматаю, да якой было яшчэ 40 рублёў прэміі, і знакам ліквідатара аварыі. А пасведчанне ліквідатара не давала асаблівых ільготаў. Рэч у тым, што я не быў у першай хвалі ліквідатараў, якія мелі большыя ільготы. А для нас, хто быў ужо ў 1989 годзе, дзеяў артыкул 20 адпаведнага закону. Паводле яго нам, наколькі памятаю, можна было толькі зубы бясплатна ўставіць і па-за чаргою надзел зямлі атрымаць. Я, у прынцыпе, ніякімі ільготамі і не скарыстаўся, а цяпер, як вядома, гэта ўсё адмянілі…

– А як вы ставіцеся да адмены ільготаў ліквідатарам аварыі?

– Вядома, адмоўна… Але і не ў гэтым праблема. Я не разумею нашага кіраўніка, які ў севазварот уводзіць ужо плошчы ў чарнобыльскай зоне, як быццам у нас зямлі не стае! Атрымліваецца, што наўмысна людзей труціць пачынаюць… Улады труцяць людзей… Калі прэзідэнт лічыць, што там усё ўжо нармальна, то хай бы ён сабе рэзідэнцыю пабудаваў у чарнобыльскай зоне, а не ў Драздах.

Гутарыў Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў