Сірыя: урадавыя войскі выкарысталі хімічную зброю? Гэтак сцвярджае Ізраіль


Паводле ізраільскіх адмыслоўцаў, лаяльныя да прэзідэнта Башара аль-Асада войскі ўжылі нервова-паралітычны газ.

Брыгадны генерал Ітай Брун (Itai Brun) на адмысловай канферэнцыі паказаў фотаздымкі меркаваных ахвяраў газу. Пена на вуснах забітых і зменшаныя зрэнкі сведчаць на карысць ізраільскай версіі. “Наколькі могуць сцвярджаць нашыя адмыслоўцы, рэжым ужыў летальную хімічную зброю супраць паўстанцаў некалькі разоў цягам апошніх месяцаў, улічваючы інцыдэнт 19 сакавіка. Памер зрэнак, пена на вуснах ды іншыя прыкметы сведчаць пра тое, што хутчэй за ўсё была выкарыстаная хімічная зброя. Якога тыпу? Хутчэй за ўсё газ зарын і таксама несмяротныя газы, аднак фота якраз з выпадку з зарынам”, – заявіў вайсковец.

{movie}Ізраіль вінаваціць Сірыю ва ўжыванні хімзброі|right|10340{/movie}

У Сірыі ўсе прызнаюць факт ужывання хімічнай зброі, аднак і паўстанцы, і лаялісты вінавацяць адзін аднаго. Вядома, што ў выніку сённяшняй атакі пацярпелі перадусім мірныя грамадзяне: 16 забітых і 86 параненых.

Раней прэзідэнт ЗША Барак Оўбама заявіў, што ў выпадку выкарыстання хімічнай зброі, ЗША накладуць на Дамаск дадатковыя санкцыі, аднак што гэта будуць за абмежаванні, не ўдакладнялася.

У сваю чаргу Ізраіль занепакоены сітуацыяй, бо з-за хаосу ў краіне хімічная зброя можа трапіць у рукі тэрарыстаў з “Хізбулы”. Генерал Ітай Брун заявіў, што ізраільскае войска прапрацоўвае некалькі варыянтаў рэагавання і не выключае магчымасці бамбавання вайсковых канвояў урадавых войскаў.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў