Барыс Нямцоў: Лукашэнка і Пуцін страшэнна падобныя і ненавідзяць адзін аднаго


Расейскі апазіцыйны палітык мяркуе, што афіцыйная Масква «ідзе шляхам Лукашэнкі», аднак пры гэтым Беларусь мае больш шанцаў стаць свабоднаю краінаю.

Лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і Рэспубліканскай партыі Расеі «Партыі народнай свабоды» (РПР-Парнас) Барыс Нямцоў заявілі пра мэты сваіх партыяў – вярнуць краіны да дэмакратычнага развіцця. Заява зрабілі 24 красавіка ў Менску на прэс-канферэнцыі па выніках падпісання супольнага дакументу аб супрацы дзвюх партыяў.

Паводле Нямцова, «сёння пуцінская Расея сямімільнымі крокамі ідзе шляхам Лукашэнкі».

У той жа час, лічыць ён, у Беларусі значна больш шанцаў хутчэй стаць свабоднаю краінаю. «Калі вы станеце свабоднаю краінаю, Расея таксама будзе мець гэткі шанец. У вас больш шанцаў стаць дэмакратычнымі, бо ў Расеі ёсць імперскі комплекс, бо вы – у сярэдзіне Еўропы і ў вас няма каўказскага фактару», – зазначыў расейскі палітык.

Нямцоў таксама заявіў, што Лукашэнка і Пуцін «страшэнна падобныя, хоць і ненавідзяць адзін аднаго». «Яны падобныя ў фальсіфікацыях, бо і адзін, і другі абалваньваюць свой народ», – сказаў палітык.

Барыс Нямцоў прыехаў у Менск увечары 23 красавіка. Сёння ў другой палове дня ў офісе Партыі БНФ запланаваная яго сустрэча з беларускаю грамадскасцю, на якой будзе абмяркоўвацца тэма беларуска-расейскіх адносінаў.

МЛ / Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Стужка навінаў